Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працэс над палітычным актывістам. Зьмітра Паліенку судзяць за напад на міліцыянта


Дзьмітры Паліенка, архіўнае фота

Дзьмітры Паліенка, архіўнае фота

11 кастрычніка ў Цэнтральным судзе Менска пачнецца працэс над Зьмітром Паліенкам, якога абвінавачваюць ў гвалтоўных дзеяньнях супраць міліцыянта і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў.

Зьміцер Паліенка вядомы як актывіст, які цягам некалькіх гадоў браў актыўны ўдзел у акцыях пратэсту, за што яго шмат разоў затрымлівалі і каралі штрафамі ды адміністрацыйнымі арыштамі.

29 красавіка Зьмітра Паліенку затрымалі падчас акцыі раварыстаў «Крытычная маса». Тады супрацоўнікі ДАІ затрымалі 6 чалавек, якіх моцна зьбілі і адвезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёну Менску.

Пазьней чацьвёра з затрыманых падпісалі пратаколы аб парушэньні правілаў дарожнага руху і аб аказаньні супраціву супрацоўнікам органаў унутраных спраў і ДАІ. Супраць дваіх — Зьмітра Паліенкі і Станіслава Канавалава — былі распачатыя крымінальныя справы паводле 364 артыкулу Крымінальнага кодэксу — «Гвалт або пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».

Улетку крымінальны перасьлед Станіслава Канавалава спынілі, а Зьміцер Паліенка застаўся пад вартай. У верасьні стала вядома, што актывіста таксама абвінавацілі ў распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў.

Вядома, што Зьміцер Паліенка не прызнае сябе вінаватым у прад’яўленых яму абвінавачаньнях і зьвязвае перасьлед са сваёй грамадзка-палітычнай дзейнасьцю. Беларускія праваабаронцы таксама думаюць, што Паліенку перасьледуюць з палітычных прычын.

Суд над Зьмітром Паліенкам будзе весьці судзьдзя Валеры Есьман, які быў у сьпісе неўязных у краіны Эўразьвязу празь верагодную датычнасьць да рэпрэсій супраць актывістаў апазыцыі.

XS
SM
MD
LG