Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя аднаго цуду: Марына Лычкоўская


Марына Лычкоўская. Здымак Арцёма Канцавога.
Марына Лычкоўская. Здымак Арцёма Канцавога.

Асабіста для мяне антысэмітызм і быў і застаецца загадкай. Ня тое, што падтрымаць, зразумець не магу. Тым больш, калі антысэмітызм спрабуюць прадставіць як складнік беларускай нацыянальнай ідэі. Тады, трыццаць гадоў таму, калі стварылася першае публічнае аб’яднаньне Беларуская Майстроўня, гэты самы антысэмітызм спрабаваў у яе прабрацца. Але не прабраўся. І я разумею, чаму.




Мы былі арыентаваныя на пашырэньне ведаў, на разьвіцьцё культуры, на адкрытасьць. І калі ў прыватнай размове нехта са старэйшых нацыяналістаў заводзіў гаворку пра тое, што “ва ўсім вінаватыя жыды”, якія недзе ў Бабруйску на мылавараным заводзе наўмысна вырабляюць мыла “Беларусь”, каб беларусы штодня змыльвалі з кавалка сьвятое імя сваёй Бацькаўшчыны, для нас гэта гучала сьмешна, калі ня тупа. І прымушала задумляцца пра тое, што беларуская ідэя можа быць ня толькі сьветлай, адкрытай і прывабнай, але і вось такой – прымітыўнай ды зацыкленай на выяўленьні ворагаў.

Напэўна, жыды станавіліся ва ўсім вінаватымі ад бясьсільля сьвядомых беларусаў перад сыстэмай, якая русіфікацыю зрабіла дзяржаўнай палітыкай. Магчыма, мы, у адрозьненьне ад старэйшых, былі не настолькі бітыя ды застрашаныя гэтай сыстэмай, каб галоўную прычыну дэнацыяналізацыі бачыць у сыстэме, а не ў жыдах. Так ці інакш, але мы ўсяляк імкнуліся засьцерагаць сваё кола ад такіх праяваў, як антысэмітызм. Як дарэчы і ад любых іншых ацэнак чалавека паводле ягонай этнічнай прыналежнасьці. Наадварот, далучэньне да Майстроўні этнічных небеларусаў толькі віталася і пераконвала нас саміх у прывабнасьці й агромністым патэнцыяле нашай ідэі, інакш кажучы – у тым, што мы на слушным шляху.

НАЗВЫ НАТУРАЛЬНЫЯ І АБРАЗЬЛІВЫЯ


Тэма жыдоўства магла ўздымацца ў Майстроўні хіба што ў зьвязку з самім гэтым словам – жыд. З усім сваім маладым максымалізмам мы сьцьвярджалі, што жыд – спрадвечная ў беларускай мове нэўтральная назва народа, якая стала абразьлівай у выніку русіфікацыі, а паколькі мы адкідаем наступствы русіфікацыі, мы павінны вяртаць у мову свае спрадвечныя словы са спрадвечным сэнсам.

Максымалізм выяўляўся ў тым, што паміж нашымі жаданьнямі і рэальнай сытуацыяй у грамадзтве пралягала прорва, і слова “жыд”, як ні круці, успрымалася вуліцай як абразьлівае. Гэтую сытуацыю добра запомніла Марына Лычкоўская, майстроўка, якая шмат гадоў жыве ў Ізраілі і там сутыкаецца з падобнай праблемай.

Марына: “Прынамсі ў Ізраілі майстроўскі досьвед дапамагае мне ацэньваць некаторыя падзеі, можа быць, неяк інакш, чым тым, хто такога досьведу ня меў.

Калі я даведалася пра існаваньне яўрэяў у майстроўскія часы, дык казалі: жыды – гэта ж беларуская назва яўрэяў. Але на той момант слова “жыд” успрымалася яўрэямі вельмі канкрэтна. І за гэтае слова тыя, хто мог, білі морды. І можа слушна рабілі, бо далёка ня кожны гэтае слова казаў нэўтральна. І я тады яшчэ спрачалася зь некім, казала – ну чаму цяжка, калі чалавека каробіць ад гэтага слова, калі аж перасмыкае, то чаму нельга яму сказаць ня жыд, а яўрэй? Ці габрай, калі там ужо знайшлі нейкую кампрамісную форму.

А пасьля я сутыкнулася ў Ізраілі з тым, што там таксама тлумачаць усім неяўрэям, што гой – гэта ня крыўдна, гэта проста назва іншага народу. А ёсьць людзі, якія гэтыя гой ці гойка ўспрымаюць адназначна як абразу. То я ўжо там яўрэям кажу – што вам, цяжка? Мне то, калі ласка, кажыце гой, гойка. Мяне гэта не чапае. Я ведаю гісторыю слова і зь філялягічнага боку гляджу на гэтае пытаньне.

Сытуацыя адзін у адзін. Ты ім тлумачыш, што можа некаму гэтая гойка так рэжа сэрца, што аж няма як. Табе цяжка сказаць неяўрэйка ці яшчэ як-небудзь? Не, гэта ня крыўдна. І так у Майстроўні было – жыды гэта ня крыўдна, гэта натуральная назва.

Мне мой майстроўскі вопыт дапамагае ў Ізраілі не крыўдаваць на некаторыя рэчы, на якія можа пакрыўдзіцца чалавек, які такога вопыту ня мае”.

СКРЫЖАВАНЬНІ ЛЁСАЎ


Дубавец: У Ізраіль Марына паехала на запрашэньне свайго будучага мужа. А пазнаёміліся яны ў Менску, не без удзелу Майстроўні.

Марына: “Мужа клічуць Аркадзь. Нарадзіўся ў Менску, да ад’езду ў Ізраіль тут і жыў. Сканчаў унівэрсытэт, факультэт радыёфізыкі.

Марына з мужам Аркадзем. Менск, 2010. Здымак Арцёма Канцавога.
Гісторыя ў нечым зьвязаная з Майстроўняй. Таму што колісь на Майстроўню прыходзіла шмат рознага народу. І туды патрапіла такая дзяўчына Люда Матусевіч, вельмі актыўная, энэргічная і дагэтуль яна такая. Яна ведала ўсіх і ўсё. Яе і на Майстроўню занесла і ў сэкцыі турыстаў-альпіністаў яна была. Дачку ейную завуць Прадслава, а хрышчаная як Эўфрасіня. Мая хросьніца.

Дык вось гэтая Люда, калі яна прыйшла, неяк мы зь ёй добра пасябравалі. І яна пачала мяне вадзіць па розных месцах, дзе яна бывала апрача Майстроўні. І яна прывяла мяне ў турысцкую сэкцыю. А таксама яна тады ладзіла такія краязнаўча-гістарычныя вандроўкі. Да вандровак мелі дачыненьне Міклашэвічы ў Майстроўні. Ігар быў згодны ўзяць мяне ў вандроўку на Каўказ разам зь іншымі знаёмымі. Гэта была зарэгістраваная вандроўка другой катэгорыі складанасьці. І дзеля гэтага мне трэба было мець вандроўку першай катэгорыі. А часу ў мяне заставалася з восені да лета. І вось Люда, карыстаючыся сваімі турыстычнымі знаёмствамі, прывезла мяне спачатку на турыстычны зьлёт, дзе я пазнаёмілася з мужам і ягоным братам, і дамовілася зь імі, што яны мяне бяруць у сваю зімовую вандроўку. Люда ішла туды афіцыйным кіраўніком, а кіраўніком сапраўдным, які ведаў мясцовасьць, ішоў мой будучы муж.

Адкрыцьцё пакою імя Язэпа Драздовіча ў Маладэчне, 1984 год. Марына пятая справа.

Мой муж тады стаў маёй лепшай сяброўкай, як мая маці казала – ідзі, там твая сяброўка на тэлефоне. Ён на той час быў ужо сямейны, вельмі рана ажаніўся першы раз. Такім чынам зьявіўся яўрэйскі асяродак, у які я таксама неяк патрапляла. І даведалася, як гэта няпроста быць у гэтым сьвеце яўрэем.

Здымак часоў Дзяньніцы. Люда Матусевіч зьлева.
З мужам атрымалася так, што ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х яўрэйскі народ пачаў рэзка ехаць у Ізраіль з усіх куткоў Савецкага Саюзу. І яны таксама вырашылі рэпатрыявацца, уся вялікая сям’я. Дарэчы ён са сваёй першай жонкай – чацьвераюрадныя брат і сястра і абодва Тунікі. І калі яны жаніліся, у загсе пыталіся – якое прозьвішча хочаце, сваё ці мужава, і яны абодва адказалі – сваё. І абвяшчаюць: ён Тунік і яна Тунік.

І вось ён паехаў у Ізраіль са сваёй першай сям’ёй і бацькі ягоныя таксама зьяжджалі і сям’я першай жонкі. А мы проста працягвалі зь ім перапісвацца. І ў нейкі момант высьветлілася, што адносіны зь першай жонкай распаліся. І ён мяне запрасіў... Дакладней, ня ён, а бацькі ягоныя і сястра рабілі мне запрашэньне, ня так проста было неяўрэю зьезьдзіць у Ізраіль турыстам. Запрасілі мяне спачатку ў госьці, а потым паступіла прапанова, ці не завяршыць нам наша сяброўства шлюбам.

Я доўга думала, бо мне было вельмі балюча прымаць гэтае рашэньне. А зь іншага боку -- чым я рызыкую? У тым пляне, што паспрабаваць. Бо гэта сапраўды быў вельмі блізкі мне чалавек. Я ня надта веру ў шлюбы па вялікім і страсным каханьні. Твая сям’я – гэта твая каманда, зь якой ты ідзеш па жыцьці. Гэта чалавек, які цябе падтрымлівае, ты яго падтрымліваеш і вам разам добра. Тое, што грэе, а не пячэ.

Прыехала туды, аформілі наш шлюб. Атрымалася, што я замуж выйшла турысткаю. Увогуле мара жыцьця была стаць хатняй гаспадыняй, яна ўрэшце і спраўдзілася.

Я замужам, за мужам, як за каменнаю сьценкай. Чым займаецца “сьценка”? Праграміст, праграмуе.

Працятая сваёй беларускай ідэяй, я вельмі добра разумела яго жаданьне жыць у Ізраілі, на зямлі продкаў.

Майстроўскія Каляды ў беларускай клясе менскай СШ № 108, 29 сьнежня 1983 году. Марына першая зьлева.

Не, я не яўрэйская жонка, я беларуская жонка. Калі я для сябе колісь вырашала гэтае пытаньне, мне сапраўды было вельмі цяжка пакінуць Беларусь, пакінуць усё сваё, што засталося, а засталося практычна ўсё.
Дачка Марыны Міхаліна ў беларускім страі, Ізраіль.
Тут выбар быў зроблены на карысьць сям’і, але ўсё адно тое ўсё нікуды не падзелася. І сябры і сваякі. Урэшце калі давялося адмовіцца ад грамадзянства, мне таксама было вельмі балюча. Твая радзіма не дазваляе табе застацца сваім грамадзянінам. Ізраіль таксама не ад добрага жыцьця прымае ўсе гэтыя законы, калі ён мусіць абараняць яўрэйскасьць сваёй дзяржавы сярод арабскіх краін, якіх нямала і якія хацелі б яшчэ й гэтую зямлю пад сябе падабраць.

Тое, што ўва мне было беларускае, нікуды ня дзелася ад таго, што я прыехала туды. Калі лічыць, што я таксама кавалачак Беларусі, то Беларусь зь мяне нікуды не падзелася. Яна са мною засталася”.

Дубавец: Кожны прыезд у Беларусь, а гэта здараецца раз на паўтара-два гады, Марына зь сямейнікамі наведваюць магілы сваякоў і абавязкова ходзяць у тэатры. Сёлета за месяц яны паглядзелі больш за дваццаць спэктакляў. Пры гэтым Марына бясконца фатаграфуе, нібы вядзе дзёньнік паездкі. Словам, імкнецца назапасіць чым болей уражаньняў, бо ў Ізраілі беларускага жыцьця як такога няма.

БЕЛАРУСКАГА ЖЫЦЬЦЯ НЯМА


Марына: “Ізраіль гэта спэцыфічная краіна. Для яўрэяў гэта не эміграцыя, гэта рэпатрыяцыя. Яўрэі рэпатрыянты. Яны вярнуліся на сваю гістарычную радзіму. Каб нарэшце мець тую зямлю, дзе ім ніхто ня тыцне, што ты жыдоўская морда. Таму там беларус можа апынуцца як я, напрыклад, -- беларуская жонка яўрэйскага мужа. І яўрэйская супольнасьць гэтага ня ўхваліць, бо міжнацыянальныя шлюбы там не вітаюцца, яны нават тут не вітаюцца. У майго мужа гэта першы выпадак у сям’і, калі ёсьць неяўрэйская жонка. Праўда і ў мяне ў родзе такі зьмяшаны шлюб першы.

Там калі ты рускі ці казах ці паляк, ты гэта як нацыянальнасьць успрымаеш. А яўрэй – гэта ў першую чаргу рэлігійная супольнасьць. Ты можаш стаць яўрэем, будучы чалавекам любой іншай нацыянальнасьці. Ты можаш прайсьці гіюр, далучэньне да юдаізму, і стаць яўрэем. Гэта ўсё ня так проста. Асіміляцыю яны лічаць пагрозай.

У нас сям’я такая... Ён яўрэй-сіяніст хутчэй, для яго нацыянальнасьць на першым месцы, а не рэлігія. Тое, што зьвязана не з рэлігіяй, а з перакананьнямі аб праве яўрэяў мець сваю зямлю.

Там у няроўным становішчы апынаюцца дзеці ад зьмяшаных шлюбаў. Бо яўрэйства перадаецца па маці. А мая дачка яўрэйкай ня лічыцца, таму што маці ў яе не яўрэйка. Калі я прайду гіюр, яна будзе лічыцца. Або калі яна сама пройдзе гіюр. А так калі яна захоча пабрацца з хлопцам там, яна мусіць прайсьці гіюр або яны павінны рабіць гэты шлюб за межамі Ізраіля. Цывільнага шлюбу там няма.

Таму гаварыць пра нейкае беларускае жыцьцё ў Ізраілі – гэта трошкі сьмешна”.

ГІСТОРЫЯ РОДУ


Дубавец: Перад ад’ездам у Ізраіль Марына працавала ў Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук, а перад тым вучылася на філфаку, а яшчэ раней гадавалася то ў Менску, то на Палесьсі...

Марына: “Муж таксама мянчук. Нават большчы мянчук, чымсьці я. Бо ён тут нарадзіўся, а я нарадзілася ў Гомельскай вобласьці. Хаця бацькі жылі на той час пад Менскам у Калодзішчах, але маці мая хацела, каб я нарадзілася ў ейнай вёсцы, адкуль яна выйшла. І яна ехала туды нараджаць мяне па веснавой распуціцы. І нарадзілася я ў Камарыне Гомельскай вобласьці, гэта недалёка ад Чарнобыльскай зоны.

Хата Марынінай бабулі да Чарнобыльскай катастрофы, Брагінскі раён.

Маці хацела, каб на радзіме дзіця нарадзілася. Кожнае лета я праводзіла там, на мяжы з Украінай. Брагінскі раён. Цяпер, наколькі мне вядома, туды пускаюць толькі на Радуніцу, каб людзі прывялі ў парадак магілы. Дзесяць гадоў таму, яшчэ мама была жывая, мы езьдзілі туды, якраз Радуніца пападала. Езьдзілі, бацька вазіў машынай. Спыняліся ў Камарыне, бо там яшчэ жывыя былі сваякі. Такім чынам маё дзіця пабачыла Чарнобыльскую зону і хату сваёй прабабкі.

Хата Марынінай бабулі, 2003 год, Брагінскі раён.
Увогуле сумная гісторыя. У мяне стрыечная сястра, родная сястра Валодзі Волкава, яна жыла ў Прыпяці, якая абслугоўвала Чарнобыльскую станцыю, дык мы даведаліся пра аварыю, калі ўранку пасьля здарэньня ў нас раздаўся званок у кватэры. Стаіць мая стрыечная сястра, у тапачках, у чым былі беглі, яны яшчэ бачылі гэтага грыба. Прынамсі мы ведалі трошкі раней за іншых пра тое, што там адбылося.

Бацька мой з Узды, зямляк Крапівы. А маці з Гомельшчыны, але таксама там яны апынуліся з-пад Полацка, з Захарніч. Я там была на той радзіме пару разоў да ад’езду ў Ізраіль, а пасьля ўжо не даяжджалі туды. Так што атрымліваецца тры кропкі ў Беларусі – Полаччына, Гомельшчына і Меншчына.

Бацька вучыўся ў Маскве, сканчаў МГУ, вучыўся на геафізыка. А маці ў Кіеве геалягічную адукацыю атрымлівала.

А пазнаёміліся як. Так здарылася, што у маці і ў бацькі памерлі іхныя бацькі. Я ніводнага дзеда свайго ня бачыла. Абодва памерлі ад сэрца. Адзін не прачнуўся і другі не прачнуўся. Перапрацаваліся. Адзін быў дырэктарам саўгаса, а другі быў заслужаны настаўнік Беларусі. Трэба было падтрымаць мацярок, якія засталіся адны. І такім чынам яны затрымаліся на працы ў Беларусі. І пазнаёміліся.

БЕЛАРУШЧЫНА


Беларуская мова для мяне была не чужая з маленства. Нават памятаю, як на пяць гадоў мне падарылі дзьве кніжкі, адна зь іх была “Сказки народов СССР”, а другая – казкі Ўладзімера Дубоўкі. У мяне гэтая кніжка дагэтуль у Менску ёсьць. Таму чытала я як па-расейску, так і па-беларуску з маленства. Для мяне не было ніякай праблемы. Тым больш, што бабуля, якая бацькава маці, Узьдзенскі раён, яны гаварылі на даволі прыстойнай беларускай мове. І калі бацька размаўляў са сваёю маці, са сваякамі, беларуская мова была і мела месца ў жыцьці.

Нейкая ідэя беларуская – натуральна, гэта Караткевіч. У нас дома было дзьве кніжкі Караткевіча. “Хрыстос” мяне проста напавал паклаў. Пасьля былі ў бібліятэцы здабытыя “Каласы” і пасьля ўжо ўсё, што траплялася з Караткевіча.

Яшчэ да Менска мы жылі ў Калодзішчах, гэта пад Менскам, у геафізычным гарадку жылі. І сусед наш па лесьвічнай пляцоўцы Васіль Ульянавіч Протчанка, ён размаўляў па-беларуску ў жыцьці. Ён выкладчык сам. Прынамсі нас гэта не бянтэжыла. Для мяне не было ніякай праблемы перайсьці на беларускую мову, калі чалавек размаўляе па-беларуску.

Таму мне было дзіўна, калі ўжо трапіла ў Майстроўню, нехта там спытаўся: а адкуль ты так добра гаворыш па-беларуску? Маўляў, мы цябе ня ведаем, а ты размаўляеш”.

Гуканьне вясны, Менск, Купалаўскі парк, 1983 год.

У МАЙСТРОЎНІ


Дубавец: Прыход Марыны ў Майстроўню адбыўся пасьля таго, як яна паступіла на філфак БДУ.

Марына: “Паступіла я і паехалі на бульбу. І там пазнаёмілася з Наткай Лазоўскай і з Аленкай Клімовіч. Натка для мяне трошкі дзіўная была. Яна ўжо была ў Майстроўні і нешта спрабавала сьпяваць па-беларуску. І мова ў яе беларуская была не такая, як у вёсцы. І для мяне, калі Натка мяне прывяла на Майстроўню, спачатку мяне, а потым і Аленку, і для мяне было – О, гэта людзі, якія ведаюць жывога Караткевіча!
Алена Клімовіч і Марына Лычкоўская. Купальле.

І памятаю, як да Караткевіча хадзілі калядаваць. Ён тады не выходзіў сам, жонка яго трошкі выйшла да нас. І нас тады разганялі. Гэта была зіма з 1982 на 1983 год”.

Дубавец: У Майстроўні Марына сьпявала, брала ўдзел у рэпэтыцыях “Лысай сьпявачкі”, а таксама занатоўвала песьні і імпрэзы Майстроўні.

Марына: “Нейкія нататкі я рабіла, але гэта ня тое, што дзёньнік. Тым больш, тое, што тычыцца Майстроўні, рабілася вельмі ашчадна, называлася мерапрыемства, дата і час. Апісваць падрабязна неяк ня надта хацелася, таму што ў цябе гэты дзёньнік можа прыйсьці нейкі дзядзька ўзяць пачытаць, то гэта ня надта натхняла на падрабязныя запісы.

У мяне быў сшытак зь песьнямі. Я мусіць адзіная запісвала ў сшытак усе тыя песьні, што ў Майстроўні сьпявалі. Я яшчэ прасіла, хто ведае ноты. Калі гэта была песьня са зборніка, я проста сьпісвала ноты са зборніка. Таму гэты сшытак зь песьнямі ў мяне быў і мусіць ні ў кога больш поўнага не было. Там былі тыя песьні, што мы сьпявалі. Там былі тыя расшыфроўкі, што я брала ў каго касэты.

А дзёньнік... Не пісалася туды тое, што магло б нанесьці шкоду людзям, калі б у цябе тыя паперы праверылі”.

Марына (трэцяя справа) у Дзяньніцы.
Дубавец: Між іншым, давялося Марыне паўдзельнічаць і ў першым пікеце пратэсту супраць разбурэньня будынку старога менскага тэатру.

Марына: “Сапраўды былі сьпеўкі і сапраўды прайшла чутка, што рушаць. Былі людзі, якія пайшлі, былі якія не пайшлі. Былі, што праходзілі міма, адводзячы вочы, таксама майстроўцы. Розныя людзі былі. І мае сябры пайшлі туды. Ну добра, я ня веру, што гэта нечаму дапаможа і што не абваляць. Ну але ж гэта твае сябры. І я мушу быць зь імі разам і тут. І калі бяруць у мянтоўку, дык усіх разам. Здраджваць нельга, трэба быць разам. Я ня надта верыла, што гэта дапаможа будынку першага беларускага тэатра. Хоць канечне, добра, каб дапамагло”.

Дубавец: Калі Марына прыйшла ў Майстроўню, тая ўжо разраслася і пачала разгаліноўвацца ды падзяляцца па розных больш вузкіх інтарэсах, каб ператварыцца ў новых аб’яднаньні ды суполкі.

Марына: “Але ў мяне таксама сваё адгалінаваньне зьявілася. Празь Люду Матусевіч я выйшла на турыстаў, на яўрэйскае кола. У выніку ў мяне атрымаўся беларуска-яўрэйскі шлюб. Я кажу: з нашым беларуска-яўрэйскім шчасьцем. Бо сытуацыі шмат у чым падобныя. З той розьніцай, што беларуса кожны рады асіміляваць і зрабіць небеларусам. А яўрэяў наадварот, часам і хацеў бы асімілявацца, але яму не дадуць”.

Дубавец: Пасьля Майстроўні Марына сьпявала ў суполцы Дзяньніца, хадзіла на Талаку. Але цуралася палітыкі. А маладзёвы рух тым часам якраз пачаў імкліва палітызавацца.

Марына: “Я ад палітыкі заўсёды старалася трымацца як далей. Напрыклад, пакуль Талака хадзіла на суботнікі па помніках, яна мне вельмі нават падабалася. А калі там запахла палітыкай...”
Талакоўскае Гуканьне вясны. Марына Лычкоўская ў цэнтры.

УСЕ ПЕРАДАЧЫ СЭРЫІ “ГІСТОРЫЯ АДНАГО ЦУДУ”

dubaviecs@gmail.com
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG