Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка — 50%, Караткевіч — 28,5%. Афіцыйныя лічбы з участку, дзе былі актыўныя назіральнікі


Сталі вядомыя дадзеныя галасаваньня на ўчастку № 10 у Менску. У асноўны дзень галасаваньня за Аляксандра Лукашэнку тут прагаласавалі 50%. Назіральнікаў нават падпусьцілі да стала, і яны бачылі, як раскладваюць бюлетэні па стосах.

Гэта, аднак, вынікі асноўнага дня, калі на ўчастак прыйшлі 35% выбарцаў раёну. Сярод тых, хто галасаваў датэрмінова, за Лукашэнку аддалі галасы 73,5% выбарцаў, а хто дома — 89%. Агулам дзейны прэзыдэнт набраў 61,5%, Тацяна Караткевіч — 20,5%.

Гэта той самы ўчастак, адкуль два дні вялася відэатрансьляцыя. Праз актыўнасьць назіральнікаў сюды наведваўся прадстаўнік ЦВК, прыходзіла шмат журналістаў. Як лічаць назіральнікі з ініцыятывы #87працэнтаў, празь пільную ўвагу да выбараў тут не было завышанай яўкі, і дадзеныя пра ўдзел у выбарах супалі ў камісіі і назіральнікаў зь невялікай хібнасьцю.

«Мы амаль упэўненыя ў выніках па нашым участку, — расказаў Свабодзе Пётра Маркелаў, назіральнік. — Але такое актыўнае назіраньне патрабуе шмат высілкаў: трэба ўвесь час ціснуць на камісію, каб яны выконвалі закон. Калі б так назіралі ўсе тыя назіральнікі, якія назіраюць „добраахвотна-прымусова“, выбары былі б нашмат больш празрыстыя, а іхнім вынікам сапраўды можна было б давяраць».

Пётра Маркелаў

Пётра Маркелаў

Выніковы пратакол

Выніковы пратакол

Нягледзячы на тое, што ў камісіі было шмат прэтэнзіяў да назіральнікаў, і аднаго зь іх нават пазбавілі акрэдытацыі, назіральнікі засталіся задаволеныя вынікамі назіраньня і ўпэўненыя, што гэта мае сэнс.

«Мы чакалі, што парушэньняў будзе менш, а працэс падліку галасоў будзе больш празрыстым, чым звычайна, — сказаў Маркелаў. — Так і атрымалася».

Варта адзначыць, што назіральнікі і на іншых участках, дзе старшыні камісіяў дазвалялі сачыць за падлікам галасоў, зафіксавалі вялікую колькасьць галасоў, аддадзеных за Караткевіч і супраць усіх.

Афіцыйныя вынікі галасаваньня з участку № 10 у Менску (завулак Калініна, 16), запісаныя назіральнікамі на абвяшчэньні вынікаў камісіяй:

Галасаваньне ў асноўны дзень на ўчастку:

Лукашэнка — 50,0% (390 галасоў)
Караткевіч — 28,5% (221 голас)
Супраць усіх — 16,0% (124 галасы)
Улаховіч — 2,5% (21 голас)
Гайдукевіч — 2,0% (17 галасоў)
Сапсаваныя бюлетэні — 1,0% (8 сапсавана)

Датэрміновае галасаваньне:

Лукашэнка — 73,5% (463 галасы)
Караткевіч — 12,0% (74 галасы)
Супраць усіх — 10,5% (67 галасоў)
Гайдукевіч — 2,0% (13 галасоў)
Улаховіч — 1,5% (8 галасоў)
Сапсаваныя бюлетэні — 0,5% (4 сапсавана)

Галасаваньне дома:

Лукашэнка — 89,0% (41 голас)
Караткевіч — 4,5% (2 галасы)
Супраць усіх — 4,5% (2 галасы)
Улаховіч — 2,0% (1 голас)
Гайдукевіч — 0% (0 галасоў)
Сапсаваныя бюлетэні — 0% (0 сапсавана)

Выніковыя лічбы па ўчастку:

Лукашэнка — 61,5% (894 галасы)
Караткевіч — 20,5% (297 галасоў)
Супраць усіх — 13,0% (193 галасы)
Гайдукевіч — 2,0% (30 галасоў)
Улаховіч — 2,0% (30 галасоў)
Сапсаваныя бюлетэні — 1% (12 сапсавана)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG