Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне перасьледуюць за сэпаратызм паплечніка Януковіча


Аляксандар Яфрэмаў, архіўнае фота
Аляксандар Яфрэмаў, архіўнае фота

Пячэрскі раённы суд Кіева задаволіў пазоў Генэральнай пракуратуры Ўкраіны аб арышце Аляксандра Яфрэмава — былога народнага дэпутата Ўкраіны, аднаго з кіраўнікоў Партыі рэгіёнаў і лідэра аднайменнай фракцыі ў парлямэнце часоў Віктара Януковіча.

Калі будзе патрэбна сьледзтву, арышт будзе кожныя два месяцы падаўжацца, аж пакуль справу не перададуць на разгляд па сутнасьці ў суд.

Пасьля арышту на волю і зноў пад арышт

Аляксандар Яфрэмаў у судзе ў Кіеве
Аляксандар Яфрэмаў у судзе ў Кіеве

Справа Аляксандра Яфрэмава апынулася ў полі зроку пракурораў адразу пасьля Майдану. На пачатку 2015 году яго затрымалі першы раз паводле падазрэньня ў завалоданьні дзяржаўнымі грашовымі сродкамі і арганізацыі галасаваньня ў парлямэнце ў студзені 2014 году за дыктатарскія законы, якія ўрэшце і прывялі да вялікай акцыі пратэсту ў Кіеве.

Праўда, тады сьледчым не хапіла доказаў, каб давесьці справу да суду — экс-дэпутат унёс заклад, і яго вызвалілі пад хатні арышт з нашэньнем электроннага бранзалета, а зь цягам часу справу наагул закрылі.

Народны дэпутат Украіны, колішні журналіст Мустафа Наем, які фактычна першым пачаў абнародаваць фінансавыя дакумэнты Партыі рэгіёнаў пасьля Майдану, мяркуе, што гэтыя акалічнасьці павінны стаць асобнай тэмай расьсьледаваньня:

«Чаму супраць тых, хто адпускае гэтых людзей, не заводзяцца справы? Чаму гэтыя сьледчыя робяць выгляд, што так можна? Чаму ў нас адпусьцілі Клюева? Ведаеце, як адбываецца — на працягу двух гадоў у нас адпускалі гэтых людзей, а цяпер мы іх арыштоўваем і робім выгляд, што нічога ня здарылася».

Дык што зьмянілася цяпер і ці ёсьць у пракуратуры Ўкраіны бясспрэчныя доказы замаху Яфрэмава на тэрытарыяльную цэласнасьць дзяржавы і садзейнічаньне стварэньню тэрарыстычнай арганізацыі «ЛНР», у чым яго абвінавацілі?

Справа жыцьця

Аляксандар Яфрэмаў у студыі Радыё Свабода, 2010 год
Аляксандар Яфрэмаў у студыі Радыё Свабода, 2010 год

Аляксандар Яфрэмаў — карэнны жыхар Луганску, які савецкая ўлада перайменавала ў Варашылаўград. У савецкі час узначальваў гарадзкі камітэт камсамолу, а ад развалу СССР вярнуўся да працы паводле спэцыяльнасьці — ён выпускнік Варашылаўградзкага машынабудаўнічага інстытуту.

У часы прэзыдэнцтва Леаніда Кучмы Яфрэмаў працаваў кіраўніком Луганскай вобласьці. Менавіта пры ягоным садзейнічаньні Луганская абласная рада ў часе Памаранчавай рэвалюцыі большасьцю галасоў ухваліла пастанову аб стварэньні Аўтаномнай Паўднёва-Ўсходняй Украінскай Рэспублікі, і тады ж упершыню луганскія дэпутаты зьвярнуліся да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна па падтрымку.

Хваля сэпаратызму тады пракацілася па ўсім усходнім рэгіёне Ўкраіны і завяршылася правядзеньнем гэтак званага Ўсеўкраінскага зьезду дэпутатаў усіх узроўняў у Севераданецку. Але рашэньне зьезду правесьці ў Луганскай і Данецкай абласьцях рэфэрэндум аб атрыманьні статусу самастойных рэспублік у складзе ўкраінскай фэдэрацыі тады так і не рэалізавалі — ці то не хапіла рашучасьці, ці то мясцовыя алігархі вырашылі пайсьці на кампраміс з новымі ўладамі. Тады найбольш актыўныя ўдзельнікі зьезду — Яўген Кушнароў і Барыс Калесьнікаў — трапілі пад крымінальны перасьлед паводле абвінавачваньня ў «сэпаратызьме» і «спробе гвалтоўнага зьмяненьня межаў Украіны». Аднак неўзабаве ўсе справы былі закрытыя за адсутнасьцю складу злачынства, пакінуўшы па сабе толькі палітычны рэзананс.

У 2007 годзе галоўнага ідэоляга фэдэралізацыі Яўгена Кушнарова застрэлілі на паляваньні, і Аляксандар Яфрэмаў атрымаў магчымасьць выйсьці з другога на першы плян — ён зьмяніў Кушнарова ў статусе асноўнага партыйнага сьпікера.

Новы твар Партыі рэгіёнаў не адзначаўся аратарскім майстэрствам — Аляксандар Яфрэмаў ніколі не даваў вычарпальных ды канкрэтных адказаў на пытаньні журналістаў. Толькі аднойчы, ужо пасьля ўцёкаў Віктара Януковіча, ён даволі рэзка выказаўся на адрас свайго былога кіраўніка, назваўшы дзеяньні былога прэзыдэнта злачыннымі і здрадніцкімі.

Пасьля Майдану, на пазачарговых выбарах, Аляксандар Яфрэмаў ня трапіў у парлямэнт. Сваю дзейнасьць ён сканцэнтраваў збольшага на Луганску — палітыкі і блізкія да яго крыніцы сьцьвярджалі, што ён курыраваў у рэгіёне несанкцыянаваную здабычу вугалю, экспарт здабытага ў Расею і фінансаваньне ўзброеных фармаваньняў гэтак званай «Луганскай народнай рэспублікі».

Як высьветлілася пазьней (якраз у дзень ягонага затрыманьня ў кіеўскім аэрапорце «Барыспаль»), Аляксандар Яфрэмаў гэтага і не хаваў. Прынамсі, у інфармацыйнай прасторы «ЛНР».

«Я фінансую сэпаратыстаў. Я пра гэта кажу, і кажу адкрыта. Але сказаць, што мяне пачулі — я не скажу», — сказаў Аляксандар Яфрэмаў у інтэрвію тэлебачаньню «ЛНР».

Асаблівасьці новага расьсьледаваньня

Гэтым разам Генэральная пракуратура Ўкраіны абвінавачвае Аляксандра Яфрэмава ў замаху на тэрытарыяльную цэласнасьць краіны, што прывяло да гібелі людзей, і ў садзейнічаньні стварэньню тэрарыстычнай арганізацыі «ЛНР». Паводле ўкраінскага заканадаўства гэтае злачынства караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 7 да 20 гадоў. Цяпер галоўнае — прадставіць суду бясспрэчныя доказы.

Пракуратура разьлічвае, што экс-дэпутат пагодзіцца на супрацоўніцтва са сьледзтвам.

«Калі грамадзянін Яфрэмаў дасьць паказаньні пра вядомыя яму пляны кіраўніцтва Расеі на самым пачатку разьвязваньня агрэсіі супраць Украіны, пра тых, хто першым завозіў расейскіх баевікоў на тэрыторыю Луганску для захопу памяшканьня СБУ, а затым абласной адміністрацыі, пра тое, хто фінансаваў... Думаю, што сьледзтва ўлічыць яго паказаньні», — сказаў генэральны пракурор Юры Луцэнка.

У той жа час супрацоўніцтва са сьледзтвам і паказаньні супраць Расеі — вельмі складанае пытаньне для Яфрэмава, хоць бы таму, што гэта можа нашкодзіць бізнэсу ягонага сына Ігара, які цяпер жыве ў аўстрыйскай сталіцы Вене. Паводле вядомага “панамскага архіву”, ягоная вугальная кампанія Darcel Trading Limited мае на постсавецкай прасторы два офісы: адзін у Луганску, а другі ў Маскве.

Пэрспэктывы справы

Палітычны істэблішмэнт Украіны пазытыўна ставіцца да затрыманьня Аляксандра Яфрэмава. Але ўсе чакаюць вынікаў судовага працэсу.

Аляксандар Яфрэмаў
Аляксандар Яфрэмаў

«Я хачу пабачыць вынік. А ці пойдзе Яфрэмаў на супрацоўніцтва са сьледзтвам — я не магу сказаць. Гэта вельмі хітры чалавек. Апроч таго, звычайна такія людзі спадзяюцца на тое, што ўлада ў краіне зьменіцца, будуць пазачарговыя выбары, і ім не давядзецца адказваць за свае дзеяньні, што ўжо неаднойчы было ў нашай гісторыі. Справа ў тым, што суд можа зацягнуцца на гады, дастаткова ўзгадаць, як суд па Кернэсу (мэр Харкава. — РС) ужо ідзе больш за год», — сказаў народны дэпутат Украіны Антон Герашчанка.

Паводле экспэртаў, затрыманьне Яфрэмава стала магчымым дзякуючы сьведчаньням яшчэ аднаго былога дэпутата Партыі рэгіёнаў — Уладзіміра Ландыка. Ён таксама з Луганску, меў там да вайны вялікі бізнэс. У 2011 годзе менавіта паводле ягонай заявы была адкрытая крымінальная справа супраць украінскага інтэрнэт-выданьня «Левы бераг» і журналісткі Соні Кошкінай, якія адсочвалі справу супраць Ландыкавага сына Рамана па факце зьбіцьця дзяўчыны ў луганскім рэстаране.

У эфіры аднаго з украінскіх тэлеканалаў Уладзімір Ландык сказаў:

«Самае бясьпечнае месца для Яфрэмава — гэта турма. Ён ня проста замахваўся на тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, ён на яе паквапіўся, ён зрабіў гэта сваімі рукамі, са сваімі паслугачамі. Першыя расейцы, якія захоплівалі 3 і 9 сакавіка будынак нашай дзяржаўнай адміністрацыі (Луганскай. — РС), былі прывезеныя па яго камандзе і пад кіраўніцтвам старшыні абласной рады Галенкі. Аўтобусы ён праплачваў, іх везьлі з Чырвонай Талаўкі і Мелавога. Іх было 100–150 чалавек. Яны ж былі прывезеныя на захоп СБУ. Гэта ўсё ягоная праца».​

Паводле інфармацыі СМІ, кіруючыя пасады на акупаванай зараз тэрыторыі «ЛНР» займаюць прадстаўнікі луганскай каманды Яфрэмава. Так званага лідэра «ЛНР» Ігара Платніцкага называюць адным з самых блізкіх паплечнікаў экс-кіраўніка фракцыі Партыі рэгіёнаў. Да пачатку баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны Яфрэмаў, па інфармацыі сьледзтва, на сустрэчы ў Луганску абмяркоўваў з прадстаўнікамі прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна дэталі будучай ваеннай апэрацыі ў Данбасе.

Раман Давыдзенка
Раман Давыдзенка

Палітычны экспэрт Раман Давыдэнка мяркуе, што арышт і судовы працэс над Яфрэмавым — вялікі выклік для праваахоўнай сыстэмы Ўкраіны.

«Цяпер ёсьць заявы Ландыка, заявы самога Яфрэмава. Я, праўда, пакуль не разумею — гэта такое зьвядзеньне рахункаў ці Ландык сапраўды хоча дапамагчы сьледзтву, бо мы ж памятаем гісторыю зь ягоным сынам, які быў апраўданы. Але ўсё ж той факт, што Ландык пачаў гаварыць — гэта штуршок да іншых спраў», — перакананы ён.

«Грамадзтва бачыла, што Яфрэмаў быў найбольш важнай асобай у Луганскай вобласьці і ў Луганску ў часе яго захопу. Больш за тое, гаворка ідзе пра магчымае фінансаваньне людзей, якія захоплівалі памяшканьне СБУ ў Луганску. Таму я мяркую, што яго затрыманьне — пазытыўны сыгнал. Цяпер пытаньне — якія ёсьць доказы, каб давесьці гэтую справу да суду», — рэзюмаваў народны дэпутат Украіны Віктар Чумак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG