Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Эўропе будзе не да Беларусі» — аналітыкі пра наступствы тэракту


Наступствы чарговага тэракту ў Францыі для сьвету і Беларусі абмяркоўваюць Валер Карбалевіч, Уладзімер Глод.

Карбалевіч: Толькі што завяршыўся чэмпіянат Эўропы па футболе, які праходзіў у Францыі. У Ніцы прайшлі чатыры матчы. І калі цягам Эўра-2016 тэрактаў удалося пазьбегнуць, то падчас нацыянальнага сьвята, на Дзень узяцьця Бастыліі 14 ліпеня, ён здарыўся.

У Ніцы на Ангельскай набярэжнай каля 22:30 грузавік заехаў у натоўп людзей і праехаў блізу 2 кілямэтраў. Кіроўцу паліцыя застрэліла. Ім аказаўся 31-гадовы мясцовы жыхар туніскага паходжаньня. Гледзячы па ўсім, гэта тэрарыст-адзіночка, сьмяротнік. У грузавіку знайшлі боепрыпасы. Колькасьць загінулых вырасла да 84 чалавек, больш за 100 параненых. Ніякая арганізацыя не ўзяла на сябе адказнасьць за тэракт. Прэзыдэнт Францыі яшчэ на тры месяцы працягнуў рэжым надзвычайнага становішча.

Тэракт адбыўся ў Дзень Незалежнасьці Францыі — галоўнае сьвята краіны. Што сымбалічна. Гэта як бы замах на саму дзяржаўнасьць краіны. Нагадаю, што ў 2008-м выбух здарыўся на Дзень Незалежнасьці Беларусі.

Найперш, узьнікаюць пытаньні наконт працы службаў, якія адказваюць за бясьпеку. Як грузавы аўтамабіль мог заехаць на набярэжную, на якой сабралася мноства людзей? Чаму не было ачапленьня? Як аўто бесьперашкодна праехала 2 кілямэтры літаральна па людзях, дзе была паліцыя? З улікам тэрарыстычнай небясьпекі ў месцах, дзе зьбіраецца вялікая колькасьць народу, павінны быць падвышаныя меры бясьпекі. Гледзячы па ўсім, іх не было.

Што тычыцца Беларусі, то ўвага Эўропы да ўнутраных праблемаў тут, да сытуацыі з правамі чалавека, зьменшыцца.

Калі здарыўся першы тэракт у рэдакцыі часопіса «Шарлі» — то ў самой Францыі, у Эўропе, у сьвеце быў шок. Потым быў патройны тэракт у розных пунктах Парыжу. Яшчэ быў выбух у Брусэлі. І вось зноў. Ствараецца ўражаньне, як гэта ні страшна казаць, што краіна і грамадзтва проста адаптавалася да тэрактаў. Яны становіцца звычайнай зьявай, зь якой даводзіцца жыць. Менавіта гэтым я тлумачу такую бесклапотнасьць.

Якія наступствы могуць здарыцца? Будзе праводзіцца больш жорсткая палітыка адносна мігрантаў. Зноў пад пытаньнем апынецца існаваньне Шэнгенскай зоны ў ранейшым выглядзе. Можна прагназаваць рост папулярнасьці правых партыяў, якія акумулююць антымігранцкія настроі — ня толькі ў Францыі, але і па ўсёй Эўропе.

У замежнай палітыцы можна чакаць больш рашучых дзеяньняў Францыі супраць Ісламскай дзяржавы, узмацненьня настрояў на прымірэньне з Расеяй. Што тычыцца Беларусі, то ўвага Эўропы да ўнутраных праблемаў тут, да сытуацыі з правамі чалавека, зьменшыцца.

Глод: Валер Карбалевіч пералічыў, мабыць, усе магчымыя наступствы тэракту. Але ніяк не абмінуць таго, што ўчорашнія падзеі пацьвердзілі — Эўропа апошнім часам сутыкнулася з маштабным тэрарызмам. Калі раней лічылася, што тэрарызм абмяжоўваецца Блізкім Усходам, то цяпер становіцца ясна: вайна з тэрарызмам далёка перарасла гэтыя межы. І прыйшоў час пачынаць супраць экстрэмісцкіх арганізацыяў сапраўдную вайну. Гэта, мне падаецца, неабходна таму, што цяпер ужо няма сумневу: мэта гэтага тэрору — разваліць заходні сьвет, навязаць яму свае погляды, свой спэцыфічны лад жыцьця, свае рэлігійныя паняцьці.

І тут можна было б як найхутчэй пераймаць досьвед спэцслужбаў Ізраіля. Там ужо даўно ўсьвядомілі, што яны на вайне. І таму, падтрымліваючы эўрапейскія ідэалы, спэцслужбы займаюцца сваімі справамі амаль без абмежаваньняў. А ў Брусэлі, пакуль там ня здарыліся выбухі і забойствы, эўрапейскія ўлады не жадалі верыць у надзвычайнасьць таго, што адбываецца. І добра будзе, калі захады рэагаваньня на выклікі тэрарызму выпрацуюць эўрапейскія спэцыялісты, а не эўрапейская бюракратыя. Бо вайна — гэта ня справа чыноўнікаў, а справа спэцыялістаў. І тады на кантынэнце зьявяцца эфэктыўныя структуры з надзвычайнымі паўнамоцтвамі.

Я падзяляю думку генэрал-лейтэнанта міліцыі ў запасе Мечыслава Грыба. Ён мяркуе, што Беларусь таксама можа стаць аб’ектам атак тэрарыстаў-фанатыкаў.

Аднак тут ня ўсё так проста, бо барацьба з тэрарызмам — гэта заўсёды і палітычнае пытаньне. Спэцслужбы і паліцыя просяць больш паўнамоцтваў і большага фінансаваньня. А для палітыкаў гэта заўсёды дыскусія, бо пайсьці насустрач спэцслужбам азначае ўшчамленьне свабоды грамадзянаў. А ў Эўразьвязе, як мы ведаем, свабоднае перамяшчэньне, людзі прывыклі жыць свабодна.

Ну, а цяпер пра магчымы ўплыў тэрактаў на Беларусь. Тут я падзяляю думку генэрал-лейтэнанта міліцыі ў запасе Мечыслава Грыба. Ён мяркуе, што Беларусь таксама можа стаць аб’ектам атак тэрарыстаў-фанатыкаў.

Чаму? Па-першае, барацьба паміж ІДзІЛ і хрысьціянскім сьветам ператвараецца ў абмен узаемнымі ўсё больш магутнымі ўдарамі, хвалі ад якіх будуць усё большымі. Па-другое, межы не замуруеш, як бы ні хацелася. Тэрыторыя нашай краіны ўсё ж немалая, усё закрыць немагчыма, межы ёсьць як па зямлі, так і паветраныя, водныя. Нейкія дзірачкі, празь якія пры жаданьні можна пратачыцца, усё роўна застануцца. Таму, па вялікім рахунку, мы ўсе можам стаць аб’ектамі атакі. Стопрацэнтавай гарантыі, што такога не адбудзецца, няма.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG