Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія ўлады зьменшылі падтрымку прытулку для бяздомных жывёлаў у Віцебску


Для нармальнага функцыянаваньня ўстановы штомесяц патрэбна 134 мільёны рублёў. Але сума дзяржаўнай падтрымкі сёньня — у 2,5 раза меншая. Таму прытулку пагражае закрыцьцё, а Віцебску — пагаршэньне санітарна-эпідэміялягічнай сытуацыі.

Дырэктарка прытулку для бяздомных жывёлаў Натальля Зубава змагалася за адкрыцьцё ў Віцебску гэткай установы не адзін год. Нарэшце чатыры гады таму прытулак быў створаны на балянсе прадпрыемства «Спэцаўтабаза гораду Віцебску». Схема фінансаваньня атрымалася складаная: выдаткі на прытулак гэтаму прадпрыемству мусіць кампэнсаваць вытворчае аб’яднаньне ЖКГ. І сума, якую выдаткоўваюць камунальшчыкі, — усяго 54,4 мільёна рублёў. Існаваць на іх немагчыма.

У прытулку ўтрымліваюцца бяздомныя жывёлы, якіх працаўнікі спэцаўтабазы зьбіраюць на гарадзкіх вуліцах і якіх прыносяць мясцовыя жыхары. Але свойскіх катоў і сабак, якія надакучылі гаспадарам, тут не прымаюць: сюды трапляюць толькі тыя, якіх знайшлі ў скляпеньнях і на гарышчах, або якіх выкінулі гаспадары. Жывёлам аказваюць мэдычную дапамогу і абавязкова стэрылізуюць. Існуе правіла: пасьля стэрылізацыі катоў і сабак можна вярнуць у звыклыя, хай сабе і вулічныя, умовы жыцьця. Аднак колькасьць чатырохлапых «бамжоў» не павінна павялічвацца — гэта асноўная задача прытулку.

Дырэктарка Натальля Зубава

Дырэктарка Натальля Зубава

За чатыры гады ўстанова прыняла 6 тысяч жывёлаў, толькі за 2015 год — больш за тысячу. І ні разу прытулак не прасіў у гораду дадатковых грошай на інвэнтар ці харчы. Абыходзіліся тым, што людзі прыносілі. Амаль 5 тысяч катоў і сабак атрымалі ў прытулку прышчэпкі, у тым ліку ад шаленства — і таксама не за дзяржаўныя грошы, а выключна за ахвяраваньні спонсараў. Трэба ўлічваць, што выбух, прыкладам, шаленства таксама пацягнуў бы за сабой лішнія дзяржаўныя выдаткі, бо тая ж санітарна-эпідэміялягічная станцыя — дзяржаўнае прадпрыемства. А так гарадзкому бюджэту паляпшэньне санітарна-эпідэміялягічнай сытуацыі ў горадзе не каштавала ні капейкі, падкрэсьлівае дырэктарка.

Вальеры з сабакамі — на вуліцы

Вальеры з сабакамі — на вуліцы

Масавая стэрылізацыя бадзяжных жывёлаў, здольных распладзіцца ў геамэтрычнай прагрэсіі, — таксама заслуга прытулку. І таксама на гэта ішлі не бюджэтныя, а спонсарскія грошы. Таму сродкі ў гэтую ўстанову варта было б укладваць, а не эканоміць на ўтрыманьні, шкадуючы мінімальныя 134 мільёны. Асабліва ўлічваючы тэндэнцыю да зьніжэньня ўзроўню жыцьця, калі для некаторых сем’яў утрымліваць жывёліну будзе проста не па кішэні. А што кінутых гаспадарамі жывёлаў паболела, у прытулку ўжо заўважылі.

Клеткі з катамі — у памяшканьні, за ацяпленьне таксама трэба плаціць

Клеткі з катамі — у памяшканьні, за ацяпленьне таксама трэба плаціць

Асноўная задача прытулку — стэрылізацыя бадзяжных жывёлаў

Асноўная задача прытулку — стэрылізацыя бадзяжных жывёлаў

Дарэчы, бюджэтныя грошы жыцьцёва неабходныя прытулку якраз на тое, што па законе немагчыма зрабіць за кошт ахвяраваньняў: на аплату камунальных паслугаў, на падаткі — а толькі іх набягае амаль на 50 мільёнаў, і на заробкі работнікам. У штаце на сёньняшні дзень — два ветэрынарныя лекары, два фэльчары, дзьве прыбіральшчыцы, шэсьць рабочых і два кухары. Яны працуюць пазьменна, і звальненьне адмыслоўцаў, лекараў або фэльчараў, пацягне за сабой вялікія праблемы. Ва ўмовах зьменшанага фінансаваньня звальненьні прадказальныя, непакоіцца Натальля Зубава. Бо падаткаў ня зьменшыш, камунальныя паслугі не адключыш. Застаецца скарачаць ці саміх работнікаў, ці іхныя заробкі.

Скарачаць колькасьць жывёлаў у прытулку — таксама немагчыма

Скарачаць колькасьць жывёлаў у прытулку — таксама немагчыма

Работнікаў скарачаць ужо няма куды: і так у прытулку шмат працы выконваюць валянтэры. Яны ж ходзяць і па дзяржаўных установах, упрошваючы чыноўнікаў не скарачаць фінансаваньне. Але тыя ня слухаюць, бо грошай у бюджэце проста няма. Інвэстыцыйную праграму разьвіцьця гораду ў 2015 годзе зьмянялі 8 разоў — і ўсё ў бок зьмяншэньня бюджэтных выдаткаў. У выніку ад першапачаткова закладзенай сумы засталося менш за палову, а калі дакладней — 42,87%.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG