Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Някляеў і Мікола Статкевіч заклікаюць 12 верасьня на акцыю пратэсту ў Менску. Ці будзе нейкі плён ад акцыі апазыцыі 12 верасьня? Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч і Віталь Цыганкоў.

Глод: Пра тое, што былы палітвязень і экс-кандыдат на прэзыдэнта Беларусі Мікола Статкевіч зьбіраецца на наступны дзень пасьля завяршэньня выбараў у Палату прадстаўнікоў правесьці на Кастрычніцкай плошчы акцыю пратэсту, было аб’яўлена ўжо некалькі месяцаў таму. Стаўленьне да ідэі — рознае. Адны яе падтрымліваюць. Але скептыкаў болей. Апошнія спасылаюцца на мінулагодняю акцыю супраць дыктатуры, якую арганізоўваў той жа спадар Статкевіч, прымеркаваўшы яе да гадавіны так званага рэфэрэндуму 24 лістапада 1996 году. Тады ў ёй удзельнічалі ўсяго некалькі сотняў чалавек. Параўнаньне з Плошчай у сьнежні 2010 году, зразумела, не на карысьць «рэфэрэндумнай» акцыі. І сапраўды — сотні ўдзельнікаў гэта не дзясяткі тысячаў маніфэстантаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Яшчэ адзін аргумэнт скептыкаў — народу абсалютна абыякавыя выбары ў так званы парлямэнт. Яны ведаюць, што дэпутаты нічога самастойна не вырашаюць. І таму цікавасьць у беларусаў выключна да выбараў прэзыдэнта. З-за гэтага яны парлямэнцкую акцыю праігнаруюць.

Мікола Статкевіч, зразумела, ведае пра такія погляды. Але ўчора ён разам зь іншым экс-кандыдатам на прэзыдэнта Ўладзімерам Някляевым папярэдзілі Менскі гарвыканкам пра намер правесьці 12 верасьня масавую акцыю пратэсту супраць фальсыфікацыяў. Яе ўдзельнікі на Кастрычніцкай плошчы будуць патрабаваць сапраўдных выбараў замест выбарчых фарсаў.

Статкевіч падкрэсьліў, што дакумэнт, які перададзены ў выканкам, не зьяўляецца заяўкай на дазвол акцыі

Зьвяртаньне ў сталічны гарвыканкам лідэры акцыі патлумачылі тым, што ў Беларусі адсутнічае законна абраны парлямэнт і, адпаведна, няма легітымнай працэдуры рэалізацыі канстытуцыйнага права на свабоду мітынгаў і дэманстрацый. Таму, у адпаведнасьці з прынятай у суседніх краінах практыкай, Статкевіч і Някляеў паведамілі пра свой намер за 5 дзён да пачатку акцыі. Арганізатары прапануюць менскай вэртыкалі не чыніць перашкод правядзеньню акцыі.

Статкевіч падкрэсьліў, што дакумэнт, які перададзены ў выканкам, не зьяўляецца заяўкай на дазвол акцыі. «Гэта апавяшчэньне аб намеры яе правесьці. Акцыя будзе, яны не могуць мне яе забараніць, я не прашу дазволу», — заявіў былы палітвязень.

Ён таксам патлумачыў, чаму акцыя за сапраўдныя выбары праводзіцца ў панядзелак 12 верасьня, а не адразу па завяршэньні галасаваньня. Бо падчас прэзыдэнцкіх выбараў людзі выходзілі на Плошчу, каб паспрабаваць перашкодзіць незаконнаму панаваньню дыктатарскага рэжыму яшчэ на 5 гадоў. Але ж пратэсты пасьля парлямэнцкіх выбараў такую задачу наўпрост ня ставяць. Апроч таго, у панядзелак у акцыі маюць права ўзяць удзел сотні дэмакратычных назіральнікаў, занятых у нядзелю на выбарах. А яны могуць расказаць шмат цікавага з убачанага.

Статкевіч і Някляеў чакаюць, што да акцыі далучацца кандыдаты ў дэпутаты, якіх улада асабіста абразіць, напісаўшы ім некалькі працэнтаў галасоў выбарцаў. Бо калі адзінай рэакцыяй у адказ на фальсыфікацыі і ўкрадзеную перамогу стануць толькі пакрыўджаныя заявы і скаргі заходнім партнэрам, то такія паводзіны нельга назваць годнымі.

Я, калегі, выклаў вам сытуацыю і хачу пачуць вашы меркаваньні: ці будзе нейкі плён ад акцыі апазыцыі 12 верасьня?

Цыганкоў: Масавыя акцыі пратэсту — гэта палітычная фішка менавіта Міколы Статкевіча. Вялікім сьвятам было для ўсіх нас, калі ён выйшаў на волю і літаральна праз пару тыдняў ён арганізаваў масавыя акцыі пратэсту, у іх прымалі ўдзел да тысячы-паўтары чалавек. Ён сказаў: я вярну вулічныя палітычныя акцыі ў беларускі парадак дня. Гэтая форма палітычнай дзейнасьці зьяўляецца для яго натуральнай, і ён адчувае сябе ў ёй як рыба ў вадзе і лічыць яе правільнай. У «Інтэрвію тыдня» Мікола Статкевіч некалькі тыдняў таму казаў, што «12-га верасьня мы ня будзем пратэставаць супраць фальсыфікацыяў. Для нас відавочна, што выбары — гэта фарс, мэта нашай акцыі — паказаць, што мы народ і патрабуем нармальных выбараў. Па сутнасьці, гэта акцыя годнасьці. Мы будзем патрабаваць сапраўдных дэмакратычных выбараў». То бок Мікола Статкевіч ня мае ніякіх ілюзій наконт вынікаў выбараў і таго, што яны могуць вывесьці людзей на вуліцы, а якраз канцэнтруецца на тым, што гэтая акцыя накіраваная на больш глябальныя рэчы, а менавіта патрабаваньне ў будучым свабодных выбараў.

А прагноз мой дастаткова скептычна — наўрад ці гэтая акцыя зьбярэ нейкую большую колькасьць людзей, акрамя традыцыйных удзельнікаў

Наколькі яна будзе масавай і папулярнай? Мне здаецца, зараз ужо можна рабіць прагнозы па некалькіх прычынах. А прагноз мой дастаткова скептычна — наўрад ці гэтая акцыя зьбярэ нейкую большую колькасьць людзей, акрамя традыцыйных удзельнікаў. То бок, можна ацэньваць яе ў некалькі сотняў, да тысячы людзей — гэта можна было б лічыць нават посьпехам. Матыў і заклік да гэтай акцыі ў большасьці людзей не выклікае вялікага энтузіязму — патрабаваць свабодных выбараў, пратэставаць супраць вынікаў гэтых парлямэнцкіх выбараў. Вынікі мала цікавяць большасьць народу і тым больш мала людзі бачаць неабходнасьць пратэставаць. Вакол гэтай акцыі няма згоды ўнутры саміх дэмакратычных сіл. Перш за ўсё не падтрымала гэтую ідэю Правацэнтрысцкая кааліцыя, самае масавае аб’яднаньне дэмакратычных сіл. І тут ёсьць розныя матывы, у тым ліку матыў рэўнасьці, суперніцтва. Прынамсі днямі гаварыў на гэтую тэму з некаторымі палітыкамі з гэтага блёку і адчуў такія матывы, маўляў, Мікола спрабуе перахапіць ініцыятыву, акцыя гэтая непатрэбная і гэтак далей.

Правацэнтрысты таксама заяўляюць, што яны разумеюць, што такое выбары і ўспрымаюць іх як магчымасьць пагаварыць зь людзьмі, і для гэтага акцыя не патрэбная. Таму акцыя ня стане аб’яднаўчай для ўсёй апазыцыі, наўрад ці ў нашых канкрэтных умовах гэтага палітычнага тыдня можа сабраць вялікую колькасьць людзей.

Гурневіч: Уладзімер Някляеў добры аратар, Мікола Статкевіч адважны арганізатар, але прычына, чаму гэтая акцыя пацерпіць паразу альбо не зьбярэ масу людзей не ў асобах, якія арганізуюць. Нават калі б усе кааліцыі ў Беларусі аб’ядналіся, гэта не дало б плёну. Беларусы вельмі прагматычныя людзі. У іх, мне падаецца, ёсьць тонкае адчуваньне моманту, хаця многім гэта можа падацца адгаворкай альбо нават сьмешным. Беларусы ведаюць, у якой краіне яны жывуць і якая сыстэма ў ёй пануе. Яны пралічваюць усе за і супраць і тады прымаюць рашэньне, ці «варта паміраць за Гданьск», як той казаў.

Любы пратэст можа завершыцца стратай працы, мільённымі штрафамі, зьбіцьцём, а дасягненьне мэты ў беларускай сытуацыі вельмі цьмянае

Любы пратэст можа завершыцца стратай працы, мільённымі штрафамі, зьбіцьцём, а дасягненьне мэты ў беларускай сытуацыі вельмі цьмянае. Улада 25 гадоў ня спала ў шапку і выпрацавала мэханізм запалохваньня грамадзтва і падаўленьня пратэстаў. У такой сытуацыі дамагацца адстаўкі ўлады ці зьмены сыстэмы выглядае самагубствам. На лякальным узроўні пратэсты магчымыя, яны адбываюцца і даюць вынік. Але гэта кропкавыя пратэсты і глябальна для ўлады не ўяўляюць небясьпекі.

Ёсьць шэраг чыньнікаў, якія могуць зьмяніць гэтую сытуацыю. Галоўны зь іх — людзі павінны бачыць, што пазыцыя ўлады пахіснулася, што там няма адзінства, што яна пачынае сыпацца. Так як было ў СССР. Цяжка ўявіць пратэсты ў андропаўскія часы, а пры Гарбачове, які вырашыў ачалавечыць савецкую сыстэму — гэта стала магчымым. Ну і вядома, камуністы за гэта горка заплацілі. Менавіта гэты досьвед, як мне здаецца, стрымлівае Лукашэнку ад моцных зьменаў сыстэмы, якія з аднаго боку маглі задаволіць апазыцыйную частку грамадзтва, але зь іншага — пакласьці крыж на яго ўладзе, калі б пачаўся «разгул дэмакратыі».

Наступны чыньнік — гэта эканамічная сытуацыя. Мы казалі сёньня пра зьбядненьне, але гэта яшчэ ня тое дно, ад якога грамадзтва магло б адбіцца і выйсьці на вуліцы патрабаваць зьменаў. У беларусаў заўсёды ёсьць адгаворка: вось у Расеі цяжка, ва Ўкраіне цяжка, дык і траціна прыбалтаў паехалі ў Лёндан і Дублін. І менавіта эканамічны чыньнік пакуль ключавы.

Справа ў тым, што людзі за гады незалежнасьці павысілі дабрабыт і якасьць жыцьця. Людзі купляюць прыгожую вопратку, дарагія гаджэты, адпачываюць за мяжой. Адмаўляцца ад гэтага вельмі складана. І менавіта гэта можа прымусіць выйсьці людзей пратэставаць. І калі людзей зьбядненьне зачэпіць вельмі моцна, то яны будуць пратэставаць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG