Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лёгіка ў Чаргінца — адабраць і падзяліць. На сваю карысьць», — незалежныя выдаўцы


Мікалай Чаргінец

Мікалай Чаргінец

Старшыня праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец на зьезьдзе СПБ выступіў з ініцыятывай адлічваць у Літфонд «сродкі ад продажу замежнай літаратуры, якая ўвозіцца з-за мяжы, і кніг, выдадзеных недзяржаўнымі выдавецтвамі». Ён кажа, што гэтыя сродкі пойдуць на разьвіцьцё беларускай літаратуры. Як да гэтай ідэі ставяцца незалежныя выдаўцы, якіх Чаргінец прапануе абкласьці яшчэ адным падаткам?

Дырэктар Літаратурнага дома «ЛогвінаЎ» Ігар Логвінаў ініцыятыву Мікалая Чаргінца ацаніў так:

Ігар Логвінаў

Ігар Логвінаў

«Лёгіка ў Чаргінца — як лёгіка ва ўсіх дзяржаўных бандытаў: адабраць і падзяліць. На сваю карысьць. Яны ня могуць знайсьці сродкі зь дзяржаўнага бюджэту і прапануюць забраць у іншых. А дзяржаўных выдавецтваў у ніводнай нармальнай краіне ўжо не засталося. І гэта ня справа дзяржавы — друкаваньне кніжак. Праблема дзяржавы — рэгуляваньне ў галіне культуры. Напрыклад, палякі выдаткоўваюць 2% ВУП на разьвіцьцё культуры, у тым ліку і кніжнай культуры, літаратуры. І яны ня думаюць, дзе і ў каго гэтыя грошы адабраць.

Па-другое, гэтыя 3%, якія прапануе Чаргінец, усё адно будуць праплочваць нашы пакупнікі. І Беларусь ужо даўно ня „самая чытаючая дзяржава“. У нас і так кнігі ўжо ў некалькі разоў даражэйшыя, чым у Расеі, тыя ж расейскія кніжкі. І ўвядзеньне яшчэ аднаго падатку наагул „абрушыць“ чытаючую публіку.

Ну, і па-трэцяе, гэты ўдар па незалежных выдавецтвах, адпаведна, ударыць менавіта па беларускай літаратуры. Таму што асноўная маса беларускіх актуальных аўтараў друкуецца менавіта ў незалежных выдавецтвах. А ў дзяржаўных выдавецтвах выходзяць двухтомнікі Анатоля Рубінава і да яго падобных. Калі ўвядуць такі падатак, то мы за нашы ж грошы атрымаем такую літаратуру, якую любіць Чаргінец».

Дырэктар выдавецтва «Галіяфы» Зьміцер Вішнёў саму ідэю адлічваць пэўны працэнт на разьвіцьцё беларускай літаратуры ацэньвае як нядрэнную, але не разумее, чаму гэта тычыцца менавіта незалежных выдавецтваў. Тым больш што менавіта незалежныя выдавецтвы працуюць зь беларускімі аўтарамі. 90% кніг, якія ён выдае, — беларускамоўная літаратура:

Зьміцер Вішнёў

Зьміцер Вішнёў

«Калі я ў 1990-х гадах працаваў літаратурным кансультантам у Саюзе беларускіх пісьменьнікаў, старэйшыя калегі мне распавядалі, што за савецкім часам былі пэўныя адлічэньні ад выдачы кніжак у Літфонд, і гэта было апраўдана. Я думаю, што, магчыма, сама ідэя пералічэньня пэўных працэнтаў і цікавая. Але дзе гарантыя, што гэтыя сродкі пойдуць менавіта на разьвіцьцё літаратуры? Можа, усё ж такі трэба браць падатак не з кніжных выдаўцоў, а зь іншай камэрцыйнай дзейнасьці і накіроўваць на выдаваньне беларускай літаратуры? І наагул, падаткі, я лічу, трэба пераарыентаваць.

Што тычыцца нашых незалежных выдавецтваў, яны і так на мяжы выжываньня. Працуецца сёньня незалежным выдавецтвам вельмі цяжка, асабліва тым, хто працуе зь беларускай кнігай. І яшчэ адно пытаньне: а чаму гэта тычыцца толькі незалежных выдавецтваў? То бок возьмуць з нас, недзяржаўных, і перададуць дзяржаўным, якія і так маюць датацыі зь бюджэту?»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG