Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя аднаго цуду: Міклашэвічы


Ігар Міклашэвіч. Здымак Арцёма Канцавога.

Ігар Міклашэвіч. Здымак Арцёма Канцавога.

Ігар Міклашэвіч і Рыта Гвозьдзік пазнаёміліся трыццаць гадоў таму ў Беларускай Майстроўні. Пазнаёміліся й стварылі сям’ю. Сёньня Ігар – доктар навук, прафэсар, загадчык лябараторыі ў Тэхнічным унівэрсытэце, а да ўсяго яшчэ й пісьменьнік, і аматар горных падарожжаў. Рыта – запатрабаваны архітэктар. Маюць сына Стаха, які стаў мэнэджэрам, і дачку Яважыну – дызайнэра моды, заваёўніцу гран-пры розных фэшн-фэстываляў.



Рыта: “У мяне муж, дзеці, нармалёвая сям’я. Сабака ў нас яшчэ ёсьць Агрэст, якога з-за ягонага імя ведае ўся Серабранка”.

Дубавец: Стафаршырскі тэр’ер Агрэст прыцягвае ўвагу ня толькі мянушкай, але й сваім байцоўскім выглядам. Праўда, гаспадары кажуць, што з гадамі баец стаў рабіцца сэнтымэнтальным.

Рыта: “Я дзейны архітэктар, запраектавала ўжо напэўна ўсё, што можна, -- і палацы культуры, і школы, і садочкі, і спартовыя комплексы, і цэрквы. Толькі крэматорый яшчэ не даводзілася праектаваць”.
Маргарыта Міклашэвіч. Здымак Арцёма Канцавога.

Дубавец: Ігар Міклашэвіч выкладае мэханіку, тэорыю хаосу і фізыку. Лекцыі чытае па-беларуску.

Ігар: “Асабіста сябе я ўспрымаю ўсё такім жа зацятым з пункту гледжаньня большасьці. Я як размаўляў па-беларуску, так і размаўляю. Як выклікала гэта часам пэўныя праблемы, так і выклікае. Іншая рэч, што гэта перайшло на якасна іншы ўзровень. Шчыра кажучы, было нават прыемна, калі ў адным месцы, дзе мне зараз даводзіцца працаваць, я гэта напалову ваенізаваная структура, тое, што я размаўляю па-беларуску й лекцыі чытаю па-беларуску, было адзначана як плюс і ўнесена ў плян патрыятычнага выхаваньня курсантаў”.

ГУЛЬНЯ Ў БЮРАКРАТЫЧНЫЯ ГУЛЬНІ


Дубавец: Ці можна сказаць, што навакольны сьвет зьмяніўся і паварочваецца тварам да беларушчыны, да майстроўскіх ідэалаў, і мову цяпер сустракае ўдзячная аўдыторыя?

Ігар: “Не-не-не, нельга казаць пра ўдзячную аўдыторыю. Можна казаць, што мы крыху навучыліся граць у бюракратычныя гульні – чаго нам, як мне здаецца, бракавала ў маладосьці, калі ў нас была мэта, мы не хацелі ні на што
У межах бюракратычнае дзяржавы мы павінны ўмець карыстацца правіламі функцыянаваньня бюракратычнай дзяржавы.
зьвяртаць увагу, нягнутка ішлі проста да гэтай сьветлай мэты, і шлях быў лабавы і просты. Але, як ні парадаксальна гэта гучыць, у межах бюракратычнае дзяржавы мы павінны ўмець карыстацца правіламі функцыянаваньня бюракратычнай дзяржавы.

Я магу тут прыгадаць выпадак з нашага сямейнага жыцьця. Калі мы з жонкай вырашылі пабрацца, жонцы трэба было мяняць пашпарт, і яна напісала заяву па-беларуску. Натуральна, у тыя часы гэта выклікала абурэньне таварышаў палкоўнікаў, і ёй сказалі, што ніякага пашпарту з заявай, напісанай па-беларуску, вы ня ўбачыце. Ну, мы думалі нядоўга, мы напісалі ліст на імя прэзідуюма Вярхоўнага Савету. Спрацавала імгненна. Літаральна праз два дні тыя самыя палкоўнікі ўжо казалі: вы толькі прыйдзіце, мы ўсё падрыхтавалі і ўсё выдадзім”.

ЭЛІТА НАЦЫІ


Дубавец: Усе майстроўцы, зь якімі нам удаецца сёньня, праз трыццаць гадоў, сустрэцца, па-добраму ўражваюць тым, як яны распарадзіліся сваім жыцьцём, і якімі цэльнымі й рознымі пры тым асобамі сфармаваліся. Ніхто не прапаў, не разгубіўся, не наракае, што жыве марна. Усе пры справе. Ня важна, што ня ўсе зь іх сталі фармальнай элітай дзяржавы. Без сумневу яны сталі элітай нацыі.

Бо праўдзівая эліта й не бывае фармальнай. Яна й завецца так не для пастамэнту, а таму што творча й плённа жыве. Сам Ігар Міклашэвіч называе такіх людзей па-гумілёўску пасіянарыямі, на тле нацыянальнага заняпаду.

Пасіянарнай была сама Майстроўня, адкуль яны ўсе выйшлі. І цяпер, калі пачынаюцца размовы пра тое, якім чынам адзначыць 30-я ўгодкі Майстроўні, нешта зь нечым ня вяжацца. Сабрацца як аднаклясьнікам праз шмат гадоў за банкетным сталом і згадваць “а помніш?” не выпадае, бо школьная кляса фармуецца незалежна ад волі школьнікаў, а ў Майстроўню кожны прыходзіў сам, і гэта быў ягоны выбар. Не таму, што так трэба было камусьці або што так прынята. У Майстроўню прыходзілі выбраныя. Не абраныя, што значыць, лепшыя за іншых, а выбраныя для гэтай канкрэтнай справы.

Майстроўня не была ані арганізацыяй, ані суполкай. Яе нават рухам не назавеш, а калі й назавеш, дык -- зрухам. Яна была нараджэньнем руху. У зусім матэрыяльным сэнсе гэта быў інструмэнт нацыянальнага адраджэньня, які ў сілу сваёй спэцыфікі зрабіў сваю справу ў мэтафізычнай плоскасьці, у сфэры духу.

Калісьці ў “Слоўніку Свабоды” дакладна акрэсьліў гэтыя сэнсы Сяржук Сокалаў-Воюш:

“У адрозьненьне ад майстэрні, майстроўня напоўненая выразна паэтычным, узвышаным зьместам. Яна -- ня месца, дзе працуе майстра, яна -- цэх майстроў, яна -- творчае атэлье, у якім калі й забіваюць цьвікі, то цьвікі гэтыя – нематэрыяльныя”.

Інакш кажучы, і ўшаноўваць акт нараджэньня руху – зусім ня значыць нейкім чынам узвышаць майстроўцаў,
Ушаноўваць трэба не Майстроўню, а Майстроўняй.
апяваючы іх подзьвігі і славу. Тое, што ніхто зь іх не прайшоў па жыцьці ўпустую, а ўсе ператварыліся ў розных і цэльных асобаў – вось што заслугоўвае ўвагі, але гэта якраз плён Майстроўні. На Майстроўню варта глядзець, як на інструмэнт, прычым не антыкварны, а працоўны, цалкам прыдатны й сёньня, праз трыццаць гадоў. Таму ўшаноўваць трэба не Майстроўню, а Майстроўняй. Майстроўняй зрабіць сьвята для людзей. Ці як у колішнія часы – Купальле, Каляды, Гуканьне Вясны. Ці, як прапанавала Ларыса Сімаковіч, – ушанаваць Уладзімера Караткевіча ў яго 80-я ўгодкі.

Ларыса: “Прычына
Ларыса Сімаковіч. Здымак Арцёма Канцавога.
магла б быць прывабнай, калі была б сьвяточнай. Сьвяткаваньне нечага. Мне здаецца, што лепш не засяроджвацца на самой Майстроўні, на самой гэтай зьяве, можа быць, узяць гэта за кірунак, але... Вось набліжаецца 80-годзьдзе Караткевіча, і трэба гэта зьвязаць зь ягоным імем. Ведаеце, усё, што мы зможам зараз кансалідаваць, аб’яднаць, -- гэта лепш, чым тое, што існуе само па сабе -- Майстроўня сама па сабе, Караткевіч сам па сабе. Мы не такія моцныя... У прынцыпе, чаму мы намагаемся, чаму мы зараз гаворым пра гэта. Таму, што мы гэтай зьяве пад назвай беларушчына дапамагаем. Яна патрабуе гэтага, вымагае гэтага, гэта неабходна рабіць. І чым больш мы будзем кансалідаваць нешта значнае, дзьве-тры падзеі ў адно, тым яно будзе станавіцца мацнейшым”.

Дубавец: Словам, Майстроўня мусіла б зладзіць публічнае сьвята для людзей, што і было б найбольш адэкватным спосабам адзначыць яе 30-я ўгодкі.

А яшчэ прыгадваецца першы пікет, калі майстроўцы выйшлі супраць разбурэньня будынку першага беларускага тэатру. Ігар Міклашэвіч тады ўратаваўся, дзякуючы сваёй любові хадзіць у горы.

Міклашэвіч: “У мяне яшчэ недзе й фатаграфіі ёсьць, дзе бульдозэр гэты тэатар руйнуе. Я памятаю, што пікет, які мы там ладзілі (зараз гэта называецца пікет), калі я яго фатаграфаваў, мяне ў пастарунак забралі, мне там стужку з фотаапарату вырывалі, а я на прамілы бог маліў, што ў мяне там фатаграфіі з гор (а я і сапраўды быў толькі што з гор вярнуўшыся). Яны кажуць: “Фіг з табой, жыві, залатая рыбка...”

ІМЁНЫ ДЗЯЦЕЙ


Ігар кажа, што яму цікава было б паглядзець, як ставяцца да беларушчыны дзеці майстроўцаў. Ягоныя -- цалкам падзяляюць пазыцыю бацькоў.

Ігар: “Дачка -- абсалютна адназначна. Яна такая ж зацятая, як і бацька. Яна з усімі па-беларуску. Гэта цяжка, бо выклікае пэўнае адпрэчваньне і канфлікты. І сын таксама не цураецца, вельмі доўга размаўляў толькі па-беларуску, а зараз праца такая, што зьвязаная з кліентамі, а кліент заўжды мае рацыю, і калі будзеш па-беларуску, гэта можа выклікаць фінансавыя праблемы, маўляў, ня буду я з табой супрацоўнічаць. На жаль, даводзіцца пераходзіць на расейскую”.

Дубавец: Пра тое, што майстроўцы перараблялі свае імёны на больш беларускія, мы ўжо ведаем. Калі ж яны стваралі ўласныя сем’і і ў іх зьяўляліся дзеці, дык тут ужо й перамяняць нічога было ня трэба. Абы пагадзіліся сямейнікі.

Вэрця Лазоўская: “Я
Вэрця Кандраль (Лазоўская). Аўтар здымка – Арцём Канцавы.
памятаю, што я выпісвала цікавыя беларускія імёны, калі яны гучалі ў песьнях. Яшчэ ня выйшаўшы замуж, яшчэ і ў праекце не было ні дзяцей, нікога, а я ўжо выпісвала такія вось рэдкія імёны. Мне падабаліся Юстына, Адэля, Агата, Данута, Адам... Я думала, ну чаму такое слаўнае беларускае імя... Адам Бабарэка, Адам Мальдзіс, Адам Міцкевіч, вельмі шмат беларусаў годна насіла гэтае імя... чаму яго няма ва ўжытку? І я вырашыла, калі ў мяне будзе сынок, я яго назаву Адамам. З Аленкай мне не ўдалося супраць сям’і пайсьці, бо ўсе былі катэгарычна супраць, а мне вельмі падабалася імя Юстына. Я вельмі хацела, у раддоме пакуль была, я яе так звала. А калі выпісалася, мусіла пайсьці за агульнай думкай, назвалі Аленкай”.

Дубавец: Падобную гісторыю прыгадвае Аліна Барысевіч.

Аліна: “Багдан
Аліна Барысевіч (Садоўская). Здымак Арцёма Канцавога.
і Станіслаў. Багдан у гонар Данчыка. Станіславам назвалі сваякі майго мужа. Бо я хацела Марк. Мне не далі, сказалі, што імя габрэйскае, і мы гэтага не дазволім. Хаця ў мяне плянавалася Багдан і Марк”.

Дубавец: Але не шанцавала майстроўцам толькі тады, калі яны, ствараючы сем’і, не пачуваліся ў поўнай меры гаспадарамі становішча. Калі ж абодва сужэнцы былі майстроўцамі, усе перашкоды для творчасьці звычайна зьнікалі. Гэтак Арына й Вінцук Вячоркі назвалі дзяцей Радаслава, Францішак, Ружана. Таксама трое дзяцей у Гэніка Лойкі.

Гэнік: “Імёны
Гэнік Лойка
далі цікавыя, дасталі з кніжак... Першага сына хацелі назваць Яраш-Раўбіч (быў у Караткевіча, там ён, праўда, Яраслаў), назвалі Яраш, менавіта так, не Ярош, а Яраш. Каб на ўсіх мовах пісалася Яраш. Пасьля Кіру назвалі так, як бабулю. Гэта даволі рэдкае імя. І трэці, сын Любарт, гэта імя сына Гедыміна, альбо папросту Любаш. Яраш, Любаш і Кіра”.

Дубавец: Яшчэ адзін яскравы прыклад – у Ігара і Ірыны Марачкіных.

Ірына: “Я хацела яго назваць Злацісьвет, старажытным славянскім імем. А потым падумала, што яму складана будзе, і мы прыдумалі такое імя Злат. Але яно жывое, яно жыве ў Балгарыі, ёсьць у Харватыі. У іх многа хлопчыкаў носяць гэтае імя. І калі мы прыяжджалі, а так здаралася, што мы бывалі ў
Ірына Марачкіна. Здымак Арцёма Канцавога.
гэтых краінах, дык яго наогул прымаюць за свайго. А ў Беларусі ён пакуль што ўнікальны. Дзяўчат называюць Златамі, а хлопцаў не называюць. Часам ён саромеецца гэтага імені. Ну, а старэйшую дзяўчынку мы назвалі Хрысьцінкай, гэтае імя зараз такое папулярнае, што нават ня скажаш, што яно было рэдкім. Але на той час, у 1983 годзе, гэта было вельмі рэдкае імя. І мы запісалі як Хрысьціна праз “х” – такі больш славянскі варыянт”.

Дубавец: Можна, напэўна, цэлы іменьнік скласьці з адроджаных ці народжаных імёнаў майстроўскіх дзяцей. Агаты, Дануты, Камілы... Нарэшце, чарга даходзіць да сужэнства Міклашэвічаў:

Рыта: “Яважына. Яна ў нас такая. Яна любіць быць не такой, як усе, таму й мова, і імя – яна толькі на ўра. У інтэрнэце набіраеш “Яважына”. Гара толькі такая ў Польшчы ёсьць, і наша дачка -- і ўсё, нічога іншага інтэрнэт не выдае. Яна мадэльер, таленавітая, яе па тэлевізіі часьцяком паказваюць, нахвальваюць. Працуе вельмі шмат”.

Ігар: “Імя з кнігі Бірылы “Беларуская анамастыка”. Месяц сядзеньня ў бібліятэцы. Знайшоў. Мае бацькі і Рыціны бацькі спачатку на паперцы запісалі і месяц па паперцы чыталі. Вучылі. Ну, а зараз здаецца, што іншых імёнаў і быць ня можа”.

СТАХ ДЗЕДЗІЧ


Пісьменьніцкая кар’ера Ігара Міклашэвіча пад псэўданімам Стах Дзедзіч завяршылася на кніжцы “Эпілог” у 1997 годзе. Пакуль завяршылася. Бо ідэяў шмат, але зусім няма часу. У “Эпілогу” сьледам за Абдзіраловічам Ігар паспрабаваў убачыць самыя важныя працэсы, што адбываюцца зь беларускім этнасам, падключыўшы досьвед дакладных навукаў. Сярод ягоных прапановаў вылучаецца такая: надаць паўнавартасным беларусам (а гэта, паводле Дзедзіча, пяць адсоткаў грамадзтва) статус нацыянальнай меншасьці, што аўтаматычна павялічыць правы мовы, сымболікі, гістарычнае памяці.

Выснова атрымалася зусім майстроўская:

“Такім чынам, задача іманэнтнай нацыянальнай меншыні ва ўмовах беларускай рэчаіснасьці зараз можа быць сфармулявана дастаткова пэўна: разумеючы, што ў цяперашні момант беларускі этнас знаходзіцца ў стадыі этнацыду, захавацца самім, тым самым забясьпечыўшы сабе і сваім нашчадкам магчымасьць далейшага разьвіцьця.”

Выглядае, што жывуць Міклашэвічы ў поўнай згодзе з вызначанай мэтай. І тут дарэчы будзе высьветліць тое, пра што мы пытаемся ва ўсіх майстроўцаў – адкуль іхная беларушчына?

АДКУЛЬ БЕЛАРУШЧЫНА?


Рыта: “У мяне бабуля на вёсцы, таму кожнае лета я праводзіла на вёсцы, гэта Шчорсы, вядомае месца. Я не магу сказаць, што там размаўлялі надта ўжо па-беларуску, але па-беларуску. Таму я не магу сказаць, што гэта было так ужо зусім чужародна. Але каб перайсьці на беларускую мову, я памятаю, што я паўгады ці болей чытала толькі беларускую літаратуру. Газэты толькі па-беларуску, кнігі толькі па-беларуску”.

Дубавец: Ігар Міклашэвіч – аднафамілец Ларысы Геніюш, кажа, што непасрэднае сувязі з родам вялікае паэткі няма.

Ігар: “Я менскае дзіцё. Першыя мае спробы размаўляць па-беларуску былі яшчэ ў 10-й клясе. Да Ларысы Геніюш дачыненьня ня маю. Але бацька мне зь дзяцінства чытаў і Купалу, і Коласа. “Бывала так: яшчэ ад раньня блінцы пякліся на сьняданьне”... Гэта я памятаю яшчэ са школьных часоў. Бацька чытаў нам вершы, і мы ніколі не цураліся мовы. Бацька быў выкладчыкам у політэхнічным інстытуце. Ён быў сынам дырэктара школы са Стаўпеччыны. Дзед там дырэктарстваваў. Сам бацька са Случчыны. Маці з Магілёўшчыны.

Адчуваньне сваёй прыналежнасьці да Беларусі, можа, праз вандроўкі прыйшло... Мы, па-мойму, вярнуліся зь Літвы, езьдзілі адпачываць, і мяне, напэўна, зачапіла. Вось у Літве размаўляюць, а ў Беларусі не размаўляюць. Чым мы горшыя? І я пачаў. Гэта было, безумоўна, цяжка, асабліва калі ты адзін. Але напэўна нейкая там жарынка заставалася. І таму... Я ня ведаю, якім чынам я трапіў у Майстроўню. Але мне ўсё там было да душы”.

Рыта: “Мяне ў 1982 годзе запрасіла Вэрця Лазоўская, мы разам вучыліся, яна хадзіла ў Майстроўню, і празь яе я трапіла туды.
Рыта (у капелюшы) на Гуканьні Вясны. Менск, Купалаўскі парк, 1983 год.

Прыцягвала, у першую чаргу, кола цікавых людзей. Там было добра, там было нешта новае. Беларускае было новае. І ў Майстроўні гэтага новага можна было хапануць добрую дозу. Новага старога беларускага. Таго, што проста не выпускалася ў прастору інфармацыйную, эмацыйную”.

Ігар: “Шчыра кажучы, як я туды патрапіў, я ня памятаю. Я вучыўся на фізфаку. У нас на фізфаку было два зацятых нацыяналісты, як тады казалі, Ялоп Сяргей, ён вучыўся на пэдагагічным аддзяленьні, і я вучыўся на вытворчым аддзяленьні. Але памятаю, што першы раз я трапіў на Майстроўню напярэдадні нейкага сьвята, якое майстроўцы ладзілі на філфаку, кшталту нейкай інсцэніроўкі, чыталіся вершы Багдановіча. Дагэтуль памятаю верш “Над хвалямі сінеючага Ніла”, зь якім я выступаў у час гэтага сьвята.

Адна з асноўных галінаў дзейнасьці Майстроўні – сьпевы – гэта было не маё. Ларыса Сімаковіч заўсёды крывілася, калі я спрабаваў штосьці сьпяваць. Але я сьпяваў. І зараз, калі зьбіраемся кампаніяй, мы песьні пяем у асноўным майстроўскія”.

СТВАРЭНЬНЕ СЕМ’ЯЎ


Рыта: “Кампанія людзей, зь якімі мы ўвесь час сустракаемся – Мурашкі Сяргей і Арка, мая аднагрупніца. Істомін Алесь. Таксама з жонкай, маёй аднагрупніцай. Мы іх пашлюбавалі. Алесю ўжо было шмат гадоў, пад трыццатнік, і ўсё ў кавалерах. І мы тут неяк сядзелі, кажам -- не, знойдзе сабе нейкую маладую дзеўку, што мы зь ёй пасьля рабіць будзем? Трэба шлюбаваць. Я села, падумала-падумала і сказала – я ведаю. У мяне ёсьць кандыдатура. Мы зладзілі спатканьне. Адбылося пасьпяхова, і зараз у іх ужо два дарослыя сыны.

Віялета была са Славам. Таксама мы іх пашлюбавалі. Віялета сабе хадзіла, Слава сабе хадзіў”.

Ігар: “Слава са мной працаваў”.

Рыта: “Мы пашлюбавалі Істоміных і я кажу: так, я ведаю, хто будзе наступным. А Слава з Ігарам разам працаваў. У парашковай мэталюргіі. Давай мы іх. Павінна файная пара атрымацца. Атрымалася.

На вясельлі да мяне падсаджваецца Славаў бацька і кажа: ведаеце, у мяне да вас просьба. Кажуць, што ў вас вельмі добра атрымліваецца. У мяне ёсьць сын, ён ніяк ня можа знайсьці сабе дзяўчыну. Я кажу: не-не-не, я бяруся толькі за добра знаёмых. Так што магла б яшчэ стаць прафэсійнай свацьцяй...”

Дубавец: Бязьлітасная статыстыка сьведчыць, што Міклашэвічы стварылі ажно тры майстроўскія сям’і.

Рыта: “Чаму тры? Дзьве”.

Ігар: “Ну а мы што, не сям’я?”
Майстроўскае вясельле. Сьведкі Яўген Валасевіч і Сястра Маргарыты Люда.

Рыта: “Ну гэта мы самі, гэта было спантанна. І так атрымалася толькі дзякуючы Майстроўні.

А яшчэ Яўген Валасевіч. Гэта мы ўжо з Істоміным хросныя ягонага сына Адама. Мы дачыненьні падтрымліваем. І пасьпяваем, і ўсё. Я як бы да канца й не вынырвала з Майстроўні.
Срэбнае вясельле. Міклашэвічы 25 гадоў разам.
Таму што наша сяброўскае кола, касьцяк яго складаюць выхадцы з Майстроўні. Далучайцеся да нас.

Усё ж гэта быў асноўны з разьдзелаў жыцьця. Бо ўсё астатняе жыцьцё пакацілася адтуль. Напрамак руху ўсяго астатняга жыцьця быў дадзены там”.

Ігар: “Я ня ведаю, як на іншых факультэтах, магу казаць толькі пра свой. На фізфаку не зьвярталі ўвагі, на якой мове ты размаўляеш, а зьвярталі ўвагу на тое, што ты кажаш. Калі ты фізык, ня важна, на якой мове ты тлумачысься. Калі ты слушна напісаў формулу, якія да цябе могуць быць пытаньні? Так што ў гэтым пляне нейкага ўціску я не адчуваў. Больш за тое, я быў актыўным камсамольцам, членам бюро факультэта, займаўся інтэрнацыянальным выхаваньнем і г.д.

Калі зараз спытаць у мяне, хто ты ёсьць у гэтым пляне, я скажу – я дзяржаўнік. Пад дзяржавай я разумею Беларусь. Не бягучы лад, а Беларусь. Тое, што добра для Беларусі ў стратэгічным пляне, я лічу, павінна падтрымлівацца. Я абсалютна не атаесамляю Беларусь зь нейкімі пэрсонамі і ладамі. Для мяне Беларусь гэта аб’ект майго нязьменнага каханьня”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG