Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Многія разумеюць абсурднасьць працэсу» — мянчук, у чыім заплечніку «нічога няма»


«Рэакцыя зазвычай пазытыўная, часам — проста нэўтральная. Грубасьці ці нейкай агрэсіі, зьвязанай з надпісам, не сустракаў ні разу», — распавёў Свабодзе менскі дызайнэр Раман Цыбульскі, у заплечніку якога надпіс «нічога няма» схаваны так, што бачны толькі супрацоўнікам мэтро, якія часта надглядаюць ягоныя рэчы на «рэнтгене».

Раман часта карыстаецца менскім мэтро, часта езьдзіць з заплечнікам — і часта становіцца абʼектам надгляду, хоць на некаторых станцыях яго ўжо пазнаюць у твар. Проста звыкнуць да надглядаў у яго ня выйшла, таму ён вырашыў дэманстраваць супрацоўнікам мэтро адну з працаў праекту Black Market менскага мастака Аляксея Лунева.

Уладальнік заплечніка, дзе «нічога няма», распавядае, што зрабіў гэта зусім не са злосьці:

«Абсалютная большасьць працаўнікоў мэтро дастаткова тактоўныя, прадстаўляюцца і робяць усё „паводле інструкцыі“, большага ад іх чакаць не выпадае, — кажа Раман. — Многія пры гэтым разумеюць абсурднасьць працэсу, і мне хацелася павесяліць іх ды зрабіць штодзённыя праходы на агляд больш цікавымі для сябе. Ну, і нагадаць пра гэтую абсурднасьць тым, хто лічыць сябе фарпостам абароны айчыны ад тэрарызму».

Зрабіць надпіс, які быў бы добра бачны на рэнтгене ў мэтро, Раману ўдалося не адразу. Зь якога менавіта мэталу зробленая цяперашняя вэрсія, ён згадаць ня можа — літары рабіў сябар:

«Было відавочна, што мэталічныя прадметы добра адлюстроўваюцца. Спрабаваў фольгу ды клейкія вінілавыя магніты — яны аказаліся непрыдатнымі для ідэі, таму папрасіў знаёмага выразаць літары лазэрам з мэталу. Абралі таўшчыню 2 мм, і гэтага абсалютна хапіла».

«Наколькі мне вядома, устаноўка — правяраць усіх мужчын з заплечнікамі або вялікімі сумкамі. Астатняе — па сытуацыі. Гэта правяраецца па камэрах, за прапушчаных „падазроных“ надглядальнікі могуць пісаць тлумачальныя. Часам праводзяцца праверкі, у выніку якіх могуць пазбавіць прэміі ці нават звольніць.

А збольшага ўсё збудавана на „выжесамипонимаете“. Асабіста мне гэта нагадвае адносна нядаўнюю гісторыю з павальным незаконным здыманьнем адбіткаў пальцаў з усяго мужчынскага насельніцтва краіны, або ўваход на масавыя гуляньні праз турнікеты і асабісты надгляд. Я не спэцыяліст па бясьпецы, каб ацэньваць эфэктыўнасьць, але як грамадзянін магу выказваць сваё меркаваньне, і гэтым разам зрабіў гэта менавіта праз такі праект».

XS
SM
MD
LG