Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усясьветны банк дасьць Беларусі грошы на мадэрнізацыю сыстэмы аховы здароўя


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Рада выканаўчых дырэктараў Усясьветнага банку ўхваліла выдачу Беларусі пазыкі ў памеры 125 млн даляраў на рэалізацыю праекту мадэрнізацыі сыстэмы аховы здароўя, накіраванага на павышэньне асобных аспэктаў якасьці мэдыцынскай дапамогі ў краіне.

Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на прадстаўніцтва Усясьветнага банку, праект падтрымае намаганьні Беларусі ва ўдасканаленьні мэдычнай дапамогі нованароджаным, у стварэньні сыстэмы электроннай аховы здароўя і ўкараненьні сыстэмы падтрымкі клінічных рашэньняў на аснове інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгій. Праект будзе таксама спрыяць павышэньню ўзроўню клінічных кампэтэнцыяў супрацоўнікаў сфэры аховы здароўя па вядзеньні неінфэкцыйных захворваньняў.

Мяркуецца, што ў межах праекту будуць створаныя сучасныя навучальныя лябараторыі па адпрацоўцы навыкаў работнікаў аховы здароўя, пабудаваны новы корпус Аддзяленьня інтэнсіўнай неанатальнай дапамогі.

«Праект прадугледжвае аказаньне падтрымкі ў прафіляктыцы, раньнім выяўленьні і лячэньні сардэчна-сасудзістых захворваньняў, у тым ліку гіпэртанію, што ёсьць асноўным выклікам у кантэксьце старэньня насельніцтва Беларусі. Праект таксама падтрымае мерапрыемствы па ўдасканаленьні сыстэмы інтэнсіўнай нэанатальнай дапамогі для нованароджаных (нэанатальным пэрыядам называюць першы месяц па нараджэньні дзіцяці. — РС). Інтэграваная інфармацыйная сыстэма аховы здароўя забясьпечыць бесьперабойны абмен інфармацыяй паміж усімі ўзроўнямі сыстэмы аховы здароўя і з пацыентамі, што дазволіць палепшыць кантроль захворваньня», — адзначыла Сюзанна Хайрапецян, вядучы спэцыяліст па ахове здароўя і кіраўнік групы спэцыялістаў Усясьветнага банку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG