Лінкі ўнівэрсальнага доступу

440 папугаяў, затрыманых памежнікамі, знаходзяцца «ў свабодным палёце»


Скрыні ёсьць, а папугаяў няма. Ні мёртвых, ні жывых
Скрыні ёсьць, а папугаяў няма. Ні мёртвых, ні жывых

Паводле тлумачэньняў «гаспадара» 440 птушак, якіх памежнікі ў яго канфіскавалі, а вэтэрынары яму ж перадалі на «адказнае захоўваньне», папугайчыкі паляцелі. Дзіўна, але ні адна яркая экзатычная стракатая птушка з 440, у Баранавічах не была заўважана. Баранавіцкая вэтэрынарная служба аштрафавала гаспадара, які птушак не захаваў, на 0,5 базавай велічыні (115 тысяч) — за парушэньне вэтэрынарна-санітарных правілаў.

Гісторыя з папугаямі нагадвае дэтэктыў. 9 лютага на дарозе Глушкавічы — Мілашавічы мазырскія памежнікі ў памежнай зоне спынілі аўтамабіль Opel, якім кіраваў 38-гадовы жыхар Баранавічаў Алег Есіповіч. Ён перавозіў больш за 440 папугаяў. Паводле інфармацыі прэс-службы Памежнага камітэту, там былі амадзіны, хвалістыя папугаі, неразлучнікі, карэлы, разэлы. Дакумэнтаў на папугаяў не было, і таму мазырскія памежнікі перадалі птушак у Лельчыцкую вэтэрынарную службу, а ў дачыненьні да перавозчыка папугаяў была распачата праверка.

11 лютага галоўны вэтэрынарны ўрач Лельчыцкай вэтэрынарнай службы Канстанцін Кудласевіч запэўніў карэспандэнтку Свабоды, што ўсе птушкі жывыя, здаровыя, накормленыя, і днямі вырашыцца іх лёс.

Раніцай 12 лютага Канстанцін Кудласевіч паведаміў, што ўсе птушкі прызнаныя здаровымі і перададзеныя на адказнае захоўваньне «гаспадару» — чалавеку, у якога і канфіскавалі птушак памежнікі — да вырашэньня юрыдычных пытаньняў, бо той паабяцаў прадставіць дакумэнты на «жывы тавар».

Хаця 12 лютага галоўны вэтэрынарны ўрач Лельчыцкай вэтэрынарнай службы Канстанцін Кудласевіч павінен быў завезьці птушак у Менскі заапарк. Быццам бы была дамоўленасьць Памежнага камітэту з заапаркам, які быў гатовы ўзяць папугаяў на «ператрымку». Прычым да справы тады падключылася і Міністэрства прыродных рэсурсаў, бо з тых відаў, якія пералічаныя ў прэс-рэлізе Памежнага камітэту, від папугая «разэла» падпадае пад дзеяньне Канвэнцыі аб міжнародным гандлі відамі дзікай фаўны і флёры, якія знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня.

Гаспадар птушак, Алег Есіповіч, яшчэ тады, 12 лютага, паводзіў сябе дзіўна: казаў, што птушкі паляцелі...

Амаль два тыдні ні журналісты, ні «зялёныя», ні зааабаронцы не маглі даведацца пра далейшы лёс папугаяў.

Прэсавы сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Аляксандар Цішчанка паведаміў Свабодзе, што справа ўжо ня ў іх кампэтэнцыі. Птушкі павінны быць у карантыне. І параіў зьвярнуцца да вэтэрынарнай службы.

25 лютага галоўны вэтэрынарны ўрач Лельчыцкай вэтэрынарнай службы Канстанцін Кудласевіч усё яшчэ запэўніваў Свабоду, што птушкі жывыя-здаровыя, што ён рэгулярна стэлефаноўваецца з Алегам Есіповічам.

А вось галоўны вэтэрынарны ўрач Баранавіцкай вэтстанцыі Сяргей Нікалаеў, на тэрыторыі якога апынуліся папугаі, праліў сьвятло на гэтую дэтэктыўную гісторыю:

«Папугаяў ужо няма ў наяўнасьці. Прынамсі, у іх баранавіцкага гаспадара.

19 лютага мы абсьледавалі дом і падворак Есіповіча. Птушак нідзе не было. Паводле словаў і самога Алега Мікалаевіча, і ягонай маці, быццам бы маці не зачыніла дзьверы, і папугаі паляцелі. Некалькі птушак, маўляў, пала, астатнія паляцелі. Скрыні ёсьць, а папугаяў няма. Прычым, ні палых, ні жывых».

Галоўны вэтурач прыцягнуў Есіповіча да адміністрацыйнай адказнасьці — аштрафаваў на 0,5 базавай велічыні за парушэньне вэтэрынарна-санітарных правілаў, хаця артыкул прадугледжвае папярэджаньне альбо штраф да 20 базавых велічыняў.

Чаму аштрафавалі яго на такую сьціплую суму?

Сяргей Нікалаеў патлумачыў так:

«Акрамя дзьвюх папер — ад памежнікаў, што птушкі канфіскаваныя, і ад Мінсельгаспраду, што яны перададзены на адказнае захоўваньне грамадзяніну Есіповічу, — ніякіх дакумэнтаў у нас няма. Хаця павінны быць фатаздымкі тавару, дакумэнты, на падставе якіх ён яго набыў, альбо што няма такіх дакумэнтаў. Дакумэнтаў на папугаяў у Есіповіча сапраўды не было. А тут проста паведамленьне, што быў такі факт затрыманьня і перадачы. Няма дакумэнта, што Лельчыцкая вэтэрынарная станцыя не забрала іх на карантын. Няма доказаў, што ён іх вёз з Украіны.

Яго злавілі толькі на тым, што ён вёз папугаяў без вэтэрынарных дакумэнтаў. Вось я і прыцягнуў яго да адміністрацыйнай адказнасьці. Таму што пры той наяўнасьці папер, якія мне ўзычылі, калі я б вёў адміністрацыйны працэс даўжэй і на большую суму, я перакананы, што суд бы мне завярнуў справу, як не адзін раз бывала. І доўжылася б яна, магчыма, больш часу, чым працягласьць жыцьця тых папугайчыкаў... Суду патрэбныя дакладныя дакумэнты. Адказ у міністэрства я даў — што птушак у наяўнасьці няма, а Есіповіч прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці паводле артыкулу 15.37».

Сяргей Нікалаеў паведаміў, што Есіповіч падпісаў пратакол, штраф заплаціў. Вэтэрынар прызнаўся, што слаба верыць у тое, што папугайчыкі сапраўды адляцелі. Хутчэй за ўсё, экзатычныя птушкі ўжо прадаюцца ў заалягічных крамах ці ў інтэрнэце.

Ва ўсёй гэтай гісторыі паўстае шмат пытаньняў да розных ведамстваў.

Першае. Чаму 440 экзатычных птушак без дакумэнтаў не былі зьмешчаныя ў карантын, а фактычна выпушчаныя ў «свабодны палёт»: перасяклі палову краіны — зь Лельчыцаў у Баранавічы? Ці панясе адказнасьць вэтэрынарны лекар зь Лельчыцаў?

Другое. Чаму птушкі былі перададзеныя чалавеку, які вёз іх без дакумэнтаў? Калі маёмасьць канфіскаваная, на якой падставе яе перадаюць «на адказнае захоўваньне» таму ж самаму чалавеку, у якога яна канфіскаваная?

Трэцяе. Ці панясе Есіповіч адказнасьць за незахаваньне птушак, фактычна за растрату?

Чацьвёртае. Адкуль у спадара Есіповіча наагул узяліся птушкі, калі ўкраінска-беларускую мяжу ён перасякаў без папугаяў, а ў памежнай зоне на тэрыторыі Беларусі быў затрыманы з папугаямі?

Радыё Свабода чакае адказаў самых розных інстанцый: вэтэрынарнай службы, Дзяржаўнага памежнага камітэту, Сьледчага камітэту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG