Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнсацыйныя прызнаньні дзяўчыны, якую Беразоўскі нібыта выклікаў для Лукашэнкі, але пакінуў сабе


Аляксандар Лукашэнка і Барыс Беразоўскі
Аляксандар Лукашэнка і Барыс Беразоўскі

Партал «Сноб» надрукаваў інтэрвію колішняй блізкай сяброўкі Барыса Беразоўскага, у якім яна прыгадвае, як расейскі алігарх, выдачы якога ў Вялікай Брытаніі патрабаваў Крэмль, наведваў Беларусь і спрабаваў зрабіць з Лукашэнкі «эўрапейскага лідэра».

Расейскі мільярдэр, экс-міністар зьнешнеэканамічных сувязяў РФ (1992) Пётр Авен запусьціў на партале «Сноб» мультымэдыйны праект «Час Беразоўскага», да 70-годздзя расейскага алігарха, «які адыграў прыкметную ролю ў гісторыі». Барыс Беразоўскі (1946-2013) быў адным з набліжаных да сям’і Барыса Ельцына алігархаў, менавіта яму прыпісваюць выбар ў 1999 годзе Ўладзімера Пуціна на ролю пераемніка расейскага прэзыдэнта. Пазьней шляхі Пуціна і Беразоўскага разышліся, ён эміграваў у Вялікую Брытанію і атрымаў там палітычны прытулак. Ён быў абвешчаны Расеяй у вышук праз «Інтэрпол».

Інтэрвію Авена з расейскай мадэлькай Дашай К. (1988 г.н.) раскрывае некаторыя падрабязнасьці адносінаў паміж Лукашэнкам і Беразоўскім і адлюстроўвае стыль жыцьця алігарха, які доўгі час быў выканаўчым сакратаром СНД і прыхільнікам беларуска-расейскай інтэграцыі.

Ніжэй — некаторыя вытрымкі з інтэрвію.

Даша: ...Ён зьвязаўся са мной, можна так сказаць, праз мадэльнае агенцтва. Ён хацеў пазнаёміць мяне не пэрсанальна з сабой, а, у прыватнасьці, з кіраўніком Беларусі.

Авэн: Аляксандрам Лукашэнкам?

Даша: Так, з кіраўніком суседняй рэспублікі. Але калі я прыляцела, ён настолькі закахаўся, што паскнарнічаў і вырашыў ужо мяне з ьім не знаёміць.

...Ён вельмі пазытыўны, вясёлы быў, адразу мяне пацягнуў катацца на нейкіх квадрацыклах па лесе, па гэтых беларускіх гаях. Па нейкіх карчах, па каляінах. Я затрымалася. Мне было цяжка зь нязвычкі гэтую штуку трымаць далікатнымі ручкамі. Госпадзе, калі мы скончылі гэта падарожжа, я падумала: напэўна, гэта ён мяне выпрабоўвае на трываласьць. Так наш дзень прайшоў. А ўвечары мы сталі гаварыць пра палітыку, вядома. Мы шмат казалі пра палітыку.

Авэн: У вас вельмі хутка адносіны разьвіваліся. Ён падараваў табе кватэру, зрабіў прапанову? Проста адразу ўсе?

Даша: Я ня ведала яго, думала, яму за 50 гадоў, аказалася — за 60 ...

Авэн: А табе быў 21 год, так?

Даша: Так, 21.. Таму я ўсё гэта хавала. Мне не хацелася гэта афішаваць, вельмі мне было сорамна, і я ў прынцыпе не плянавала зьвязваць зь ім жыцьцё. Але ўсе ведаюць ягоную настойлівасьць: калі ён чагосьці хоча, то ён галаву разаб’е аб сьцяну, але зробіць гэта. Ён пасылаў самалёты, брыльянты, падарункі, грошы — усё гэта на цябе высыпаў вось так, так ..

Авэн: Куды вы зь ім езьдзілі?

Даша: Зараз я закладу ўсіх прэзыдэнтаў, якіх ты ведаеш.

Авэн: Калі захочаш, мы гэта прыбярэм, але гэта самае цікавае, таму што наконт Лукашэнкі ён выхваляўся ўвесь час. А акрамя Лукашэнкі, дзе ты з ім пасьпела пабываць?

Даша: Я ведаю, што Барыс лётаў ва Ўкраіну, але ён мяне ня браў. Ён казаў, што гэта небясьпечна, таму што там было ня так усё абаронена, як, дапусьцім, у Беларусі. І яшчэ мы некалькі разоў лёталі ў Грузію, да Саакашвілі, у Батумі і ў Тбілісі. Там таксама было досыць небясьпечна, але больш прымальна, чым у Кіеве — ён мне так гэта тлумачыў.

Авэн: Ён наогул перажываў, што ў Расею ня можа паехаць?

Даша: Ён вельмі перажываў, вельмі хацеў вярнуцца, вельмі сумаваў. Таму і шмат часу праводзіў у Беларусі, уласна кажучы. Пра Лукашэнку што я магу сказаць? Ён у любым выпадку любіць сваю краіну і спрабуе для яе зрабіць максымум, але ён больш падобны на старшыню калгаса нейкага...

Авэн: Барыс яго крытыкаваў?

Даша: Так. Ён, наколькі я ведаю, перашываў яму касьцюмы, прыбіраў «плечыкі». Выклікаў нейкіх сваіх краўцоў. Увогуле, ён хацеў зрабіць зь яго такога якаснага эўрапейскага лідэра, па ўсіх парамэтрах.

Што яшчэ сказаць пра палітыку? Ён вельмі моцна хацеў вярнуцца, прыбраць Пуціна. Ён рабіў нешта накшталт Мытнага саюзу: вось ёсьць Эўропа, ёсьць Расея, а паміж імі трэба стварыць яшчэ нейкі саюз, які не ўваходзіць ў Эўропу і супраць Расеі. Там павінна быць Украіна, Беларусь і Грузія. Уласна, вось мы лёталі ў гэтую Грузію ў гэтым п’яным становішчы. Ён ляцеў зь нейкімі паперкамі, якія ледзь не аблілі, адзін подпіс атрымалі. Яшчэ трэба было два подпісы, і тады б усё зьдзейсьнілася. Я думала: «Госпадзе, няўжо так палітыка робіцца?» Проста не магла ў гэта паверыць. А ён мне расказваў, як у часы Ельцына ў 1990-я ён прыкладна гэтак жа аблятаў губэрнатараў усіх вобласьцяў і зьбіраў подпісы".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG