Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта абсалютна ірацыянальны крок з боку ўладаў», — Стэфановіч пра новую справу за падзеі 19 сьнежня 2010 году


Меркавана, Уладзімер Кондрусь біе шкло Дома ўраду падчас акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 года. Супрацоўнікі спэцслужбаў з камэрамі яму не замінаюць

Меркавана, Уладзімер Кондрусь біе шкло Дома ўраду падчас акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 года. Супрацоўнікі спэцслужбаў з камэрамі яму не замінаюць

Праваабаронцы зьбіраюцца прызнаць палітвязьнем жыхара пасёлку Рудзенск Уладзімера Кондруся, які абвінавачваецца ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» 19 сьнежня 2010 году.

Пра гэта ў інтэрвію Свабодзе паведаміў юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Як магло здарыцца, што Ўладзімер Кондрусь узяты пад варту за падзеі 6-гадовай даўніны? І ці ёсьць у праваабаронцаў вэрсіі, чаму менавіта ён зазнаў перасьлед?

— Я наўрад ці патлумачу, чаму. Але зь юрыдычнага пункту гледжаньня гэта магчыма, бо справа па падзеях 19 сьнежня ня спыненая, ня выйшлі яшчэ тэрміны прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці паводле артыкула 293 (масавыя беспарадкі). Па Алесю Міхалевічу, напрыклад, справа прыпыненая, а ня спыненая. Таму ў вузка юрыдычным сэнсе гэта магчыма.

А з палітычнага пункту гледжаньня камэнтаваць усё гэта цяжка. Мне здаецца, гэта абсалютна ірацыянальны крок з боку ўладаў — садзіць чалавека за краты па падзеях амаль ужо 6-гадовай даўніны, якім была тады дадзеная прынцыповая ацэнка з боку міжнароднай супольнасьці і ў тым ліку Эўразьвязу, з-за чаго ў прынцыпе ў свой час былі ўведзеныя санкцыі. Мне сумна, што нам кажуць, што гэтая старонка перагорнутая, мы пачынаем адносіны з Эўразьвязам з нуля, а выходзіць, што за абаяльнай усьмешкай спадарыні Купчыной насамрэч нічога не стаіць.

Мы адказна будзем вызнаваць яго палітвязьнем, бо пазыцыя беларускіх праваабаронцаў у ацэнцы тых падзей 19 сьнежня не мяняецца. Мы лічым, што гэта не былі масавыя беспарадкі. Таму мы ў хуткім часе будзем прымаць адпаведную заяву.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч

Ці трапляў раней Уладзімер Кондрусь у поле зроку праваабаронцаў?

Падобна, што гэта чалавек не сыстэмны і малавядомы актывістам апазыцыі і праваабаронцам. Асабіста мы яго ня ведаем

— Ён трапляў у наша поле зроку. У 2011 годзе 19 сьнежня ён быў затрыманы (прынамсі, чалавек з такім прозьвішчам ёсьць у нас у базе) за ўдзел у акцыі, прысьвечанай гадавіне падзей Плошчы. Ён быў тады аштрафаваны разам з шэрагам іншых актывістаў.

Падобна, што гэта чалавек не сыстэмны і малавядомы актывістам апазыцыі і праваабаронцам. Асабіста мы яго ня ведаем.

Як вы даведаліся пра яго арышт?

— Да нас зьвярнуліся ягоныя бацькі, і нам ад іх стала вядома, што ён узяты пад варту 14 чэрвеня менавіта па падзеях 19 сьнежня 2010 году. Родныя сказалі, што яго апазналі па фота 25 сакавіка.

Далей мы ўжо правялі расьсьледаваньне. Мы памяталі, што былі публікацыі, дзе чалавека паказвалі на фатаздымках і казалі, што гэта правакатар, што ён 19 сьнежня актыўна прымаў удзел у тых падзеях, а цяпер 25 сакавіка ён стаіць на Дні Волі. Я ніколі не падтрымліваў, калі вось так безапэляцыйна сьцьвярджаюць, што хтосьці правакатар.

«Барыкады» ў Доме ўраду, падрыхтаваныя яшчэ да прыходу натоўпа з Кастрычніцкай на плошчу Незалежнасьці

«Барыкады» ў Доме ўраду, падрыхтаваныя яшчэ да прыходу натоўпа з Кастрычніцкай на плошчу Незалежнасьці

Тут можна прыгадаць выпадкі, калі людзі былі асуджаныя па падзеях 19 сьнежня — так званы агент-«навушнік» ці Федаровіч, які біў шкло, але, як высьветлілася, рабіў гэта «ад шчырага сэрца».

Мы паказалі фота з тых публікацыяў бацькам, і яны апазналі ў гэтым чалавеку свайго сына.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG