Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як можа расьці бізнэс, калі заробкі падаюць? У прадстаўніцтве Ўсясьветнага банку прэзэнтавалі даклад «Вядзеньне бізнэсу-2017: роўныя магчымасьці для ўсіх»


Кіраўнік прадстаўніцтва Сусьветнага банку ў Беларусі Ян Чул Кім
Кіраўнік прадстаўніцтва Сусьветнага банку ў Беларусі Ян Чул Кім

Паводле справаздачы групы Ўсясьветнага банку пад назвай «Вядзеньне бізнэсу-2017: роўныя магчымасьці для ўсіх», сёлета Беларусь увайшла ў дзясятку краін — лідэраў у прасоўваньні рэформаў, якія ствараюць больш прыдатныя ўмовы для вядзеньня бізнэсу. У агульным рэйтынгу Беларусь паводле гэтага паказьніку цяпер на 37-м месцы, хоць летась была на 44-м, а два гады таму — на 57-м.

Скачок на 20 пазыцыяў угару забясьпечылі чатыры рэформы, адзначаюць аўтары справаздачы. Найперш гэта тое, што было спрошчана падключэньне да электрычных сетак — цяпер гэта можна зрабіць паводле прынцыпу «аднаго акна». Таксама на рэйтынгу адбілася больш лёгкая і празрыстая працэдура перадачы маёмасьці — сёлета на гэта патрабуецца ўсяго 3 дні, што ёсьць пятым паказьнікам у сьвеце. У лідэрах паводле агульных паказьнікаў зручнасьці вядзеньня бізнэсу цяпер Новая Зэляндыя, Сынгапур і Данія, да якіх Беларусі яшчэ вельмі далёка. Але паводле такога паказьніку, як сыстэма крэдытных гісторыяў, Беларусь сёлета нарэшце зрушыла зь мёртвага пункту, што адбілася на яе рэйтынгу. Чацьвёртай значнай беларускай рэформай умоваў вядзеньня бізнэсу, якую заўважыў Усясьветны банк, стала забесьпячэньне большай абароны правоў мінарытарных інвэстараў.

«Сярод краін зь сярэднім роўнем прыбытку Беларусь паводле рэйтынгу вядзеньня бізнэсу ўваходзіць у пяцёрку лідэраў, а ў агульным сьпісе краін яна 37-я. Гэты істотны паказьнік стане важным для прыцягненьня замежных інвэстыцыяў. Цяпер ураду важна дапоўніць рэформы захадамі, якія будуць здымаць структурныя перашкоды росту», — заявіў на прэзэнтацыі справаздачы спадар Ян Чул Кім.

Кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі спадар Кім адказаў на пытаньні, у тым ліку тыя, якія паставіў сам.

Якія новыя рэформы ў галіне вядзеньня бізнэсу варта зрабіць неадкладна?

У Беларусі на сплату падаткаў трэба 176 гадзін у год, гэта робіцца ў 7 розных пэрыядаў

«Прыкладам, у працэдуры сплаты падаткаў. У Катары, які тут лідэр, плацяць 1 раз на год, там на гэта трацяць усяго 41 гадзіну. У Беларусі на сплату падаткаў трэба 176 гадзін у год, гэта робіцца ў 7 розных пэрыядаў. Чаму не зрабіць гэтак, як людзі плацяць за жытло і камунальныя паслугі? Адразу і за ўсё», — прапаноўвае кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку.

Таксама Ян Чул Кім адзначыў, што сёлета падаткі, акцызы ды іншыя выплаты ад прыбыткаў бізнэсу ў Беларусі склалі амаль 55%, а летась было 50%, і такое падвышэньне нэгатыўна паўплывала на рэйтынг. У Катары падаткаў з прыбытку плацяць усяго 1,3%, — заўважыў банкір, але не сказаў, што прапанаваў бы аналягічныя захады беларускаму ўраду.

З плюсаў прадстаўнік Усясьветнага банку заўважыў, што зьявілася сыстэма электроннага дэкляраваньня, што дазволіла палепшыць паказьнік агульнага рэйтынгу.

Сярэдні заробак у Беларусі зьнізіўся да 370 даляраў. Як патлумачыць, што бізнэс-рэйтынг Беларусі расьце, а заробкі жыхароў краіны падаюць?

Спадар Ян Чул Кім мяркуе, што трэба дбаць пра «парытэт пакупніцкай здольнасьці», а не глядзець толькі на агульныя паказьнікі. Далей банкір нагадаў, ад чаго залежыць «колькасьць сасісак, якія можна набыць за адзін заробак»: не ад памеру заробку, а ад памеру валавога нутранога прадукту на аднаго насельніка. Але «сытуацыя мяняецца», — перакананы кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Ян Чул Кім.

«Сёньня, у кастрычніку 2016 году, мы бачым, што шмат якія макраэканамічныя паказьнікі стабілізаваліся дзякуючы пасьлядоўнай і карпатлівай працы ўраду і Нацыянальнага банку. Цяпер, калі параўнаць статыстыку і прааналізаваць, у якой краіне лягчэй весьці бізнэс, дык сёньняшняе знаходжаньне Беларусі на 37 радку — гэта істотны паказьнік».

Якія галіны беларускай эканомікі могуць зацікавіць замежных інвэстараў?

Спадар Ян Чул Кім перакананы, што для прыцягненьня ў Беларусь інвэстыцыяў адкрываецца ўсё больш магчымасьцяў, і праілюстраваў гэта назіраньнямі апошніх месяцаў.

«Прыкладам, два тыдні таму ў Беларусь прыяжджаў прынц Майкл Кенцкі. Ангельскія бізнэсмэны, якіх ён прывёз, былі вельмі зацікаўленыя ў транспартным сэктары, а таксама ў нафтахімічнай галіне. Некалькі месяцаў таму тут былі французы, аўстрыйцы, якіх зацікавіла фармацэўтыка, вытворчасьць базавых плястмасаў, інфармацыйныя тэхналёгіі, вытворчасьць вылічальнай тэхнікі. Некаторыя зь беларускіх кампаніяў гэтай галіны ўжо пазнавальныя на міжнародным рынку. Таму, мяркую, ёсьць шмат сэктараў, дзе адкрываюцца новыя магчымасьці прыцягваць інвэстыцыі».

Якія новыя праекты зьбіраецца распачаць Усясьветны банк у Беларусі?

Паводле спадара Ян Чул Кіма, надыходзіць рэалізацыя двух новых праектаў агулам на 230 мільёнаў даляраў.

«Тры гады таму партфэль праектаў, якія рэалізуе ў Беларусі Ўсясьветны банк, складаў 375 мільёнаў даляраў. Да чэрвеня 2016 году партфэль вырас да 998 мільёнаў даляраў. Потым мы завяршылі праект у дарожным сэктары на 150 мільёнаў даляраў — гэта быў крэдыт, які беларускі бок цалкам асвоіў, і на сёньня актыўны партфэль праектаў скараціўся да 848 мільёнаў даляраў. Але 18 лістапада ў нас зьявіцца новы праект — мадэрнізацыі ў галіне аховы здароўя, на 125 мільёнаў даляраў. І ў студзені 2017 году чакаем, што будзе зацьверджаны праект падвышэньня канкурэнтнасьці на 80 мільёнаў даляраў. То бок неўзабаве мы пройдзем планку ў 1 мільярд даляраў і будзем далей разьвіваць супрацу, бо, мяркуем, ёсьць добрыя пэрспэктывы для эканамічнага росту ў Беларусі».

Са справаздачай «Вядзеньне бізнэсу-2017: роўныя магчымасьці для ўсіх» можна пазнаёміцца на сайце doingbusiness.org.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG