Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад лістом у падтрымку Віктара Пракапені паставілі 45 подпісаў


Віктар Пракапеня

Віктар Пракапеня

45 прадстаўнікоў беларускіх ІТ-кампаніяў і ІТ-прадпрымальнікаў паставілі свае подпісы пад лістом да Аляксандра Лукашэнкі ў падтрымку Віктара Пракапені, ІТ-прадпрымальніка, якога арыштавалі 3 тыдні таму паводле абвінавачаньня ў незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў уладальнік парталу tut.by, адзін з падпісантаў звароту Юры Зісер.

«Сёньня ліст пайшоў. Тэкст скарэктавалі, у тым ліку працытавалі выказваньні Аляксандра Лукашэнкі наконт разьвіцьця прадпрымальніцтва. Спадзяемся, гэта дапаможа», — сказаў Юры Зісер.

Аўтары ліста просяць Аляксандра Лукашэнку пасадзейнічаць у тым, каб адносна Віктара Пракапені была зьмененая мера стрыманьня — з арышту на падпіску пра нявыезд і належныя паводзіны, а таксама каб быў зьняты арышт з актываў, якія ня маюць дачыненьня да эпізодаў, што інкрымінуюцца Віктару Пракапені. Падпісанты сьцьвярджаюць, што знаходжаньне Віктара Пракапені пад арыштам з прычыны абвінавачаньня ў эканамічным злачынстве адмоўна адбіваецца на інвэстыцыйнай прывабнасьці Беларусі і наносіць пэўную матэрыяльную шкоду бюджэту краіны.

Віктар Пракапеня — вядомы ў сьвеце беларускі ІТ-прадпрымальнік, з дапамогай якога ў Беларусь прыйшлі інвэстыцыі ў некалькі мільёнаў даляраў. Сьледчы камітэт падазрае Віктара Пракапеню ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці, якая прынесла незаконны прыбытак у 650 тысяч даляраў.

Днямі Менскі гарадзкі суд не задаволіў скаргу абароны Віктара Пракапені адносна зьмены яму меры стрыманьня з арышту на падпіску пра нявыезд.

XS
SM
MD
LG