Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Forbes: У Беларусі Беразоўскі адчуваў сябе «на радзіме»


Аляксандар Лукашэнка і Барыс Беразоўскі (архіўнае фота)

Аляксандар Лукашэнка і Барыс Беразоўскі (архіўнае фота)

Журналіст расейскага выданьня часопісу Forbes быў апошнім прадстаўніком СМІ, які гаварыў з расейскім алігархам Барысам Беразоўскім перад ягонай сьмерцю. Сустрэча журналіста адбылася 22 сакавіка ў лёнданскім гатэлі «Four Seasons». Наступнага дня раніцай расейскага алігарха знайшлі мёртвым у ягоным доме.

У апублікаваным «Форбсам» досьледзе пад загалоўкам «Хто давёў да галечы Барыса Беразоўскага», ёсьць фрагмэнт, які датычыць выдаткаваньня грошай Беразоўскім у Беларусі:

Беразоўскі ўкладаў ня толькі ў рэвалюцыі, але і ў цалкам рэакцыйную стабільнасьць. Апошні палітычны праект «па паляпшэньні іміджу краіны» бізнэсмэн рэалізаваў у Беларусі. Пачынаючы з 2008 году паляпшэньнем іміджу Беларусі на Захадзе займаўся лорд Тымаці Бэл і яго кампанія «Bell Pottinger Group». Галоўныя дасягненьні Бэла — сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з папам рымскім Бэнэдыктам XVI і запрашэньне Лукашэнкі на саміт ЭЗ, што раней немагчыма было ўявіць.

Аляксандр Лукашэнка ў інтэрвію Russia Today у сакавіку 2013 прызнаўся, што Бэла рэкамэндаваў яму Беразоўскі. Паводле яго словаў, лорду Бэлу Беларусь грошай не плаціла. Што лягічна, паколькі грошы Бэл атрымаў ад Беразоўскага. Па дадзеных крыніцы, якая ўваходзіла ў аргкамітэт праекту, усяго на Беларусь было выдаткавана 60 мільёнаў даляраў. Беразоўскаму адкрылі Беларусь, аднак расейская Генэральная пракуратура запыту не дасылала — Расея пазьбягала супрацьстаяньня з Лукашэнкам. Беразоўскага каля самалёта сустракала машына зь мігалкай, і ў суправаджэньні аховы ён ехаў у рэзыдэнцыю ў Радашковічах пад Менскам. «Ён там пабудаваў сабе вёску і кайфаваў — распавядае сябар Беразоўскага. — Бярозы, рускія жанчыны, сьвежае марозіва па 20 капеек, чорны хлеб... Ён адчуваў сябе на радзіме».

Сам Беразоўскі разьлічваў на шмат што. «У яго былі вялікія пляны. Ён хацеў зрабіць Беларусь афшорнай зонай, наладзіць там казіно і гэтак далей» — распавядае адзін з блізкіх сяброў зьбеглага прадпрымальніка. Але адным з пунктаў пагадненьня з Беларусьсю было прыцягненьне інвэстараў. Інвэстараў Беразоўскі, вядома, не прывёў. Таму неўзабаве быў скасаваны кантракт з Бэлам, а пасьля масавых пратэстаў у Беларусі ў сьнежні 2010 году і жорсткай рэакцыі на іх Лукашэнкі, Эўропа зноў адвярнулася ад Менску. Менск жа адвярнуўся ад Беразоўскага. У сакавіку 2011 году зь Менска вывезьлі ўсе рэчы алігарха, былі зачыненыя і прадстаўніцтвы.

Па словах былога кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Яраслава Раманчука, менавіта Беразоўскі параіў Лукашэнку на выбарах 2010 года зарэгістраваць усіх канкурэнтаў і правесьці іх па магчымасьці празрыста. Гэта павінна было легалізаваць яго ў эўрапейскай супольнасьці. Але ня склалася.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG