Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд актору як праява клясавай нянавісьці? 


Арцём Бародзіч, актор Купалаўскага тэатру, у судзе 2 сакавіка.

Арцём Бародзіч, актор Купалаўскага тэатру, у судзе 2 сакавіка.

Трайны ўдар: тры пытаньні для трох аналітыкаў: Алег Грузьдзіловіч, Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў.

Ці ёсьць палітычная падкладка ў прысудзе актору Купалаўскага тэатру Арцёму Бародзічу?

Грузьдзіловіч: Пра сябе скажу: тэрмін у 5 год Бародзічу прадказаў дакладна, але гэта ў Беларусі нескладана. Бо прынцып «тэрмін пракурора мінус 1 год» дзейнічае амаль безадмоўна ў паказальных працэсах.

Тым ня менш я шчыра спадзяваўся на меншы тэрмін. Бо, па-першае, у судзе не былі прадстаўленыя доказы менавіта распаўсюду наркотыкаў, за што пакаралі Арцёма Бародзіча. Па-другое, вялікая маральная падтрымка з боку актораў тэатру, той факт, што ў актора народзіцца дзіця — гэта неяк стварала атмасфэру спадзяваньня, што абыдзецца, што ўлічаць гэтую асаблівасьць.

Алег Грузьдзіловіч

Алег Грузьдзіловіч

Вось такая была інтрыга падчас усяго працэсу, яшчэ сёньня яна захоўвалася, а цяпер — усё. Ілюзіяў няма. Замест аплядысмэнтаў правасудзьдзю — глухое маўчаньне судовай залі.

Чаму менавіта гэтак, амаль напоўніцу, пакаралі актора, хоць вядома, што акторы, як музыкі, як пісьменьнікі, заўсёды нейкім прывілеем карыстаюцца, бо гэта такая творчая багема, якая вельмі патрэбная ўладзе?

Я бачу адказ у складанай палітычнай сытуацыі менавіта цяпер. У беларускай улады было два жалезабэтонныя козыры — гэта барацьба з карупцыяй і барацьба за здаровы лад жыцьця, супраць тых жа наркотыкаў.

Але з барацьбой з карупцыяй якраз у студзені адбыўся пшык: аднаго за адным гучных карупцыянэраў сталі вызваляць, бо нібыта няма каму падымаць адстаючыя гаспадаркі. Мне ж бачыцца, што гэта проста спроба забясьпечыць падтрымку новай намэнклятуры. У любым выпадку, народ успрыняў выхад карупцыянэраў на волю адмоўна, і таму засталося быць прынцыповымі да канца ў другой справе — барацьбе з наркаманіяй.

Адсюль такая няўмольнасьць у справе Бародзіча, адсюль, дарэчы, і пазыцыя суду ў новым працэсе над 17 распаўсюднікамі наркотыкаў, які пачаўся ў Менскім гарадзкім судзе. Зроблена максымум, каб суд праходзіў галосна, хоць там могуць усплыць сакрэтныя матэрыялы.

То бок змаганьне з наркотыкамі становіцца вельмі важнай палітычнай справай, адсюль паказальнасьць гэтых працэсаў і няўмольнасьць прысудаў.

У справе Купалаўскага тэатру, магчыма, гэта і адказ дзяржавы на трывалую палітычную фронду трупы гэтага тэатру. Вось, маўляў, чаго вы ўсе вартыя і дзе ваша месца.

Не выключаю, што гады праз два актора і выпусьцяць з калёніі, і вызваляць паводле памілаваньня, ці нават раней, калі за яго нехта важны пахадайнічае перад Лукашэнкам, ці паставяць у сябе на сцэне якую «Малую зямлю» на сучасны лад. Карацей, пазмагацца за свайго калегу ім яшчэ давядзецца...

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Дракахруст: Мяне таксама ўразіў такі жорсткі прысуд. Улічваючы тое, што мы ведаем пра норавы багемы, гэта выглядае дзіка ўдвая, утрая. Нядаўна бачылі ўручэньне Оскара. Дык калі ў Галівудзе браць за пакецік марыхуаны, то трэба саджаць увесь Бэвэрлі Гілз ад пачатку да канца. Таму што гэта настолькі распаўсюджана ў гэтых колах... Гэта кепска, зразумела.

Мне адразу прыгадаліся працэсы па Плошчы. Некалькі месяцаў сьледзтва. Як казаў тады міністар унутраных спраў — 300 тэлекамэр, тысячы вачэй было. І вось па ўсіх працэсах бадзяецца кучка амапаўцаў, якія кажуць: нас білі, нас ганялі. Хто? Хто каго канкрэтна біў, ніякіх доказаў не было. Так і тут: знайшлі пакецікі, яны расфасаваныя — відаць, мог камусьці распаўсюджваць.

Грузьдзіловіч: Удакладняю: у пакеціках нічога не было! Пустыя пакецікі. Нават сьлядоў не было.

Дракахруст: Народ што абурае — ня тое, што колюцца, нюхаюць — што дзяцей разбэшчваюць, фактычна забіваюць. Але ў гэтым працэсе гэта самае слабое месца. Гэтага няма. Зразумела, калі б гэты актор раздаваў наркотыкі дзецям. Але гэта момант стаўленьня да багемы: ага, хлопцы, мы тут у полі, што называецца, а вы там седзіце ў цёплых тэатрах! Гэта мэханізм простай клясавай нянавісьці. І ён спрацаваў. І тое, што прыходзілі знакамітыя акторы, рэжысэры, у судзе сядзелі, прасілі — то папрасіце, папрасіце — у нас.

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Акалічнасьці гэтага прысуду сапраўды выклікаюць непаразуменьне. Фактычна ані сьведкі, ані нейкія факты не даказалі, што Бародзіч распаўсюджваў марыхуану. Ёсьць толькі доказы ўжываньня, але ўжываньне не зьяўляецца крымінальным парушэньнем. Аднак у праваахоўных органаў свая лёгіка, ім галоўнае — даказаць сваю правату, даказаць вінаватасьць абвінавачанага і пасадзіць яго на як мага большы тэрмін. За гэта — прэміі, станоўчая ацэнка з боку начальства. Мы ведаем статыстыку, што апраўдальныя прысуды складаюць каля 0,2 працэнта.

Тым больш калі абвінавачаны — ня нейкі сацыяльна дэградаваны наркаман, а актор, — у такім выпадку гарантаваная вялікая публічная ўвага да гэтай справы. Разьбірацца ў сутнасьці справы мала хто будзе, большасьць электарату ўспрыме гэта якраз адназначна — вось пасадзілі прадстаўніка «багемы» за распаўсюд наркотыкаў.

Наагул, канечне, барацьба з наркотыкамі — гэта тая справа, над якой думае ўвесь сьвет. На думку многіх, у ЗША барацьба з наркотыкамі — самая ганебная частка правасудзьдзя паводле колькасьці асуджаных па такіх справах. Таму некаторыя штаты прымаюць законы аб легалізацыі марыхуаны, самы вядомы сярод іх — гэта Каліфорнія. Агулам 10 краін легалізавалі марыхуану — самая вядомая Галяндыя, таксама Бэльгія, Уругвай, Партугалія. Сьвет да гэтага ідзе, таму што разумее, што ў свой час закон аб забароне алькаголю, «сухі закон», напрыклад, прывёў да ўтварэньня амэрыканскай мафіі. Шмат хто трымаецца думкі, што марыхуана як лёгкі наркотык ня больш шкодная за звычайныя цыгарэты. Такое строгае стаўленьне, наадварот, нараджае арганізаваную злачыннасьць. Ва ўсім сьвеце ідзе зьмякчэньне заканадаўства ў гэтым рэчышчы.

Беларусь, наадварот, ідзе шляхам узмацненьня пакараньня. Калісьці культура, зь якой вырабляецца марыхуана — каноплі — паўсюль цалкам легальна вырошчвалася, потым яе забаранілі. У 90-х забаранілі мак, які ва ўсіх на лецішчах рос. Мне здаецца, гэта шлях тупіковы.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG