Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Чаргінец выступіў за вуліцу і помнік Васілю Быкаву ў Менску


Паводле кіраўніка праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, варта назваць імём Васіля Быкава менскую вуліцу Фрунзэ, дзе стаіць Дом літаратара, а непадалёк паставіць помнік Быкаву — каля кінатэатру «Мір».

Чаргінец: Вуліцы Быкава, Барадуліна, Гілевіча будуць

Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец на прэсавай канфэрэнцыі, якую наведалі прадстаўнікі толькі двух СМІ — Радыё Свабода і «СБ-Беларусь сегодня» — запэўніў, што вуліца Васіля Быкава ў Менску будзе, але калі — сказаць ня змог. Разам з тым ён выказаўся за тое, каб у Менску былі і вуліцы народных паэтаў Беларусі Рыгора Барадуліна і Ніла Гілевіча.

«Думаю, будуць. Мы ставім пытаньне, каб вы ведалі. Мы не займаемся лямантам аб неабходнасьці беларускай мовы, а канкрэтна ўносім прапановы вышэйшаму кіраўніцтву краіны аб умацаваньні пазыцый беларускай мовы. Вось прыклады: усе вуліцы Менску названыя па-беларуску — гэта наша ініцыятыва. Населеныя пункты, на дарогах усе ўказальнікі — па-беларуску — зноў жа, гэта наша ініцыятыва», — заявіў спадар Чаргінец. Гаварыў ён па-расейску.

Што да Васіля Быкава, Чаргінец заявіў, што Аляксандар Лукашэнка падтрымаў ідэю адкрыцьця ў музэях Менску і Горадні аддзелаў, прысьвечаных Быкаву.

Чаргінец пра сяброўства з Быкавым

​«Я зь ім вельмі блізка сябраваў. Падыдзіце ў музэй літаратуры — я перадаў больш за 100 лістоў Быкава, якія мне ён пісаў у Аўганістан і проста так. І справа ня толькі ў дружбе. Гэта вялікі пісьменьнік, гонар нашай Беларусі. А тое, што многія чыноўнікі не ўспрынялі яго... Быкаў — прамы чалавек, яго трэба было ўспрымаць, які ён ёсьць», — сказаў Мікалай Чаргінец.

У тым, што дагэтуль у беларускай сталіцы няма вуліцы Быкава, вінаваты іншы літаратар — Уладзімер Някляеў, — сказаў Чаргінец.

«Была б ужо вуліца Васіля Быкава, калі б Някляеў ня ўзяў у свае рукі ініцыятыву, ведаючы, што мы ўнесьлі такую прапанову, і ператварыў гэта ў палітычны сьцяг свайго абраньня ў прэзыдэнты», — сказаў Чаргінец.

«Някляеў — добры паэт, але дрэнны палітык», — дадаў ён.

Чаргінец сказаў, што хоць гэта было 8 гадоў таму, у 2010-м, ідэя Някляева гучыць дагэтуль — перайменаваць вуліцу Першамайскую ў вуліцу Быкава. (Насамрэч Уладзімер Някляеў, а таксама кампанія «Гавары праўду!» прапаноўвалі перайменаваць у Менску ў вуліцу імя Васіля Быкава вуліцу Ўльянаўскую — РС.)

Чаргінец паскардзіўся, што называць вуліцы імёнамі нават народных пісьменьнікаў ня так лёгка. Вырашаюцца пытаньні на сэсіях гарсавету, а там чэргі агромністыя.

Макеты помнікаў Быкаву ў кабінэце Чаргінца

Мікалай Чаргінец сказаў, што ў ягоным кабінэце стаяць два макеты помніка Быкаву, адзін літаральна пазаўчора замянілі на новы. Замовілі для Дома літаратара і партрэты Барадуліна і Гілевіча, а партрэт Быкава там ужо ёсьць.

«Паміж дзецьмі былых старшыняў Саюзу пісьменьнікаў нават спрэчка адбылася, што, маўляў, Быкаў ня быў старшынём СПБ, а чаму помнік яму хочуць паставіць каля Дома літаратара?» — сказаў Чаргінец.

Мікалай Чаргінец кажа, што ёсьць прапанова наагул паставіць помнік Быкаву на скрыжаваньні вуліц Бядулі і Даўгабродзкай, каля кінатэатру «Мір», вуліцу Першамайскую перайменаваць у вуліцу Фрунзэ, а вуліцу Фрунзэ — у вуліцу Быкава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG