Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Карандаш» адмовіўся друкаваць матэрыялы патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты ад руху «За свабоду»


Юры Меляшкевіч

Юры Меляшкевіч

Адміністратар друкарскага цэнтру «Карандаш», што на вуліцы Хмяльніцкага, 10, Генадзь Ермаковіч адмовіўся выконваць замову патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты Юрыя Меляшкевіча — друкаваць матэрыялы пра ягоную ініцыятыўную групу і бэджы для сябраў групы. Спаслаўся адміністратар на ўнутраную інструкцыю «Карандаша», падпісаную кіраўніцтвам фірмы.

Cябра рады руху «За свабоду» Юры Меляшкевіч распавёў Радыё Свабода, што спачатку ў «Карандашы» ўзялі макет, у якім прысутнічала інфармацыя пра ініцыятыўную групу, надрукавалі 20 экзэмпляраў. Юры параіўся з кіраўніцтвам, вырашылі крыху перарабіць макет, дадаўшы лягатып руху «За свабоду».

«Новую замову спачатку прынялі, а потым ператэлефанавалі, што ня могуць выканаць, а бяруць на разгляд і будуць цягам месяца вырашаць, ці можна друкаваць. Я патлумачыў, што лягатып руху „За свабоду“ зарэгістраваны, даслаў ім на пошту спасылку на статут, рэгістрацыйны нумар арганізацыі, зноску на тое, што мы маем права займацца ўдзелам у назіраньні за выбарамі, што ў нас статутныя мэты — удзел у выбарах як назіральнікаў.

Мне кажуць зноў, што будуць разглядаць гэтае пытаньне. Каб не губляць часу, я пагадзіўся на першы варыянт: „Тады друкуйце мне той макет, які вы мне ўжо рабілі“. Мне адказалі, што нават па старым макеце нічога друкаваць ня будуць. Прапанавалі напісаць прэтэнзію і накіраваць макет на аналіз.

Я напісаў заяву, сфатаграфаваў копію ліста. І мне сказалі, што месяц будуць разглядаць маё пытаньне. Цяпер ідзе этап збору подпісаў, кожны дзень важны, а ў мяне фактычна яны скралі два дні».

Адміністратар друкарскага цэнтру «Карандаш», што на вуліцы Хмяльніцкага, 10, Генадзь Ермаковіч на пытаньне карэспандэнта Свабоды, на якой падставе адмовіліся друкаваць матэрыялы спадара Меляшкевіча, удакладніў, што яму не адмовілі, а макет узяты на разгляд, ці можа копіцэнтар яго друкаваць:

«У перадвыбарчы час людзі могуць прыносіць самыя розныя макеты і з цалкам адэкватнай, нармальнай інфармацыяй, і з той інфармацыяй, якую мы ня маем права друкаваць. Таму, каб не трапляць „пад раздачу“ па віне нядобрасумленнага чалавека, мы бяром гэта на ўзмоцнены кантроль. Калі штосьці выклікае ў апэратара сумнеў, мы разглядаем гэта больш уважліва і прадметна».

На пытаньне, ці ёсьць пэўныя крытэры, інструкцыі, на падставе якіх супрацоўнікі «Карандаша» могуць накіраваць матэрыялы на дадатковую праверку, адміністратар Генадзь Ермаковіч адказаў, што ёсьць унутраныя інструкцыі, якія грунтуюцца на беларускім заканадаўстве і падпісаныя кіраўніцтвам «Карандаша». І прывёў прыклады, што можа выклікаць сумнеў у апэратара:

«Нацысцкая сымболіка, заклікі да міжрасавай, міжрэлігійнай розьні, многае іншае — то бок ёсьць асобны дакумэнт, дзе гэтыя крытэры пазначаны», — адказаў Генадзь Ермаковіч.

Што да канкрэтнага выпадку зь Юрыем Меляшкевічам — то, маўляў, супрацоўнікам «Карандаша» трэба было пераканацца, ці меў ён падставы друкаваць бэджы і прадстаўляцца кандыдатам ад руху «За свабоду», які ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі. Для праверкі патрэбны час, тлумачыць Генадзь Ермаковіч:

«Апэратар жа ня можа кінуць абслугоўваць іншых кліентаў і наводзіць даведкі ў Міністэрстве юстыцыі, Міністэрстве інфармацыі, яшчэ дзесьці, таму нам патрэбны час. Мы людзей папярэджваем, што праверка можа расьцягнуцца да 30 дзён, але бяром у кліентаў кантакты, і як толькі атрымліваем неабходную нам інфармацыю, паведамляем пра вынік».

Юры Меляшкевіч адзначыў, што такое стаўленьне друкарскага цэнтру абмяжоўвае ягоныя правы як прэтэндэнта ў дэпутаты, а таксама грамадзянаў на атрыманьне інфармацыі, і яно абсалютна неабгрунтаванае.

Спадар Меляшкевіч вырашыў напісаць заяву ў Цэнтральную выбарчую камісію — дарэчы, ЦВК разглядае такія заявы цягам трох дзён, а не 30, як копіцэнтар «Карандаш». Таксама ён накіраваў скаргу кіраўніцтву кампаніі на пільных супрацоўнікаў.

«Карандаш» ня першы раз адмаўляецца выконваць замовы кліентаў з палітычных матываў. 31 кастрычніка 2013 году ў іншым філіяле — у гандлёвым цэнтры «Сталіца» — адмовіліся прыняць замову на друк мапы Ўсходніх могілак Менску ў прадстаўнікоў Радыё Свабода.

Адміністратар друкарскага цэнтру Алена Рыбак спаслалася на службовую інструкцыю, паводле якой фірма не займаецца друкам матэрыялаў парнаграфічнай, экстрэмісцкай, нацысцкай, антыдзяржаўнай скіраванасьці, а таксама агітацыйных матэрыялаў, якія ўтрымліваюць прыкметы перадвыбарчай агітацыі, агітацыі па пытаньнях рэфэрэндуму і тых, якія могуць быць ужытыя падчас правядзеньня грамадзка-палітычных акцыяў і кампаніяў. Спадарыню Рыбак адхілілі, пазьней аднавілі на працы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG