Тэлеканал «Беларусь 1» у праграме навінаў 26 ліпеня паведаміў пра затрыманьне сёньня раніцай у менскім аэрапорце «патэнцыйнага байца ІДзІЛ», які спрабаваў вылецець у Стамбул.
У рэпартажы БТ паведамляецца, што 27-гадовага масквіча Рамана затрымалі супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС.
Пра тое, што з Нацыянальнага аэрапорта «Менск» у Турэччыну павінен вылецець баявік, беларускім апэратыўнікам паведамілі расейскія калегі. Як высьветлілася, раней завэрбаваны жыхар Масквы прайшоў спэцнавучаньне ў лягеры для падрыхтоўкі чальцоў «Ісламскай дзяржавы».
У інтэрвію Агенцтву тэлевізійных навінаў БТ апэратыўны супрацоўнік ГУБАЗіК МУС Беларусі заявіў:
«Гэта ня першы ўжо падобны выпадак, проста ў іх узнікаюць праблемы пры вылеце з Расейскай Фэдэрацыі, і яны прыяжджаюць на тэрыторыю Беларусі, каб вылецець зь Менску ў Стамбул дзеля далейшай перапраўкі на тэрыторыю Сырыі».
У дачыненьні да затрыманага праводзіцца праверка. З Расеі ўжо паступіла інфармацыя, якая пацьвярджае, што падазраваны мае дачыненьне да ІДзІЛ.