Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны піяршчык беларускага турызму выбраў бізнэс, а не дзяржслужбу


Рыгор Памяранцаў
Рыгор Памяранцаў

Рыгор Памяранцаў больш не ўзначальвае Нацыянальнае агенцтва па турызьме. Сышоў ён па ўласным жаданьні, з уласнай ініцыятывы, пацьвердзіў прэсавы сакратар Міністэрства спорту і турызму Ўладзімер Несьцяровіч.

Паводле беларускага Закону аб дзяржаўнай службе службовая асоба ня мае права займацца бізнэсам, прадпрымальніцкай дзейнасьцю, а таксама мець рахункі ў замежных банках.

У чэрвені 2015 году Рыгор Памяранцаў пераехаў у Менск з Латвіі, дзе працаваў старшынём праўленьня Рыскага бюро па разьвіцьці турызму. На працу ў Беларусь яго асабіста запрасіў намесьнік міністра спорту і турызму Беларусі Міхаіл Партны. Памяранцаў пераехаў у Беларусь, бо меў амбітныя пляны па прасоўваньні турыстычнага патэнцыялу. Да таго ж у Менску жыве сям’я Памяранцава — ён мае жонку, двух сыноў і дачку.

Запрашаючы на працу бізнэсоўца з Латвіі, беларускае кіраўніцтва ведала, што ў спадара Памяранцава ёсьць фірма ў Рызе, якая займаецца кансалтынгам, маркетынгам, прасоўваньнем у сфэры авіяцыі.

Сваё рашэньне сысьці з пасады кіраўніка Нацыянальнага агенцтва па турызьме Рыгор Памяранцаў патлумачыў парталу газэты «Туризм и отдых» так:

«У мяне ёсьць фірма ў Латвіі і рахункі за мяжой. Калі я пагадзіўся прыйсьці на працу ў Нацагентства, гэтая акалічнасьць ані для кога не была сакрэтам. У той жа час вядома, што такія фактары, як наяўнасьць рахункаў за мяжой і ўласнага бізнэсу ў беларускага чыноўніка, супярэчаць беларускаму заканадаўству. Увесь гэты час я быў выканаўцам абавязкаў, але дамову я не падпісваў. Быў загад начальніка Дэпартамэнту па турызьме Вадзіма Кармазіна і генэральная даверанасьць намесьніка міністра Міхаіла Партнога. Мне, вядома, было ўсё роўна, як называецца мая пасада і які мой статус, але фактычна ўвесь гэты час я быў у падвешаным стане.

Я хачу, каб мяне правільна зразумелі. Я ішоў ня дзеля высокіх пасад і зарплаты, у мяне ёсьць сродкі да існаваньня. Я хацеў дапамагчы беларускаму турызму.

Магу паведаміць, што мая афіцыйная зарплата была 1,5 мільёна беларускіх рублёў, з усімі надбаўкамі некалькі разоў выплачвалі да 10 мільёнаў, але, напрыклад, у лістападзе наскрэблі толькі 3 мільёны. Я нічога ніколі не прасіў. Але калі мяне папрасілі закрыць рахункі, перапісаць фірму на жонку, дзеля таго каб мяне афіцыйна зацьвердзілі на пасадзе, — гэта значыць фактычна сысьці ў мінус, я, натуральна, прыняў рашэньне сысьці. У мяне трое дзяцей, мне трэба іх карміць. Я ішоў у Нацагентства, таму што ў мяне была шчырая ўпэўненасьць, што я магу дапамагчы. Але я адчуў, што, знаходзячыся ў сыстэме, я не магу зьмяніць сыстэму — хутчэй сыстэма пачынае мяняць мяне. А гэта ўжо прамая пагроза».

Прэсавы сакратар Міністэрства спорту і турызму Ўладзімер Несьцяровіч кажа, што кіраўніцтва Мінспорту і турызму і раней прапаноўвала спадару Памяранцаву вырашыць пытаньне зь бізнэсам. Уладзімер Несьцяровіч вельмі шкадуе, што той зрабіў выбар не на карысьць разьвіцьця беларускага турызму. Хоць па-чалавечы разумее выбар Памяранцава:

«Я некалькі тыдняў таму з намесьнікам міністра размаўляў на гэты конт, у яго былі сумненьні, што далей рабіць, таму што Рыгор Памяранцаў — кадар для нас карысны, вопыт ягоны каштоўны, погляды ягоныя сучасныя, падабаліся многім людзям, у тым ліку і з турыстычнай сфэры, з турыстычнага бізнэсу і нашага, і нашых калегаў.

Ня так даўно і ён, і намміністра разам былі на турыстычнай выставе ў Лёндане. Рыгор валодае замежнымі мовамі і дапамагаў усталёўваць сувязі з прадстаўнікамі і ВВС, і National Geographic, Discovery. І да нашага стэнду падыходзіў Генэральны сакратар Усясьветнай турыстычнай арганізацыі Талеб Рыфаі, узгадаў, што быў у Менску, узгадаў Памяранцава, такая размова была чалавечая, добрая, шчырая...

Рыгор спрабаваў крок за крокам нешта ўносіць новае, арыгінальнае. Я думаю, і кіраўніцтва міністэрства высока ацэньвае ягоны пэўны ўнёсак.

Але абставіны такія, што надышоў час прымаць рашэньне — або ён ідзе на дзяржаўную службу, але трэба штосьці рабіць зь ягоным бізнэсам.

У яго вялікая сям’я, трое дзяцей, ён так вызначыўся. Па-чалавечы зразумела, па-чалавечы вельмі шкада, таму што ён шчыра спрабаваў тут працаваць і прыносіць карысьць. Але ж мы не маглі тут прапанаваць яму сродкі такія, якія ён атрымоўваў ад свайго бізнэсу, і надышоў час, калі давялося прымаць рашэньне. Выконваць абавязкі кіраўніка ў такім падвешаным стане „ні туды, ні сюды“ ўжо ня мела сэнсу. І вось ён вызначыўся. Я шчыра шкадую».

Прадстаўнікі беларускага турыстычнага бізнэсу вельмі пазытыўна ўспрынялі ў свой час прызначэньне Памяранцава, чалавека адукаванага, вопытнага, прасунутага, «праэўрапейска» настроенага, на пасаду галоўнага PR-мэнэджэра. Але пратрымаўся ён «у сыстэме» нядоўга. Спачатку запрасілі, а потым фактычна вымусілі сысьці па ўласным жаданьні.

Рыгор Памяранцаў нарадзіўся ў 1974 годзе ў Новасыбірску, але сям’я пераехала ў Беларусь. Скончыў Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт, атрымаўшы спэцыяльнасьць выкладчыка ангельскай і нямецкай моваў. Сваю кар’еру пачаў у беларускім прадстаўніцтве авіякампаніі SAS (Скандынаўскія авіялініі). Стажыраваўся ў Стакгольме і Капэнгагене. Потым ачольваў аirBaltic Corporation у Беларусі. Працаваў камэрцыйным дырэктарам аэрапорту Талмачова ў Новасыбірску, запускаў бюджэтныя авіялініі ў Грузіі. Апошнім месцам працы перад пераездам у Беларусь было Рыскае бюро па разьвіцьці турызму, дзе Рыгор Памяранцаў быў старшынём праўленьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG