Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы выйгралі 230 тысяч даляраў у брытанскім конкурсе стартапаў


Кірыл Чыкеюк (справа) і Арцём Ставенка

Кірыл Чыкеюк (справа) і Арцём Ставенка

Беларусы Кірыл Чыкеюк і Арцём Ставенка выйгралі ў конкурсе Pitch to Rich 2015 кампаніі Virgin Group у катэгорыі стартапаў.

Яны атрымалі 150 тысяч фунтаў (230 тысяч даляраў) на свой праект з галяграфічнай 3D-рэклямай.

«Праект беларусаў выглядае фантастычна!» — не стрымаўся Рычард Брэнсан, мільярдэр, уласьнік кампаніі Virgin, якая праводзіла конкурс стартапаў.

Конкурс асьвятлялі ўсе цэнтральныя выданьні Брытаніі, пра посьпех беларусаў перадавалі The Guardian, Forbes ды СNN.

Пра Кірыла Чыкеюка і Арцёма Ставенку ўжо ня першы раз згадваюць у беларускіх і сусьветных мэдыях. Упершыню яны праславіліся ў 2012 годзе, калі выйгралі конкурс стартапаў у брытанскім шоў «Логава драконаў» на канале BBC. Тры гады таму яны сталі вынаходнікамі відэарэклямы на колах ровара.

І хоць тады беларусы адмовіліся ад галоўнага прыза ў 150 тысяч даляраў (за гэтыя грошы яны мусілі б аддаць 40% долі ў праекце), адной згадкі на брытанскім тэлебачаньні ім хапіла для росту. Іхнюю кампанію дагэтуль запрашаюць на рэклямныя імпрэзы, а ліцэнзію на тэхналёгію ахвотна набываюць па ўсім сьвеце.

Летась яны выступілі са сваім новым праектам пад назвай Kino-Mo. Іхні экран-«вэнтылятар» дазваляе візуалізаваць галяграфічныя выявы проста ў паветры. Сама па сабе такая тэхналёгія — не навіна, але Арцём, Кірыл і інжынэр Дзьмітры Маліноўскі здолелі яе ўдасканаліць. У адрозьненьне ад іншых праектараў, «вэнтылятар» Kino-Mo дазваляе ствараць больш маштабныя выявы.

Беларусы таксама максымальна спрасьцілі выкарыстаньне тэхналёгіі: запускаць праекцыю можна хоць з кампутара, хоць з мабільнага тэлефона. Праектар-«вэнтылятар» каштуе 500 даляраў.

Пасьля таго як хлопцы прабіліся ў шорт-ліст сярод 32 паўфіналістаў, пачалося двухтыднёвае онлайн-галасаваньне. Іх актыўна падтрымлівалі беларускія карыстальнікі сацсетак. Здабыўшы 15 тысяч галасоў, Kino-Mo прайшлі ў фінал конкурсу.

«У паўфінальнай стадыі без дапамогі беларусаў мы б не далі рады, — расказалі хлопцы Свабодзе. — Нам прыйшло столькі паведамленьняў ад незнаёмых людзей з падтрымкай! Нас публічна падтрымала Дар’я Домрачава. Было неверагодна прыемна!»

Арцёма, Кірыла і Дзьмітрыя таксама падтрымалі брытанскі амбасадар у Беларусі, рэдактары «АіФ» і «TUT.BY», «World of Tanks» і Ufox Media, квэсты DoorZ.

Галасы дазволілі Kino-Mo прайсьці ў фінал у ліку трох праектаў у катэгорыі «Стартап». Журы, якое ўзначальваў Брэнсан, абрала як варты інвэставаньня менавіта праект беларусаў. Акрамя 150 тысяч фунтаў на маркетынгавую кампанію, Kino-Mo цягам году будуць атрымліваць кансультацыі ад Virgin Group і цэлы пакет бясплатных сэрвісаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG