Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «працэсе 17-ці» дапытваюць падсуднага, чые паказаньні часам выклікаюць сьмех


Падсудныя хаваюць твары. За зялёнай папкай схавалася Аліна Церагера. Марат Багель пад капюшонам у правым куце жалезнай клеткі.
Падсудныя хаваюць твары. За зялёнай папкай схавалася Аліна Церагера. Марат Багель пад капюшонам у правым куце жалезнай клеткі.

У Менскім гарадзкім судзе на працэсе абвінавачаных у распаўсюдзе псыхатропаў арганізаванай злачыннай групай (журналісты назвалі яе «справай 17-ці») ідзе апытаньне аднаго з ключавых абвінавачаных — жыхара Смаргоні Марата Багеля, які, паводле сьледзтва, распаўсюджваў псыхатропы групоўкі Канстанціна Вілюгі ня толькі ў Расеі, але і ў Беларусі. Шмат якія паказаньні Марата Багеля выглядаюць супярэчлівымі, як і асоба гэтага чалавека.

1. Як падсудны з Акапяна стаў Багелем?

Марат Багель у апошнія гады перад арыштам у сьнежні 2014 году жыў у Маскве, а па «наркатычных» справах бываў у Яраслаўлі, Курску ды іншых месцах Расеі. «Мая справа — забраць тавар і разьвезьці, ды зьняць грошы, якія перавялі на рахунак», — казаў ён пра сваю ролю. У Беларусь яму давялося завозіць 30–40 пакункаў з наркотыкамі, прызнаў падсудны. Адзін з пакункаў кінуў пад слуп каля запраўкі «А-100». Дзіўная заява, зь якой сталі сьмяяцца ў залі і ўсьміхнуліся на лаве падсудных.

Мы вернемся да гэтай заявы пазьней, а пакуль крыху больш інфармацыі пра самога Марата Багеля. Аказваецца, новае прозьвішча ён носіць толькі з 2010 году, гэта прозьвішча жонкі-беларускі. А да таго ён быў Акапянам, нарадзіўся ў Баку, адтуль мусіў зьехаць. На пытаньне судзьдзі пра прычыны ад’езду з радзімы Марат Багель адказаў нэрвова, і стала бачна, што закранаць гэтую тэму падсудны ня хоча. Прызнаў, што раней быў судзімы за хуліганства, атрымаў 3 гады. Некалькі разоў ад іншых падсудных да Багеля гучалі пытаньні пра магчымую судзімасьць па наркатычных артыкулах. Адказ быў, што такой судзімасьці ня меў.

2. Як змог апазнаць на відэа свае пакункі з псыхатропамі?

З паказаньняў Марата Багеля вынікае, што ён ня ведаў асабіста Аліну Церагеру, якой сьледзтва адводзіць адну з галоўных роляў сярод арганізатараў і менэджэраў злачыннай сеткі дылераў псыхатропаў. Маўляў, упершыню ўбачыў дзяўчыну на відэа падчас яе затрыманьня міліцыяй. Сам тады быў яшчэ на волі. Пабачыў, як на кватэры ў Аліны Церагеры забіраюць некалькі пакункаў з наркотыкамі, і нібыта пазнаў сярод іх тыя, якія сам прывозіў з Расеі ў Беларусь.

На допыце ў судзе прагучалі пытаньні пра наяўнасьць апазнавальных знакаў на тых пакунках. «Нейкія літары былі, але выглядалі пакункі звычайна, як усе іншыя». Пры гэтым Марат Багель упэўнены, што пазнаў, і пацьвердзіў у судзе тое, што казаў на сьледзтве. Аліна Церагера, якая сядзіць у той жа жалезнай клетцы, што і Марат Багель, пры гэтым недаўменна ўсьміхалася.

Адвакат запытаўся, чаму падсудны заявіў сьледчым пра апазнаныя пакункі толькі ў лютым 2015 году, хоць затрымалі яго яшчэ ў сьнежні. Судзьдзя пытаньне зьняў як несвоечасовае, але абяцаў вярнуцца да яго пазьней.

3. Як умудрыўся пакінуць паўкілё наркотыку пад слупам каля аўтазапраўкі?

Гэта, бадай што, самы дзіўны эпізод з паказаньняў Марата Багеля адносна ягонай злачыннай дзейнасьці ў Беларусі. Паказаў, што прывёз з Расеі ў Беларусь на замову «групоўкі» паўкілё наркотыка і «схаваў» каля пэўнай запраўкі А-100. Што было менавіта паўкілё, ведае дакладна, бо ўзяў палову ад расфасаванага кіляграмовага пакунку і сказаў пра гэта саўдзельніку Сяргею Рыбко, які жыве ў Маскве. (Цяпер Рыбко арыштаваны, і, магчыма, яго выдадуць у Беларусь.)

«Можа, гэты пакунак дзе ў Маскве і дагэтуль ляжыць?» — запытаўся ў Багеля Канстанцін Вілюга. Пытаньне выглядала рытарычным, але не было пазбаўлена лёгікі, калі ўлічыць абставіны «хаваньня» наркотыка, апісаныя Маратам Багелем.

Сёньня Багель удакладніў, што прывезены пакунак з псыхатропамі ён нібыта проста кінуў пад слуп за 400–500 мэтраў ад запраўкі. Усьмешкі залі выклікала і заява падсуднага, што падчас сьледзтва яго на тое месца не вывозілі, ніякай праверкі ягоных паказаньняў у гэтай частцы сьледчыя ня ладзілі.

Падсудныя, былыя супрацоўнікі КДБ Ігар Карыцкі і Дзьмітры Вераценскі
Падсудныя, былыя супрацоўнікі КДБ Ігар Карыцкі і Дзьмітры Вераценскі

4. Якія дачыненьні Багель меў са спэцслужбамі?

Былы старшы опэрупаўнаважаны КДБ, падсудны Дзьмітрый Вераценскі таксама меў пытаньні да Максіма Багеля. Аказваецца, Вераценскі яшчэ ў 2008 годзе ўдзельнічаў у затрыманьні Багеля ў Наваполацку разам з супрацоўнікамі міліцыі і ДАІ. Багель тады не падпарадкаваўся законным патрабаваньням праваахоўнікаў, справа дайшла да гонкі за ягоным аўтамабілем. Чаму не падпарадкаваўся? Багель адмовіўся тлумачыць. Вераценскі згадаў, што Багеля ўсё ж затрымалі, але потым адпусьцілі. Выглядае, што Багель пры гэтым трапіў на кантроль праваахоўнікаў, а магчыма і спэцслужбаў, але чамусьці яму далі зьехаць у Расею, дзе ў выніку ён заняўся дастаўкай псыхатропаў на замову чальцоў «групоўкі „Ката́“ — Канстанціна Вілюгі» (гэтак паводле сьледзтва). «За 5% ад кошту тавару» — паведаміў расцэнкі на свае паслугі Марат Багель.

5. Чаму пайшоў на супрацоўніцтва са сьледзтвам?

Марат Багель не хавае, што пасьля затрыманьня пайшоў на супрацоўніцтва са сьледзтвам, заключыў адпаведную дамову і нават паказаньні аформіў як яўку з павіннай. Ну і добра, калі гаворка пра тое, каб выявіць злачынцаў і даказаць іх віну. І ўсё ж, наколькі асэнсавана і добраахвотна цяпер падсудны дае паказаньні?

Пры затрыманьні ў сьнежні 2014 году Багелю зламалі рабро. «Ня маю прэтэнзіяў, чаго не бывае, можа, выпадкова», — паўтарыў у судзе Марат Багель. «Калегі» ў клетцы зноў рэагавалі ўсьмешкамі. Тут высьветлілася, што да Марата Багеля ў СІЗА шмат разоў прыходзілі супрацоўнікі ўправы барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю МУС. Зь якой мэтай былі гэтыя візыты, Багель тлумачыць «калегам» адмовіўся. Апошнім з гэтага шэрагу было пытаньне пра тое, чаму яго зьбіраліся пераводзіць у Жодзінскі ізалятар (дагэтуль усе фігуранты «справы 17-ці» сядзяць хто на Валадарцы, хто ў «амэрыканцы»). Зноў на пытаньне з падтэкстам Марат Багель адказваць адмовіўся.

6. Чаму верхавод «Кот» пазычыў Багелю 20 тысяч даляраў без расьпіскі?

Паводле Марата Багеля, на пачатку 2010-х Канстанцін Вілюга пазычыў яму 20 тысяч даляраў. Маўляў, пасьля гэтага ён, Багель, апынуўся ў Вілюгі на кручку і стаў на яго працаваць як перавозчык наркотыкаў, бо доўг не аддаў. Раздаліся пытаньні пра абставіны ўзьнікненьня доўгу. Аказалася, нават расьпіскі з Багеля Вілюга ня браў, хоць сума нібыта немалая. «Ён аказваў на мяне псыхалягічны ціск, згадваў пра тое, што мной цікавяцца супрацоўнікі КДБ, якія мяне ведаюць».

«Вам Вілюга нечым пагражаў?» — спрабаваў удакладніць адвакат Канстанціна Вілюгі. — «Не, але ён ведаў, што ў мяне ў Смаргоні жыве сям’я».

«Хто ўвогуле можа даказаць, што я вам пазычаў грошы?» — Канстанцін Вілюга дэманстратыўна зьвяртаўся да было сябра на «вы». — «Толькі ты», — сказаў Марат Багель і прызнаў, што ўжо ня лічыць Вілюгу сваім сябрам.

7. Як сам Марат Багель ставіцца да наркотыкаў?

У судзе некалькі разоў прагучалі ацэнкі Марата Багеля адносна сваіх падзельнікаў. Аднаго ён назваў «макавай галавой» — таму што той падсеў на макавыя наркотыкі, яшчэ двух назваў «тупымі» за ўжываньне іншых забароненых сродкаў.

Між тым сам Марат Багель, паводле матэрыялаў справы, ужо 15 гадоў ужывае наркотыкі, у яго забіралі марыхуану і амфэтамін.

Выснову, што чалавек дагэтуль залежыць ад наркатычных сродкаў, можна зрабіць, паназіраўшы ў судзе за зьменлівымі настроямі падсуднага, пачуўшы яго нэрвовыя і не заўсёды лягічныя адказы.

Ці ўзяць хаця б тое, як падчас допыту Багель раптам зьняў зь сябе чырвоную байку, бо, відаць, стала вельмі горача.

Але, зь іншага боку, выбух эмоцыяў можна і зразумець: ад цяперашніх адказаў на судовым допыце тэрмін пакараньня залежыць ня менш, чым ад адказаў падчас сьледзтва.

8. Чаму Марата Багеля пачалі дапытваць першым?

«У мяне ёсьць пагадненьне са сьледзтвам, і я яго прытрымліваюся», — шчыра сказаў суду Марат Багель. Але ці ўдаецца яму трымаць пасьлядоўную лінію? На некаторыя пытаньні Марат Багель спачатку адказвае «не», але потым робіць дадатак, які гэтае «не» абвяргае. На некаторыя кажа, што ня будзе адказваць увогуле, бо мае такое права. Побач з клеткай сядзіць адвакат, які спрабуе падказваць Багелю, што яму казаць. Гэтая сытуацыя ўжо спарадзіла канфлікт зь іншымі абаронцамі, якім паказаньні Багеля падаюцца небясьпечнымі для іхніх кліентаў. Ужо даходзіла да «разборак» у кулюарах суду. Карацей, не засумуеш.

Наступным «у чарзе» даваць паказаньні запісаны «верхавод» паводле сьледзтва — Канстанцін Вілюга. Між тым ходзяць чуткі, што даваць паказаньні да выступу сьведак ён адмовіцца. Магчыма, тады суд вырашыць зачытваць тое, што Вілюга казаў яшчэ на сьледзтве. Працэс па «справе 17-ці» адновіцца 9 сакавіка.

Праз момант пасьля заканчэньня паседжаньня
Праз момант пасьля заканчэньня паседжаньня

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG