Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 фактаў пра палітвязьня Мікалая Дзядка


Мікалай Дзядок

Мікалай Дзядок

Сёньня ў магілёўскай турме № 4 судзяць палітвязьня Мікалая Дзядка. Яму інкрымінуецца «злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі». Пагражае да году дадатковага зьняволеньня ў калёніях строгага рэжыму. Пра тыдзень Мікалай меўся выйсьці на свабоду пасьля чатырох гадоў няволі. Суд пачаўся 25 лютага.

Юрыст-анархіст
Мікалаю Дзядку 26 гадоў. Паходзіць з Брагіна. Скончыў юрыдычны каледж БДУ з «чырвоным дыплёмам», быў прыняты на 3 курс юрфаку БДУ. Як кажа бацька Мікалая Дзядка, вучыцца яму там не спадабалася і ён паступіў у Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт на завочнае аддзяленьне паліталёгіі, дзе меўся атрымаць кваліфікацыю «палітоляг-юрыст». Працаваў у калектарскай фірме. Сябар арганізацыі беларускіх анархістаў.

Падпрацоўваў судовым выканаўцам
Мікалай прынцыпова паступіў у ЭГУ на завочнае аддзяленьне. Не хацеў сядзець на шыі ў бацькоў, прывык зарабляць сам. "Калі яшчэ вучыўся ў школе, спрабаваў дзесьці знайсьці хоць нейкую падпрацоўку. Пасьля заканчэньня каледжу ён паўгода працаваў судовым выканаўцам у адным з судоў Менску. Але сышоў — кажа, дзяржаўная служба не для яго. Потым працаваў у прыватнай фірме, і ў яго да арышту была вельмі цікавая праца. Ён працаваў у калектарскай кампаніі, дзе выконваў абавязкі журналіста, юрыста і кампутарніка адначасова«, — кажа бацька Мікалая спадар Аляксандар.

Мікалай Дзядок

Мікалай Дзядок


Не прызнаў віну
Актывіст Мікалай Дзядок быў асуджаны за тыя ж акцыі адносна амбасады Расейскай Фэдэрацыі і Генэральнага штабу Беларусі, што і Ігар Аліневіч ды Аляксандар Францкевіч. Дзядка пакаралі на 4,5 года зьняволеньня. Сваёй віны актывіст не прызнаў, адмовіўся падпісваць прашэньне аб памілаваньні і ўрэшце трапіў у крытую магілёўскую турму.

За здаровы лад жыцьця
З 6 гадоў Мікалай займаўся ўсходнімі адзінаборствамі. У турме хлопец ня паліць, шмат займаецца спортам, чытае і ўдасканальвае ангельскую мову. У звычайных перадачах ад яго родных — кнігі, слоўнікі, мазі ад расьцягненьняў.

Валерыя Хоціна

Валерыя Хоціна

Ажаніўся за кратамі
Рашэньне пра шлюб з Валерыяй Хоцінай было прынятае Мікалаем Дзядком ў 2011 годзе, калі той ужо быў у турме. Пара пазнаёмілася ў моладзевым летніку і да моманту арышту Мікалая год жыла разам у найманай кватэры. Афіцыйна Валерыя і Мікалай пабраліся шлюбам у кастрычніку 2011 году ў магілёўскай калёніі. Валерыя, якая ставіцца да сямейных адносінаў вельмі сур’ёзна, кажа, што разам жыць ім і было, і будзе, калі Мікалай выйдзе, няпроста, бо яны абое з характарам, даволі ўпартыя людзі.

Падшэфны эўрадэпутата
У кастрычніку 2011 году Праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускі Хэльсынскі камітэт прызналі Мікалая Дзядка палітычным зьняволеным. Над Дзядком узяла шэфства дэпутатка Эўрапарлямэнту, прадстаўніца Фінляндыі Сары Эсая.

Губляе зрок у турме
Пасьля паседжаньня суду 25 лютага жонка Мікалая Дзядка сказала: «У яго акуляры памяняліся. Дужа тоўстыя лінзы сталі. Вочы дужа вялікія праз гэтыя акуляры. Зрок у яго настолькі пагоршыўся, што я нават разгубілася спачатку». Апроч гэтага за час, праведзены ў турме, Мікалай згубіў два зубы, якія не пасьпеў далячыць на волі.

Зьняволеньне як школа жыцьця
Пасьля абвяшчэньня прысуду Мікалай Дзядок крычаў: «Усім вы раты не пазатыкаеце! Усіх не перасаджаеце!». Жонка Мікалая Валерыя Хоціна пасьля аднаго са спатканьняў з мужам распавяла, што Мікалай прыняў свой лёс і ставіцца да турмы як да школы жыцьця, выйсьці зь якой зможа нязломленым:


«Ён ніколькі не шкадаваў, што так адбылося. У лістах ён мне пісаў: «Я буду тут да той часіны, пакуль не зразумею ўсё, што мне наканавана». Ён заўсёды быў аптымістам, нават у самых чорных для сябе сытуацыях ён заўсёды бачыць плюс. Тое, што ён не зламаўся, гэта дакладна".

Інтэрнэтаман
Самае цяжкае ў зьняволеньні для Мікалая — недахоп інфармацыі. "Ён такі быў інтэрнэтаман, без інтэрнэту ён не пачынаў свой дзень. І зараз для яго гэта вельмі цяжка — атрымліваць маленькімі кавалачкамі інфармацыю. Але вельмі добра, што да яго даходзіць апазыцыйная прэса", — кажа жонка Валерыя.

Карцар за майку і спартовыя штаны
За парушэньне формы адзеньня ў турме Мікалая Дзядка неаднаразова каралі штрафным ізалятарам і карцарам. Цяпер за гэта самае яму пагражае працяг зьняволеньня яшчэ на год. Яму ставяцца ў віну шаснаццаць эпізодаў парушэньняў. Большая палова зь іх — знаходжаньне ў спартовых штанах або бяз майкі.

XS
SM
MD
LG