Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў і Статкевіч заклікалі на акцыю грамадзкай прысягі на вернасьць Беларусі


Уладзімер Някляеў і Мікалай Статкевіч, архіўнае фота

Уладзімер Някляеў і Мікалай Статкевіч, архіўнае фота

Уладзімер Някляеў і Мікалай Статкевіч заявілі пра намер правесьці 12 верасьня падчас мітынгу за сапраўдныя выбары акцыю грамадзкай прысягі на вернасьць Беларусі і гатоўнасьць бараніць яе незалежнасьць са зброяй у руках.

Яны нагадалі, што 8 верасьня 1992 году патрыятычныя арганізацыі правялі акцыю грамадзкай прысягі на вернасьць Беларусі. У акцыі ўзялі ўдзел тысячы грамадзянаў, якія пакляліся на Плошчы бараніць у выпадку неабходнасьці сваю краіну са зброяй у руках.

«Тая акцыя надоўга спыніла шавіністычную гістэрыю вакол нашай незалежнасьці. Цяпер, калі пагроза ўзьнікла зноў, калі побач з нашымі межамі ўжо разгортваюцца вайсковыя сілы, а ўлады ў адказ толькі дэманструюць гатоўнасьць уздымаць над сабой чужы сьцяг, час патрыётам заявіць, што Беларусь не застанецца неабароненай, што яе ёсьць каму бараніць. Наша цьвёрдасьць можа спыніць патэнцыйнага агрэсара», — гаворыцца ў заяве палітыкаў, апублікаванай у Фэйсбуку.

«Мы будзем змагацца за новыя, сапраўдныя выбары. Але перад пагрозай нашай дзяржаве і нацыі трэба ўжо зараз цьвёрда прадэманстраваць нашу рашучасьць бараніць сваю краіну», — пішуць Някляеў і Статкевіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG