Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нью-Ёрку пачынаецца першы крымінальны суд супраць Трампа — за выплаты порнаакторцы


Дональд Трамп, архіўнае фота
Дональд Трамп, архіўнае фота

Былы прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп 15 красавіка паўстане перад судом у справе аб магчымых незаконных выплатах акторцы фільмаў для дарослых Стормі Дэніэлс у 2016 годзе.

Гэта стане першым у гісторыі падобным выпадкам суда над экс-прэзыдэнтам ЗША ў крымінальнай справе.

Цягам месяцаў Трамп і яго каманда адвакатаў спрабавалі адтэрмінаваць пачатак разгляду справы, аднак судзьдзя адмовіў ім у гэтым.

Пачынаючы з панядзелка, 15 красавіка, Трамп павінен будзе наведваць пасяджэньне суду на Нью-Ёрку ў справе, якая працягнецца мінімум шэсьць тыдняў, бо законы штату патрабуюць яго асабістай прысутнасьці на працягу ўсяго судовага працэсу. Гэта перашкодзіць ягонаму ўдзелу ў прэзыдэнцкай перадвыбарнай кампаніі ў гэты час, нагадвае The Hill.

Суд у панядзелак пачнецца, як мяркуепцца, з працяглага і супярэчлівага працэсу адбору 12 прысяжных і іх намесьнікаў, якія ўрэшце павінны будуць вынесьці рашэньне ў справе.

Адвакаты Трампа і юрысты штата спачатку будуць правяраць групу з больш як 100 звычайных грамадзян, выкліканых судзьдзёй Хуанам Мэрчанам, каб пераканацца, што ў іх няма істотных перадузятасьцяў, якія маглі б паўплываць на справядлівае рашэньне справы. Гэты працэс можа зацягнуцца на некалькі дзён, калі ня тыдняў.

Як піша Reuters, знайсьці бесстароньніх у дачыненьні да былога прэзыдэнта — уладальніка імпэрыі нерухомасьці на Мангэтане жыхароў Нью-Ёрку можа быць складана.

«У Нью-Ёрку амаль няма чалавека, які б ня меў думкі аб Дональдзе Трампе. Многія лічаць, што ён альбо ўвасабленьне сатаны, альбо другое прышэсьце Ісуса», — сказаў адвакат Пол Эплбаўм, які ня ўдзельнічае ў справе, камэнтар якой прыводзіць агенцтва.

Сам Трамп неаднаразова заяўляў, што ня зможа мець справядлівага суду ў Нью-Ёрку, бо там пераважаюць прыхільнікі Дэмакратычнай партыі, а таксама з прычыны інтэнсіўнай увагі мэдыя да ягонай справы, нагадвае агенцтва AFP.

У пятніцу, 12 красавіка, Трамп заявіў, што выступіць на судзе, што, як правіла, незвычайны і рызыкоўны крок для падсудных.
Экс-прэзыдэнту выставілі абвінавачаньні паводле 34 пунктаў у фальсыфікацыі афіцыйнай дакумэнтацыі. Калі ён будзе прызнаны вінаватым, Трампу пагражае да 4 гадоў турмы па кожным з 34 пунктаў абвінавачаньня.

Аднак у выпадку абвінаваўчага прысуду Трамп зможа падаць апэляцыю і яму не забароняць працягваць удзел у прэзыдэнцкай кампаніі ці быць абраным прэзыдэнтам на выбарах 5 лістапада, дадае AFP.

Сам Трамп не прызнаў сябе вінаватым у гэтай справе супраць яго і лічыць гэты і іншыя судовыя працэсы ўмяшаньнем у выбары з боку ягоных палітычных апанэнтаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG