Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Троляў і эльфаў прапануюць замяніць на ахвярнікаў, багнікаў і балотнікаў


Ружанскі краявід

Ружанскі краявід

Моладзь на летніку ў Ружанах прапануе выкарыстоўваць гульні для прапаганды беларускай культуры.

Троляў і эльфаў можна замяніць на ахвярнікаў, багнікаў і балотнікаў — моладзь прапануе выкарыстоўваць гульні для прапаганды беларускай культуры.

На летнік у Ружаны зьехаліся два дзясяткі мастакоў. Першую палову дня моладзь працуе на рэстаўрацыі палаца Сапегаў — прыбірае падземныя паверхі. Пасьля абеду мастакі ствараюць вобразы для гульні на падставе беларускай міталёгіі.

Арганізавала летнік менская мастацкая ініцыятыва «Вячоркі-замалёўкі» пры падтрымцы адміністрацыі музэю палаца Сапегаў, а таксама спонсараў, сярод якіх — стваральнікі кампутарнай гульні World of Tanks.

Карэспандэнт Свабоды паразмаўляў з кіраўніком «Вячорак-замалёвак» Уладзіславам Марозам. Мароз перакананы, што беларуская міталёгія можа стаць надзвычай запатрабаванай у справе стварэньня настольных ды кампутарных гульняў.

— Уладзіслаў, распавядзіце пра сваю суполку «Вячоркі-замалёўкі». Чым вы займаецеся?

— Гэта такая невялікая суполка, якую мы стварылі паўтара года таму. Хацелася разьвівацца ў галіне кампутарнай графікі і ў канцэпт-арце. Канцэпт-арт — гэта калі мастак займаецца распрацоўкай нейкай ідэі, да прыкладу, прыдумляе пэрсанажа, лякацыю, што заўгодна.

Мы пачалі зьбірацца невялікімі кампаніямі, чалавек па 5–10, ды маляваць на нейкія тэмы. А зь верасьня наймаем ужо вялікія памяшканьні на 30 чалавек, чытаем лекцыі, даем заданьні ўсялякія... У выніку ўсё гэта перарасло ў штотыднёвае мерапрыемства. Запрашаем розных цікавых людзей, мадэляў. Спачатку іх малюем, набіваем руку, вывучаем анатомію. А другі пункт заняткаў — працуем над канцэпт-артам. Маем суполку ў сацыяльных сетках, супрацоўнічаем з рознымі школамі, выступаем на мерапрыемствах, чытаем лекцыі. Напрыклад, пра беларускую міталёгію, як яе прымяніць у кампутарнай графіцы.

Уладзіслаў Мароз

Уладзіслаў Мароз

— Беларуская міталёгія ў кампутарнай графіцы?

— Так, уявіце, вось будзе рабіцца нейкая кампутарная гульня беларуская. Чаму б яе не рабіць, замест усялякіх эльфаў ды гномаў, на падставе беларускай міталёгіі, якая вельмі багатая? Гэтага ніхто ня робіць, а гэта ўнікальныя рэчы. Мы людзей заклікаем да гэтага і распавядаем, як гэта добра зрабіць. Зрабіць такую гульню вельмі цяжка, патрэбна вялікая колькасьць адмыслоўцаў, каманда за 50, а то і болей чалавек. Пакуль мы толькі прасоўваем гэтую ідэю ў масы, размаўляем пра гэта, прапагандуем.

Брама Ружанскага палаца

Брама Ружанскага палаца

— А ці ёсьць прыклады нейкіх падобных гульняў, створаных на нацыянальнай міталёгіі, акрамя згаданых гномаў ды эльфаў?

— Нядаўна палякі добра «стрэлілі». Ёсьць такая сэрыя кніг Анджэя Сапкоўскага пра ведзьмака, якая ўвабрала ў сябе польскую культуру, міталёгію. Нядаўна па гэтых кнігах зрабілі цудоўную гульню, якая і «стрэліла» на ўвесь сьвет. (Маецца на ўвазе гульня The Witcher. — РС). Гэта яскравы прыклад, калі польская багатая культура, вельмі падобная да нашай, распаўсюдзілася на ўвесь сьвет праз гульню. Гульні вельмі добра дапамагаюць распаўсюджваць культуру.

Банэры з спонсарамі летніка мастакоў

Банэры з спонсарамі летніка мастакоў

— Ці можа атрымацца, на ваш погляд, у Беларусі такі папулярны, папсовы прадукт, які б папулярызаваў беларускую міталёгію?

— Разумееце, калі нешта добрае, яно рана ці позна стане «папсой». Калі будзе прыклад, які пакажа, што гэта працуе, то людзі пацягнуцца, стануць зьяўляцца падобныя рэчы. Калі будзе добра зроблена, яна стане папулярная, нягледзячы ні на што. У прынцыпе, у нас адмыслоўцы ёсьць, ёсьць людзі, якія ведаюць, як рабіць, проста іх пакуль нічога не аб’ядноўвае. То бок — няма такіх праектаў. Працуюць на замежныя праекты...

У галоўным корпусе палаца Сапегаў валянтэры прыбіраюць у падземных паверхах

У галоўным корпусе палаца Сапегаў валянтэры прыбіраюць у падземных паверхах

— А якія мітычныя героі маглі б прысутнічаць у беларускай кампутарнай гульні? Пярун, Вялес?

— Не абавязкова Пярун ды Вялес, гэта мог бы быць багнік, ахвярнік... Гэта нашмат цікавей. Я вось для сябе рабіў выпіскі з энцыкляпэдыі па міталёгіі — у нас, аказваецца, ёсьць аж 188 унікальных міталягічных пэрсанажаў. Гэта дастатковая лічба, якая дазволіць разгарнуцца... Гэта багі, ніжэйшыя міталягічныя пэрсанажы. Зь некаторых можа быць нейкі зборны вобраз. Да прыкладу, балотнік. У розных рэгіёнах ён уяўляўся па-рознаму. Потым, такі пэрсанаж дзяліўся на іншыя віды — багнік, ахвярнік, балотнік. У іх нават ёсьць герархія свая — нехта зь іх галаўнейшы, хтосьці меншы...

Расклад удзельнікаў летніка

Расклад удзельнікаў летніка

— Давайце ўявім сытуацыю, што зьявілася такая кампутарная гульня. Хто б там з кім біўся?

— У беларускай міталёгіі няма такога выразна добрага і дрэннага боку. Пэрсанажы паміж сабой узаемадзейнічаюць. Чалавек мог зьвярнуцца па дапамогу да любога з пэрсанажаў, і гэтаксама любы пэрсанаж мог нарабіць бяды яму... Можна было б абыграць супрацьпастаўленьне чалавечага і міталягічнага, іх узаемадзеяньне. А каб між сабой біліся... Ну, нешта таксама магло б быць, усё будзе залежаць ад сюжэту.

Від з вакна адрэстаўраванай брамы на палац Сапегаў

Від з вакна адрэстаўраванай брамы на палац Сапегаў

— Вы абапіраецеся на навуковыя зьвесткі, бераце адмысловыя выданьні?

— Канечне, напрыклад, этнограф Шпілеўскі (Павал Шпілеўскі, 1823–1861 — беларускі этнограф. — РС) шмат цікавага занатаваў, многія іншыя дасьледчыкі... Стараемся скарыстаць па максымуме той матэрыял, які ёсьць.

Мастакі слухаюць лекцыю па беларускай міталёгіі праз інтэрнэт

Мастакі слухаюць лекцыю па беларускай міталёгіі праз інтэрнэт

— Колькі год пройдзе, пакуль беларусы пабачаць кампутарную гульню на такім нацыянальным грунце?

— Сам працэс распрацоўкі вялікай кампутарнай гульні можа займаць 2–4 гады. Залежыць ад маштабаў гульні. То бок, у прынцыпе, калі пачаць, то літаральна некалькі год. Але ж гэты працэс стварэньня можа пачацца і празь дзесяць год... Усё залежыць ад невялікай групы людзей, якія ўсё гэта распачнуць. Мы ж мастакі, а гэтага мала. Патрэбныя праграмісты, спонсары, грошы...

Таму мы пакуль і ўзяліся распрацоўваць настольныя гульні. Для іх ня трэба так шмат людзей, вялікая колькасьць фінансаў. Але такую гульню можна зрабіць цікавай і нашы ідэі там адлюстраваць.

Экспазыцыя адной з заляў музэю палаца Сапегаў

Экспазыцыя адной з заляў музэю палаца Сапегаў

— А як будзе выглядаць ваша настольная гульня?

— Любы тып настольнай гульні можа ўвабраць у сябе беларускую міталёгію — эканамічная стратэгія, вайсковая стратэгія, інтэлектуальная гульня. Мы, якраз гэтым і займаемся, абмяркоўваем, выбіраем жанр. Цяпер у нас тры каманды, кожная робіць па адным эскізным праекце. Калі ён будзе цікавы, мы будзем на працягу паловы году яго дарабляць, дамалёўваць, а потым спрабаваць рэалізоўваць.

— Сьвет, відаць, не пакіне гуляць у «Танкі», іншыя папулярныя гульні, але вы можаце заняць сваю пэўную нішу...

— Так, і яна пакуль пустая. Хоць ідэя ляжыць на паверхні, але яе не выкарыстоўваюць, што вельмі крыўдна. Таму мы стараемся і працуем, каб выправіць гэта.

XS
SM
MD
LG