Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Дзядок: Сыстэма, якая трымаецца на хлусьні, абрынецца


Мікалай Дзядок, архіўнае фота

Мікалай Дзядок, архіўнае фота

Палітвязьня Мікалая Дзядка Ленінскі суд Магілёва пакараў дадатковым годам зьняволеньня. Судзьдзя Ігар Шведаў прызнаў палітвязьня вінаватым у «злосным непадпарадкаваньні законным патрабаваньням адміністрацыі». Праз чатыры дні Мікалай Дзядок меўся выйсьці на волю пасьля чатырох з паловай гадоў зьняволеньня. Судзілі палітвязьня ў Магілёўскай турме № 4.

Пра дадатковае пакараньне Мікалая Дзядка паведаміла ягоная жонка Валерыя Хоціна, якую разам з бацькам зьняволенага Аляксандрам Мікалаевічам пусьцілі ў турму на працэс. Паводле Валерыі, у сваім апошнім слове Мікалай не прызнаў сябе вінаватым. Ён заявіў:

«Усім прадстаўнікам карных органаў, якія сабраліся тут, хачу нагадаць, што любая сыстэма, заснаваная на хлусьні, гвалце, прыгнёце, некалі абрынецца і заваліць сабой усіх, хто яе падтрымлівае. І я не хацеў бы быць на вашым месцы, калі гэта здарыцца».

Мікалай Дзядок таксама сказаў, што як палітзьняволены зьведваў ціск адміністрацыі, і прысутныя на судзе пра гэта цудоўна ведаюць.

Паводле Мікалая, новы крымінальны перасьлед ініцыявалі спэцслужбы, каб змусіць яго падпісаць прашэньне пра памілаваньне «праз псыхалягічны ціск і паспрабаваць здушыць на карані любыя пратэстныя рухі, якія могуць паўстаць бліжэй да выбараў прэзыдэнта».

Мікалай заўважаў, што ніякага выхаваўчага ўзьдзеяньня на яго турма не аказала, і што яна ў прынцыпе не выконвае такіх функцыяў.

Усім прадстаўнікам карных органаў, якія сабраліся тут, хачу нагадаць, што любая сыстэма, заснаваная на хлусьні, гвалце, прыгнёце, некалі абрынецца і заваліць сабой усіх, хто яе падтрымлівае.

Палітвязень назваў артыкул, па якім яго судзяць, абсурдным, бо за правапарушэньні яго ўжо каралі. І цяпер за тое ж, яго караюць дадатковым годам. Ён таксама зазначыў, што гэты артыкул — мэтад ціску на нязгодных зьняволеных.

Валерыя Хоціна, спаслаўшыся на адваката, зазначыла, што за 15 апошніх гадоў у Ленінскім судзе Магілёва не было ніводнай справы па артыкуле «злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі». А па Беларусі такія справы крайне рэдкія. «Яны хутчэй выключэньне ў агульнай масе крымінальных спраў», — пераказвала словы адваката Валерыя Хоціна. Адвакат прасіў, каб суд апраўдаў Мікалая.

У спрэчках, паводле Валерыі, пракурор тройчы паўтарыла, што турма не санаторый, і што ў ёй трэба адбываць пакараньне. Казала пра тое, што падсудны характарызуецца нэгатыўна і нават на судзе дэманстратыўна сябе паводзіць. Прасіла суд прызнаць Дзядка вінаватым па ўсіх эпізодах парушэньняў турэмнага рэжыму. Пракурор заявіла, што суды часта разглядаюць справы паводле артыкулу 411, па якім судзілі Дзядка.

Мікалай у сваім апошнім слове адказаў пракурору аднсона «санаторыя»:

«Так, гэта не санаторый, а месца, дзе адбываюць пакараньне. Але турма — гэта і наш дом, і наш быт. Чалавек ня можа 24 гадзіны ў суткі 365 дзён на год выконваць адны і тыя ж правілы. Сам начальнік турмы Дзьмітроў казаў, што чалавек ня робат, і што немагчыма выконваць усе тыя правілы».

Мікалая Дзядка вінавацілі па 16 эпізодах.

Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок асуджаны на 4,5 года зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле артыкула аб хуліганскіх дзеяньнях адносна афіцыйных будынкаў. Сваёй віны актывіст не прызнаў і адмовіўся падпісваць прашэньне аб памілаваньні. У турму № 4 яго зьмясьцілі пасьля нібыта злоснага парушэньня рэжыму ў шклоўскай калёніі. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Мікалая Дзядка палітвязьнем.

Гэта крок да азэрбайджанізацыі, — Севярынец

Павал Севярынец

Павал Севярынец

Адзін зь лідэраў БХД Павал Севярынец так пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды прысуд Мікалаю Дзядку:

«Гэта плявок у твар і грамадзянскай супольнасьці і эўрапейцам, якія цяпер прыяжджаюць размаўляць зь дзейным рэжымам. Магчыма, улады думаюць, што яны так набіваюць кошт пытаньню палітвязьняў. Альбо паказваюць, маўляў, бярыце нас такімі, якія мы ёсьць. Гэта як крок да азэрбайджанізацыі. Але выглядае гэта ўсё проста брыдка».

Лукашэнка правакуе Захад, — Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька адзначыў, што ўлады памянялі тактыку:

«Цяпер колькасьць рэпрэсій зьмяншаецца, але іх якасьць падвышаецца. І сытуацыя зь Дзядком даказвае менавіта такі падыход. Усе апошнія працэсы паказальныя і скіраваныя на тую ці іншую групу людзей у Беларусі. Разам з тым гэта і праверка Захаду. Там і так многія гатовы прымаць Лукашэнку такім, якім ён ёсьць. Альбо на ўмовах Лукашэнкі прымаць яго ў Эўропе і ЗША. А Лукашэнка іх яшчэ і правакуе: а калі я яшчэ далей зайду, ніжэй апушчуся, — ці прыміце мяне?! Ён хоча зразумець, дзе палягае гэта мяжа, і што яму можна дараваць. Вось што стаіць у рэальнасьці за гэтым прысудам».

Гэта чарговая гульня чалавечымі лёсамі, — Марына Адамовіч

Марына Адамовіч

Марына Адамовіч

Жонка палітвязьня Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч:

«Гэты прысуд мяне моцна ўразіў, хаця я разумела, што гэта будзе менавіта так. Але дабілі гэтыя тры дні, якія яны далучылі да прысуду ад неадбытага тэрміну пакараньня. Проста няма межаў цынізму і подласьці. Прычым гэта прымеркавана да візыту эўрапейскіх чыноўнікаў, якія шукаюць чорную котку ў цёмным пакоі, калі яе там няма. То бок лібэралізацыі і паляпшэньня адносінаў. Гэта чарговая стаўка ў гэтай гульні. Бо наша ўлада выпрабоўвае ўвесь час і нас, і суседзяў блізкіх і далёкіх — а што яны яшчэ могуць выцерпець? Гэта чарговая гульня чалавечымі лёсамі. У мяне гэта выклікае пачуцьцё мярзоцьця, страшэннай агіды. І вялікай горычы, вялікага спачуваньня сям’і Мікалая. Я ўпэўнена, што ён чалавек моцны, бо гэтыя высілкі ўладаў накіраваны на моцных людзей, на тое, каб задушыць іх волю, прагу справядлівасьці, іх гонар і годнасьць.

Таму калі будуць езьдзіць, букецікі прымаць, ручкамі махаць, можна яшчэ новых палітвязьняў чакаць. Гэта сытуацыя цалкам прадказальная. Уладзе заўсёды ўдавалася пераседзець больш мяккацелых і цывільных эўрапейскіх партнэраў».

Вызваленьняў палітзьняволеных чакаць не даводзіцца, — Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Праваабарончы цэнтар «Вясна» прызнаў сёньняшняе рашэньне суду адносна Мікалая Дзядка палітычна матываваным. Пра гэта заявіў праваабаронца Валянцін Стэфановіч:

«Бачна, што асудзілі яго за тыя дысцыплінарныя спагнаньні, якія былі накладзеныя на яго значна раней. Асаблівы цынізм палягае ў тым, што судовае паседжаньне адбывалася літаральна за лічаныя дні да сканчэньня тэрміну зьняволеньня палітвязьня. Наогул, наяўнасьць 411-га артыкула ў Крымінальным кодэксе недапушчальная, бо дае магчымасьць адміністрацыі месцаў зьняволеньня выбарачна выкарыстоўваць яго адносна тых, кім адміністрацыя не задаволеная.

Шкада, што беларускія ўлады не прыслухаліся да праваабаронцаў. Такім чынам яны дэманструюць сваё стаўленьне да пытаньня палітзьняволеных у Беларусі і відавочна не зьбіраюцца зьмяняць сваёй пазыцыі. Ніякіх вызваленьняў палітзьняволеных чакаць не даводзіцца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG