Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Матыліцкая: Час, які мы правялі ў Талацэ разам зь ім, самы шчасьлівы і ўзьнёслы ў жыцьці


Талакоўцы пяюць. Сяржук Вітушка першы зьлева
Талакоўцы пяюць. Сяржук Вітушка першы зьлева

Пра Талаку і Сержука Вітушку згадвае фальклярыстка і сьпявачка аўтэнтычных сьпеваў Натальля Матыліцкая:

Натальля Матыліцкая
Натальля Матыліцкая

У мяне заўсёды была цікавасьць да фальклёру, але яна вельмі падмацавалася менавіта ў Талацэ. Бо як можна сказаць, што народная песьня – гэта душа народа, так Сяргея Вітушку мы між сабой называлі душой Талакі.

Аднойчы, дзякуючы Сержуку Вітушку, я была Купалінкай на Купальлі. Гэта быў 1989 год. Ён уручыў мне паходню і сказаў запаліць купальскае вогнішча. Я была зьдзіўленая, бо прыйшла ў Талаку яшчэ зусім нядаўна, ды і там хапала іншых дзяўчат на гэтую пачэсную ролю. Сяржук, заўважыўшы маю няўпэўненасьць сказаў: «Будзеш Купалінкай, бо ты тут самая прыгожая і да таго ж добра сьпяваеш». Здымак, на якім я ў вобразе Купалінкі запальваю вогнішча, нават друкаваўся ў «Родным слове».

Увогуле запомнілася атмасфэра, якую ствараў Сяржук Вітушка ў Талацэ. Ён быў добры арганізатар, але разам з тым мы не адчувалі, што сьвяты і імпрэзы добра арганізаваныя, настолькі лёгка і нязмушана яны праходзілі. А сьвятаў было шмат – то Гуканьне вясны, то Купальле, то Каляды, прычым кожнае мы праводзілі ў Менску і яшчэ ў некалькіх гарадах. У мяне заўсёды было адчуваньне самаарганізацыі, якой яна бывае ў фальклёрным працэсе на вёсцы. Дабіцца б такой лёгкасьці сучасным культурным работнікам у культурных установах…

Яшчэ помню Сержука як выдатнага батлейшчыка. Упершыню мы паказалі батлеечныя спэктаклі падчас адкрыцьця Музэя Максіма Багдановіча і «Беларускай хаткі» (філіяла музэя Багдановіча). Сяржук паказваў цара Ірада. Я разам з Уладзімерам Берберавым, кіраўніком гурта «Ліцьвіны», грала і сьпявала. Сяржук і тады, і пасьля ў Вільні, праявіў сябе як выдатны музэйны работнік. Але і тут зусім не адчувалася, што ён на нейкай афіцыйнай працы – з такой любоўю і захапленьнем ён ставіўся да таго, за што браўся.

Час, які мы правялі ў Талацэ разам зь ім, самы шчасьлівы і ўзьнёслы ў жыцьці.

Пра сябе: У канцы 80-х я пачынала сьпяваць у гурце «Ліцьвіны». І ў Талацэ ў асноўным удзельнічала толькі ў сьвятах. Пасьля досьвед арганізатарскай працы мне прыдаўся ў Заслаўскім музэі-запаведніку, першым беларускім музэі, які пачаў аднаўленьне абрадавых сьвятаў, пасьля – у Строчыцкім музэі, дзе я працавала фальклярыстам і загадчыцай аддзела народнай творчасьці. Цяпер я выкладаю міталёгію, фальклёр і этнаграфію ў Беларускім дзяржаўным ўнівэрсытэце культуры і мастацтва, дасьледую каляндарна-абрадавыя фальклёры і традыцыі Случчыны, адкуль я паходжу. Удзельнічала ў рок-гурце «Юр’я», гурце «Рада», маю сольны дыск «Пчолачка».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG