Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарчая кампанія прайшла паводле традыцыйнага беларускага сцэнару. Нават сумна ад таго, наколькі ўсё звыкла, прадказальна і прагназавана.

Зразумела, што тыя лічбы, якія дае ЦВК, маюць вельмі мала агульнага з сапраўдным народным волевыяўленьнем. Яны цікавыя толькі ў тым пляне, каб зразумець, што хоча прадэманстраваць улада.

Гэтым разам пастаўленыя два рэкорды. Ніколі раней так шмат людзей ня брала ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні — 36,05% выбарцаў. На выбарах 2010 году гэтая лічба складала 23,1%, а ў 2006 годзе прыйшлі на ўчасткі да дня асноўнага галасаваньня 31,3% грамадзян. Гэта каб пазбавіць грамадзтва сындрому «нецікавых выбараў».

Другі рэкорд. Ніколі раней так шмат грамадзян не галасавала за Лукашэнку, як цяпер. Уласна, ён, не саромеючыся, замовіў сабе патрэбны вынік за некалькі дзён да выбараў. Наведваючы новы ўчастак другой менскай кальцавой дарогі, кіраўнік Беларусі заявіў: «І калі прэзыдэнт моцны, як вы заўсёды мяне падтрымлівалі — 80%... Калі я прыяжджаю і вяду перамовы, ён разумее: 80% за яго прагаласавала, увесь народ за ім стаіць, значыць, ён выказвае яго інтарэсы». Няшчаснага Барака Абаму, які атрымаў крыху больш за 50%, напэўна, ніхто ў сьвеце не паважае з гэтай прычыны.

Але заказ выкананы. Паводле папярэдніх дадзеных Цэнтравыбаркаму, за дзейнага кіраўніка дзяржавы прагаласавала 83,49%. У 2001 годзе Аляксандар Лукашэнка набраў 75,65% галасоў, у 2006 г. — 83%, у 2010 г. — 79,65%. Прычым, чым горшая сацыяльна-эканамічная сытуацыя, чым горш народ жыве, чым меншыя заробкі, тым больш народ давярае свайму прэзыдэнту. Нейкі палітычны мазахізм.

Навошта патрэбныя ўладам такія несусьветныя, завоблачныя, фантастычныя лічбы, не эўрапейскія, а сярэднеазіяцкія паказчыкі ўсенароднай любові? Проста ўлады вырашылі нэўтралізаваць, кампэнсаваць вялікае расчараваньне людзей у дзяржаўнай палітыцы велізарнай дозай аптымізму. Іншая справа — ці паверыць народ?

Галоўнай інтрыгай гэтых выбараў было толькі адно пытаньне: колькі галасоў улады дадуць Тацяне Караткевіч? Нагадаю: паводле верасьнёўскага сацыялягічнага апытаньня НІСЭПД, за яе тады гатовыя былі галасаваць 17,9%. Дасьледаваньне праводзілася яшчэ да выступаў кандыдатаў па ТБ. Можна меркаваць, што ў выніку агітацыйнай кампаніі мабілізацыі і палярызацыі электарату рэйтынг Тацяны Караткевіч стаў яшчэ большы. Прынамсі, відавочна вышэйшы за 20%. Цікава, што на адным з участкаў у раённым горадзе Рагачове выбарчая камісія дазволіла назіральнікам (нябачаная справа!) сачыць за падлікам галасоў. У выніку Тацяна Караткевіч набрала 25%.

Згодна з афіцыйным ідэалягічным канструктам, у Беларусі няма апазыцыі, няма апазыцыйнага электарату, увесь народ любіць прэзыдэнта і галасуе за яго

Улады далі апазыцыйнай кандыдатцы 4,42%, праўда, паставіўшы яе на другое месца пасьля Аляксандра Лукашэнкі (калі ня браць у лік тых, хто галасаваў «супраць усіх»). І гэта было цалкам прадказальна. Бо, згодна з афіцыйным ідэалягічным канструктам, у Беларусі няма апазыцыі, няма апазыцыйнага электарату, увесь народ любіць прэзыдэнта і галасуе за яго. Апазыцыянэраў толькі 400 чалавек, казаў Аляксандар Лукашэнка, адказваючы на пытаньні журналістаў на выбарчым участку.

Акрамя таго, улада відавочна незадаволеная тым, што Тацяна Караткевіч крыху сапсавала амаль ідэальны сцэнар прэзыдэнцкай кампаніі, прыдуманы на палітычным версе. Аляксандар Лукашэнка падчас размовы на выбарчым участку ня мог схаваць раздражненьня сваёй канкурэнткаю.

Яшчэ адна дзіўная лічба. У Менску «супраць усіх» прагаласавалі 20,6% менчукоў, якія прыйшлі на выбары. Кожны пяты. То бок, нават паводле афіцыйных дадзеных, у сталіцы назапашаны немалы патэнцыял для незадаволенасьці. Ужо ніяк не 400 чалавек.

І, нарэшце, зусім ужо камічная сытуацыя, якая выкрывае сапраўдную сутнасьць беларускіх выбараў. За Мікалая Ўлаховіча прагаласавала менш людзей, чым ён сабраў подпісаў. Ва ўладаў не хапіла здаровага сэнсу, каб узгадніць адну лічбу з другой, каб быў балянс.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG