Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На кірмашы местачковыя пэнсіянэры беспардонна парушаюць прэзыдэнцкі ўказ: ладзяць несанкцыянаваныя пікеты і нават невялікія мітынгі...»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Зь якіх крыніцаў жыхары беларускай вёскі атрымліваюць інфармацыю пра падзеі ў сваёй мясцовасьці? Мясцовыя мэдыі ў рэгіёнах нібыта існуюць — гэта найперш раённыя газэты і рэгіянальнае радыё. Але ці давяраюць ім людзі?

Зь ліста на гэтую тэму пачну сёньняшнюю размову. Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў, разважаючы пра спосабы здабыцьця зьвестак пра мясцовае жыцьцё, піша:

«Калі пра падзеі ў краіне яшчэ можна пачытаць ці паслухаць, напрыклад, на радыё Свабода, то дзе можна знайсьці цікавую інфармацыю ў нашым, мясцовым маштабе? Можа, у раённай газэце „Патрыёт“? Гэта проста сьмешна. І таму па цікавыя навіны даводзіцца ісьці — куды б вы думалі? Ну канечне ж, на наш местачковы кірмаш!

Я таксама туды хаджу, звычайна ў чацьвер і пятніцу. Там часта можна заўважыць купкі такіх самых пэнсіянэраў, як я. Яны беспардонна парушаюць прэзыдэнцкі ўказ „больш за трое не зьбірацца“ і бесцырымонна ладзяць несанкцыянаваныя пікеты і нават невялікія мітынгі. Міліцыянты, якія таксама час ад часу наведваюць базар, робяць выгляд, што нічога не заўважаюць. Што ж, давайце скарыстаемся гэтым і далучымся да адной з такіх купак: паслухаем, пра што гамоняць пэнсіянэры.

...Кажуць, што ў Кублічы прыехалі ўцекачы з Украіны, ці то з Данецку, ці то з Луганску. Пажылі мо крыху болей як месяц — і далі лататы. Казалі: „У нас хоць і вайна, але жыць куды лягчэй, чым у вашай Беларусі. Дзе ні былі, але такой галечы нідзе ня бачылі!“

(Заўвага: Кублічы — вялікая вёска на радзіме Васіля Быкава, за 3 км ад Бычкоў. Да распаду СССР — цэнтар вялікага і заможнага саўгасу „Кублічы“)

Ці яшчэ адна чутка з кірмашу: кажуць, што ў Вушацкім аддзеле міліцыі служыць ажно 66 міліцыянтаў (у 1970-м годзе іх было 12, насельніцтва раёну было ўдвая большае). Нядаўна ў начальніка аддзелу было ажно пяць намесьнікаў! Калі да гэтага дадаць сьледчы аддзел (8 чалавек) і аддзел аховы, то на кожную вушацкую душу прыпадае больш супрацоўнікаў міліцыі (= паліцыі), чым у любой краіне сьвету. Што цікава: ніводзін раённы ўчастковы не жыве на сваім участку, усе жывуць у райцэнтры. Фактычна па-за межамі васьмігадзіннага працоўнага дня раён не кантралюецца міліцыяй.

...Усё больш сустракаю пэнсіянэраў, якія, як і я, наагул не глядзяць тэлевізар. Многія не глядзяць навіны — толькі пазнавальныя каналы кшталту „Дыскавэры“, „Эксплорэр“, „Усадьба“, „Паляваньне і рыбалка“. Шмат хто з пэнсіянэраў мае кампутары і чытае або слухае навіны з інтэрнэту. Што цікава: я не заўважыў чаканай карэляцыі паміж карыстаньнем кампутарам і ўзроўнем адукацыі! Кампутарам актыўна карыстаюцца былыя сьлесары, электрыкі, вадзіцелі.

Вось такія вушацкія базарныя плёткі. Хочаце — верце, хочаце — не».

Што тут скажаш, спадар Кастусь: такія чуткі выклікаюць больш даверу, чым многія нібыта дакладныя зьвесткі, якія распаўсюджваюцца празь дзяржаўныя мэдыі.

Увогуле, местачковыя кірмашы — цікавае, адметнае месца. Вядома, далёка ня ўсё, што там пачуеш, адпавядае рэальнасьці, але вось рытм і пульс народнага жыцьця, агульную атмасфэру, якая пануе ў грамадзтве, у такіх асяродках можна адчуць і пабачыць значна лепш, чым у любым іншым месцы.

✉ ✉ ✉

Наступны кароткі ліст даслаў нам Раман Зіноўеў са Смаргоні. Ён дзеліцца некаторымі сваімі назіраньнямі за жыцьцём у Расеі:

«Чуў раніцай на стаянцы аўтамабіляў, як расейскія вадзіцелі абмяркоўвалі трагічную гібель Барыса Нямцова. Асаблівай спагады чуваць не было. Гучала ў асноўным адно: маўляў, давыступаўся... Што тут сказаць: страшная краіна, асуджаная краіна...

Я цяпер якраз працую тут, у Расеі. Дык вось, у Смаленскай вобласьці цяпер нейкая эпідэмія падпалаў кінутых вясковых дамоў. Толькі згарэла адна хата, праз тры дні гляджу — у гэтай жа вёсцы згарэла яшчэ адна. Усё замецена сьнегам, дык і сьлядоў падпальшчыкаў ня знойдзеш. І з чаго гэта ўсё? Я вось думаю, ці не выпрабоўваюць на гэтых хатах якія падпальныя спэцрэчывы — дзеля таго, каб потым выкарыстоўваць у вайне ва Ўкраіне?».

Закінутыя вёскі што ў Расеі, што ў Беларусі часта становяцца часовым прытулкам для рознага кшталту бадзягаў. Што гэта за публіка — вядома: напіўшыся ці абкурыўшыся, могуць раскласьці вогнішча проста пасярод чужой хаты...

Вэрсія пра ваенныя выпрабаваньні падаецца надта ж непраўдападобнай. Навошта расейцам закінутыя смаленскія хаты, калі ў Данецкай і Луганскай абласьцях поўна новых каменных дамоў, якія можна паліць у любы час без усялякай асьцярогі і наступстваў? Тым больш што і адпаведная расейская вайсковая тэхніка там даўно ўжо на пазыцыях — цэлься ды палі...

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

XS
SM
MD
LG