Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па адной сьмерці ў Жодзінскай турме крымінальную справу завялі. Па другой — пакуль не


Жодзінская турма

Жодзінская турма

З пачатку году ў Жодзінскай турме № 8 памерлі два даволі маладыя і здаровыя зьняволеныя.

29 студзеня ў ізалятары турэмнага шпіталя памёр 36-гадовы жыхар Менску Алег Багданаў, а 20 верасьня памёр 39-гадовы маёр міліцыі ў адстаўцы Ігар Барбашынскі. Родныя Алега Багданава дамагліся завядзеньня крымінальнай справы ў дачыненьні да мэдыкаў паводле часткі 2 артыкула 162 Крымінальнага кодэксу (неналежнае выкананьне прафэсійных абавязкаў мэдыцынскім работнікам, што пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць пацыента).

Дзеля таго, каб на сьмерць у турме зьвярнулі ўвагу, маці памерлага Алега Багданава — Марыне Багданавай давялося восем месяцаў хадзіць па інстанцыях, пісаць скаргі ў Сьледчы камітэт, пракуратуру, Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў. Тройчы ёй адмаўлялі ў завядзеньні крымінальнай справы «ў сувязі з адсутнасьцю складу злачынства».

Алег Багданаў, інвалід трэцяй групы, яшчэ да зьняволеньня стаяў на ўліку ў кардыялягічным цэнтры, у 2014 годзе яму зрабілі тэрміновую апэрацыю на сэрцы. Хоць, як паказала экспэртыза Жодзінскага міжраённага аддзелу Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз, сьмерць Алега Багданава наступіла «ў выніку вострай сардэчнай недастатковасьці, якая разьвілася на фоне перарасьцяжэння (дылятацыі) левага перадсэрдзя і жалудачка і павышэньня ціску ў лёгачнай артэрыі ў сукупнасьці з хранічнай сардэчнай недастатковасьцю». У ізалятары турэмнай бальніцы Алег Багданаў знаходзіўся на момант сьмерці адзін, ніякай мэдычнай дапамогі яму не аказалі.

Два тыдні таму маці Багданава ўдалося трапіць на асабісты прыём да старшыні Сьледчага камітэту Беларусі. У выніку скаргу прынялі да разгляду, і літаральна празь дзень была заведзена крымінальная справа паводле часткі 2 артыкула 162 КК (неналежнае выкананьне прафэсійных абавязкаў мэдыцынскім работнікам, што пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць пацыента). Марына Багданава днямі атрымала з Цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту афіцыйны адказ, што папярэдняе расьсьледаваньне даручана Ўпраўленьню Сьледчага камітэту па Менскай вобласьці.

Ігар Барбашынскі

Ігар Барбашынскі

А вось прычына сьмерці 39-гадовага случака Ігара Барбашынскага дагэтуль невядомая. Былы міліцыянт, спартовец раптоўна памёр падчас сьледзтва. Братоў Ігара і Івана Барбашынскіх абвінавачвалі ў «непадпарадкаваньні міліцыянтам пры выкананьні службовых абавязкаў, супраціве і зьбіваньні супрацоўнікаў РАУС». Іх справу ўжо некалькі месяцаў разглядае суд Слуцкага раёну. Старэйшы брат Ігар памёр, а Іван дагэтуль утрымліваецца ў Жодзінскай турме.

Маці Барбашынскіх Галіна Паўлаўна таксама цягам месяца зьвяртаецца ва ўсе інстанцыі, але пакуль беспасьпяхова:

«Гэта лягер сьмерці, а не турма. Мой сын ніколі нічым не хварэў, ён займаўся спортам, фізычна быў вельмі дужы. Ніякіх тлумачэньняў, ад чаго ён памёр, мне не даюць. Маўляў, праводзяцца экспэртызы. Ідуць толькі адпіскі, накіроўваюць з адной інстанцыі ў другую. У Жодзінскім сьледчым камітэце мне тлумачылі так: 16 верасьня ў 20:46 сын паступіў у Жодзінскі турэмны шпіталь у рэанімацыю. Больш мне нічога ня кажуць. Адзінае, папярэдні дыягназ турэмнага лекара — пнэўманія. 19 верасьня яго выпісваюць са шпіталя ў цяжкім стане — з рэанімацыі! І пераводзяць у турэмны ізалятар. Калі мой сын быў пры сьмерці, чаму бацькам не паведамілі? А 20 верасьня раніцай мне патэлефанавалі і сказалі, што сын памёр...

Я вельмі баюся за лёс другога сына, Івана, які знаходзіцца пад сьледзтвам у той жа самай жодзінскай турме. Яго нават не адпусьцілі на пахаваньне брата. Няхай бы хоць у кайданках прывялі разьвітацца! Каб жа зь ім нічога ня здарылася...»

Афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту па Менскай вобласьці Тацяна Беланог паабяцала высьветліць, на якой стадыі справа аб сьмерці Барбашынскага, і паведаміць.

Але ёсьць ужо адзін выпадак, калі маці нябожчыка з дапамогай праваабаронцаў дамаглася судовага разгляду справы аб сьмерці вязьня. У пятніцу ў судзе Маскоўскага раёну Менску будзе абвешчаны прысуд фэльчару мэдчасткі СІЗА № 1 Аляксандру Крылову, які абвінавачваецца паводле артыкула 162 Крымінальнага кодэксу. Гэта неналежнае выкананьне прафэсійных абавязкаў, якое пацягнула за сабой празь неасьцярожнасьць сьмерць пацыента — 21-гадовага Ігара Пцічкіна. Пракурор патрабуе для фэльчара 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі-пасяленьні. Каб давесьці справу да суду, маці нябожчыка Жаньне Пцічкінай і праваабаронцам спатрэбілася больш за тры гады.

Што да Жодзінскай турмы, то, акрамя загадкавых сьмерцяў даволі маладых людзей, тут адбылося яшчэ некалькі суіцыдаў і спробаў суіцыдаў. У лістападзе 2013 году ў карцэры скончыў жыцьцё самагубствам жыхар Менску Арцём К. На пачатку 2015 году кантралёр Жодзінскай турмы быў асуджаны за «давядзеньне да самагубства» і «перавышэньне службовых паўнамоцтваў» на 6 гадоў калёніі. На пачатку году спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам на знак пратэсту супраць прысуду і катаваньняў жыхар Салігорску Ягор Пратасеня. Два месяцы ён прабыў у коме і, не вярнуўшыся да прытомнасьці, памёр. Пакуль за сьмерць 19-гадовага хлопца ніхто з турэмшчыкаў адказнасьці не панёс.

XS
SM
MD
LG