Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія турысты ў Эгіпце: гатэлі запоўненыя на траціну, расейцаў замянілі немцы


Беларусы на курорце ў Хургадзе

Беларусы на курорце ў Хургадзе

Упершыню за два дзясяткі гадоў эгіпецкія курорты сустрэлі Новы год пры напаўпустых гатэлях. Пасьля леташняй катастрофы пасажырскага самалёта над Сінайскім паўвостравам кіраўніцтва Расеі пастанавіла закрыць для турыстаў эгіпецкі кірунак — адзін з самых папулярных дагэтуль сярод расейцаў. Ці здолеюць эгіпецкія турапэратары знайсьці замену зьніклым кліентам? І ці стануць такой заменай беларусы?

Віцябляне Ірына і Валеры Банадысенкі наведалі Эгіпет упершыню. Па іх словах, турфірма прапанавала ўмовы, ад якіх складана было адмовіцца — у эквіваленце меней за 500 даляраў з кожнага за амаль што два тыдні. У адсутнасьць ажыятажу тамтэйшыя гатэлі гатовыя працаваць на мінімальнай маржы. Ці шмат аказалася ахвотных скарыстацца навагоднім дэмпінгам?

Ірына: Як сказалі ў Grand Hotel, дзе мы, уласна кажучы, і адпачывалі, — гэта адзін з самых запаўняльных гатэляў у Хургадзе. Але гаворка ў лепшым выпадку пра 40% заселеных нумароў. І гэта лічыцца добра: калі пляж акінуць вокам, то прынамсі відаць, што па лежаках параскіданыя аранжавыя гатэльныя ручнікі. Праўда, ужо перад нашым ад’ездам адзін рэстаран яны ўсё ж вымушаныя былі зачыніць, бо няма каго карміць. А дзесьці, як расказвалі, увогуле па 10 чалавек жылі ў гатэлях. Карацей, народу зусім мала.

Лежакі занятыя напалову

Лежакі занятыя напалову

Валеры: Так, запаўняльнасьць ня большая за 30–40%. На першай лініі жыцьцё яшчэ нейкае ёсьць, пасярэдзіне ўжо гатэлі паўпустыя, а дальнія — зусім без кліентаў. Таму, калі ў каго пастаяльцамі занятая палова — для гаспадара як бальзам на сэрца. І гэта, заўважце, у сэзон, калі эўрапейцы са сваёй зімы традыцыйна ехалі ў Эгіпет пагрэцца на калядна-навагоднія вакацыі.

Ад леташняга лістапада адпачынак у Эгіпце закрыты для расейцаў — на ўрадавым узроўні вырашана спыніць продаж пуцёвак да таго часу, пакуль будзе існаваць тэрарыстычная пагроза і, як вынік, небясьпека для жыцьця грамадзянаў Расеі. Хто цяпер мае колькасную перавагу на тамтэйшых курортах?

Ірына: Больш за ўсё немцаў, прынамсі ў нашым гатэлі іх было вельмі шмат. Як правіла, пэнсіянэры, прычым глыбокія, зусім старэнькія. Але пры гэтым вельмі актыўныя: забаўляюцца з аніматарамі, ходзяць на танцы, карацей, весяляцца як могуць.

Карпусы без прыкметаў жыцьця

Карпусы без прыкметаў жыцьця

Па выніках 2015 году Міністэрства спорту і турызму Беларусі канстатавала больш як двухразовае павелічэньне колькасьці беларусаў, якія наведалі Эгіпет: калі ў звычайныя гады такіх было крыху больш за 40 тысяч, то летась — 100 тысяч. Тым ня меней, як кажуць мае суразмоўцы, у агульнай масе беларусы ўсё роўна губляюцца:

Валеры: Славянаў, шчыра кажучы, увогуле няшмат. У нашым гатэлі было крыху беларусаў, пару ўкраінцаў. Як ні дзіўна, сустракалі нават расейцаў. Зрэшты, яшчэ ў менскім аэрапорце ўбачылі людзей з чырвонымі пашпартамі, разам зь імі сюды і дабіраліся. Паколькі ім забаранілі лятаць наўпрост з Расеі, то яны сваім ходам едуць да Менску і ўжо адтуль — па любімых месцах, у якіх адпачывалі з году ў год.

Цікаўлюся, як адміністрацыі гатэляў, гандляры на рынках, арганізатары экскурсіяў, гаспадары кавярняў ды іншыя рэагуюць на страту самай шматлікай кліентуры?

У адсутнасьць аматараў спорту

У адсутнасьць аматараў спорту

Валеры: Без перабольшаньня, надзвычай моцна перажываюць, што няма расейцаў. Так і кажуць: вельмі чакаем, калі зноў пачнуць ехаць. Таму што, у прынцыпе, увесь іх заробак грунтаваўся на расейцах — гэта і запаўняльнасьць гатэляў, і экскурсіі на піраміды, і продаж у крамах і на рынках, і чаявыя ў рэстаранах. Усё трымалася пераважна на турыстах з Расеі.

Карэспандэнт: Немцы па базарах ня ходзяць, касу не забясьпечваюць?

Валеры: Нямецкім пэнсіянэрам, як падаецца, увогуле ніякія базары не патрэбныя, ім хапае гатэльных забаваў. Але на беларусаў тут таксама асабліва не спадзяюцца. Ідзеш па вуліцы, размаўляеш, адразу бягуць — рускі, украінец? Беларусаў нават ня згадваюць. Чуюць расейскую мову, значыць, рускі ці ўкраінец. Калі гаворыш, што зь Беларусі, крыху ступарацца, хоць па назьве краіну ведаюць. Але стаўку на нас ня робяць.

Бізнэсоўцы вымушаныя задавальняцца мінімальным прыходам, бо нават пры паўпустых гатэлях даводзіцца ўтрымліваць шматлікую абслугу. У іншым выпадку ўся гаспадарка папросту прыйдзе ў заняпад:

Ірына: Штаты ў гатэлях вялікія — усё адно тэрыторыю трэба прыбіраць, трымаць усё ў парадку, ад гэтага нікуды не падзенесься. Мабыць, у некаторых комплексах абслугі больш, чым пастаяльцаў.

Басэйн без аматараў асьвяжыцца

Басэйн без аматараў асьвяжыцца

Адпачатку Ірына і Валеры Банадысенкі разглядалі прапанову спыніцца ў гатэлі Bella Vista ў той жа Хургадзе — менавіта тут на пачатку студзеня пацярпелі ад нападу злачынцаў турысты з Аўстрыі і Швэцыі. Як самі эгіпцяне ўспрымаюць тое, што даводзіцца жыць, штохвіліны чакаючы непрыемнасьцяў?

Ірына: Мы адмыслова цікавіліся ў аніматараў — а гэта якраз нашы беларусы, па-мойму, з Гомеля — якая была рэакцыя, калі выбухнуў самалёт, калі здараюцца тэракты, напады і г.д. Дык вось мясцовым, па вялікім рахунку, усё роўна, яны да гэтых выбухаў за столькі гадоў проста прызвычаіліся. Для іх галоўнае, каб былі поўныя гатэлі — вось гэта так. А каб нешта абмяркоўваць, то, як сказалі нашы аніматары, такога няма.

У адсутнасьць турыстаў церпяць і арганізатары экскурсіяў па археалягічных цэнтрах, дзе ўсяляк эксплюатуецца «спадчына фараонаў». На аўтадарогах ужо няма традыцыйных аўтобусных кавалькадаў у бок пірамідаў Гізы, а групы ахвотных фармуюцца высілкамі дзясятка гатэляў:

Наладжваньне міжнародных кантактаў

Наладжваньне міжнародных кантактаў

Валеры: Экскурсіяў шмат, і самых розных, можна таргавацца, цэны спускаюць без пытаньняў. Іншая справа, што няшмат ахвотных. А так прапануюць і Каір, і піраміды, і разваліны Луксора; у Ізраіль, у Ерусалім — на любы густ. Мы, прыкладам, езьдзілі да бэдуінаў, дык група сабралася цалкам. Але запісваюць ахвотных ня толькі з аднаго гатэля, па дарозе забіраюць пяць чалавек у адным месцы, пяць у іншым. Скардзяцца, што сфармаваць каманду цяпер нашмат складаней, але неяк угаворваюць.

Бядуюць гандляры на рэчавых рынках і базарах з радамі са спэцыямі, таму кожны наведнік у літаральным сэнсе трапляе ў абдымкі, зь якіх вырвацца, нічога не купіўшы, амаль немагчыма:

Ірына: Пакупнікоў зусім мала, амаль няма. На базарах у гандляроў заробкі ніякія. Сядзяць, сумуюць, бо пуста. А прыбытак — цалкам ад турызму, толькі гэтым і жывуць. Таму кожнага, хто зайшоў, хапаюць за рукі, нахвальваюць тавар, гатовыя аддаць па самай нізкай цане.

Віцебскі турыст Валер Банадысенка

Віцебскі турыст Валер Банадысенка

Валеры: Само сабой, таргавацца ўсё роўна можна толькі да пэўнай сумы — ня будуць жа прадаваць таньней, чым дзесьці набылі, правільна? Дакладней, таргавацца можна, але «ніжэй за плінтус» у любым выпадку не аддадуць. Няма сэнсу, бо калі чалавек сам узяў оптам нейкую рэч за 5 даляраў, то за 4 ніяк яе не прадасьць. Мінімум, за колькі можна аддаць ад безвыходнасьці, — за тыя ж 5 даляраў.

Эгіпецкі турбізнэс яшчэ раней пачаў апрабоўваць розныя варыянты ашчаджэньня на выдатках, і, мяркуючы па ўсім, у крызіс галіны падобных хітрыкаў будзе толькі больш:

Ірына Банадысенка ў Хургадзе

Ірына Банадысенка ў Хургадзе

Ірына: Як нам расказалі, у іх цікавы спосаб сыходу ад падаткаў. Чаму нават вядомыя і папулярныя гатэлі пэрыядычна зьмяняюць назвы? Пяць гадоў называюцца адным імем, а потым нешта дадаюць, каб была фармальна новая назва. Справа ў тым, што існуе падатак на нерухомасьць, і цягам пяці першых гадоў працы на яго ёсьць ільгота. То бок ты як гаспадар гатэля працуеш гэты тэрмін, а потым нерухомасьць пераафармляеш — і маеш новы бізнэс пад іншай шыльдай. Таму што, як я казала, для пачаткоўцаў ідуць істотныя падатковыя паслабленьні. Празь пяць гадоў, калі справа расквітнела, робіцца фіктыўная купля-продаж і наклейваецца новы лэйбл. Вось так ашчаджаюць на роўным месцы.​

Ёсьць сонца, няма ахвотных пад ім грэцца

Ёсьць сонца, няма ахвотных пад ім грэцца

Паводле зьвестак Міністэрства турызму Эгіпту, на першым месцы па колькасьці сваіх грамадзянаў, якія наведваюць краіну, усе апошнія гады заставалася Расея — блізу 3 мільёнаў чалавек штогод. На наступных пазыцыях з заўважным адставаньнем разьмясьціліся Нямеччына і Вялікая Брытанія. Не выпадае сумнявацца, што пасьля таго, як улады Расеі забаранілі суайчыньнікам наведваць эгіпецкія курорты, сёлетняя статыстыка кардынальна зьменіцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG