Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФМС Расеі: Беларусь — у лідэрах парушальнікаў харчовага эмбарга


Расейская фэдэральная мытная служба сьцьвярджае, што Беларусь выйшла ў лідэры па аб’ёме рээкспарту санкцыйных тавараў у Расею.

Пра гэта сьведчыць колькасьць спраў аб адміністрацыйных правапарушэньнях: мытныя органы распачалі 256 адміністрацыйных спраў па фактах увозу санкцыйнага харчаваньня зь Беларусі.

На другім месцы — Літва і Польшча (112 спраў), на трэцім — Украіна (39 спраў). Далей у гэтым шэрагу значацца Казахстан (28 спраў), Латвія (26 спраў), Фінляндыя (22 справы), Эстонія (18 спраў).

Расейскія мытныя органы распачалі 23 крымінальныя справы і 550 спраў аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

У цэлым ФМС з 7 жніўня 2014 году па 31 сьнежня 2015 году затрымала і канфіскавала больш за тысячу тон забароненага да ўвозу санкцыйнага харчаваньня на суму 138,7 млн рублёў. Гэта тычыцца мясной, плодагародніннай і малочнай прадукцыі.

Без распачынаньня крымінальных і адміністрацыйных спраў вернута на сумежныя тэрыторыі больш за 8 тыс. тон тавараў асобнай катэгорыі, цытуе ТАСС ФМС.

У жніўні 2014 году Расея ўвяла харчовае эмбарга супраць ЗША, ЭЗ, Канады, Аўстраліі і Нарвэгіі. Потым гэтае эмбарга Расея падоўжыла яшчэ на год — да 6 жніўня 2016 году. Акрамя таго, сьпіс краін, у дачыненьні да якіх уведзены расейскія санкцыі, быў пашыраны — да яго далучылі Альбанію, Чарнагорыю, Ісьляндыю і Ліхтэнштэйн.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG