Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве адбылася прэзэнтацыя дыскусійных нататак «Аўдыт зьнешняй палітыкі: Украіна — Беларусь» аўтарства кіраўніцы Цэнтру польскіх і эўрапейскіх дасьледаваньняў Нацыянальнага ўнівэрсытэту «Кіева-Магілянская акадэмія» Алены Бэтлій і дырэктара па дасьледаваньнях «Лібэральнага клюбу», кіраўніка экспэртнай ініцыятывы «Менскі дыялёг» Яўгена Прэйгермана.

Адносіны Менску і Кіева ва ўмовах расейскай агрэсіі

У выданьні амаль 60 старонак, выйшла яно па-ўкраінску. У ім разглядаюцца розныя аспэкты супрацы паміж краінамі ва ўмовах расейска-ўкраінскага канфлікту.

«Усе аглядальнікі разумеюць, што ад таго, да якой пазыцыі ва ўмовах расейскай агрэсіі ва Ўкраіне далучыцца Менск, залежыць бясьпека рэгіёну. Сёньня ў інтарэсах Украіны застаецца ўтрымліваньне Беларусі ад беззваротнай інтэграцыі з Расейскай Фэдэрацыяй, асабліва ў сфэрах зьнешняй і бясьпекавай палітыкі», — гаворыцца ў нататках.

Аўтары адзначаюць, што 2013 год стаў апошнім, калі адбывалася інтэнсіўная супраца паміж вайсковымі ведамствамі, і не перабольшваюць ролю афіцыйнага Менску ў працэсе вырашэньня канфлікту:

«Беларусь прыкладае ўсе намаганьні, каб адыгрываць у Менскім працэсе больш значную ролю, чым забесьпячэньне ўдзельнікаў кавай і пакоем для перамоваў».

Фактар авіябазы

Важны фактар дачыненьняў паміж Беларусьсю і Ўкраінай — Расейская Фэдэрацыя. У прыватнасьці — магчымае разьмяшчэньне расейскай базы на тэрыторыі Беларусі:

«Што можа стаць больш сур’ёзнай пагрозай для Ўкраіны — гэта расейская вайсковая авіябаза ў Беларусі. Галоўным здабыткам гэтага пэрыяду ў сфэры бясьпекі можна лічыць той факт, што кіраўнікам дзяржаў удалося не дапусьціць уцягненьня Беларусі ў вайну паміж Расеяй і Ўкраінай».

Лукашэнку давярае большасьць украінцаў

Паводле вынікаў апытаньняў, якія прыводзяцца ў нататках, 83,6% украінцаў добра ставяцца да Беларусі, а 63% — да Лукашэнкі. Аўтары лічаць, што ключавая асоба ў вызначэньні характару ўкраінска-беларускай супрацы — гэта прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Ягоная пазыцыя што да расейска-ўкраінскага канфлікту мае вялікае значэньне.

Нататкі завяршаюцца пералікам рэкамэндацыяў. Сярод іх —

  • захоўваньне нэўтральнага статусу Беларусі ў канфлікце з Расеяй,
  • як найхутчэйшае завяршэньне працэсу дэмаркацыі мяжы паміж Беларусьсю і Ўкраінай,
  • супольныя намаганьні ў змаганьні з кібэрзлачыннасьцю,
  • разьвіцьцё эканамічна-гандлёвай супрацы і супрацы ў галіне трэцяга сэктару,
  • абмен студэнтамі і інш.

Зь Беларусі ніколі ня будзе агрэсіі ў дачыненьні да Ўкраіны, — амбасадар

Амбасадар Беларусі ва Ўкраіне Валянцін Вялічка на прэзэнтацыі дыскусійных нататак адзначыў, што Беларусь ніколі не дазволіць трэцяй краіне чыніць агрэсію ў бок Украіны зь беларускай тэрыторыі:

«Нашы народы аб’ядноўвае ня толькі вялікая рака Дняпро, агульная мяжа і адна гісторыя. Украіна для нас ня толькі добрая суседка, гэта брацкая краіна, і ўсе нашы органы кіраваньня будуюць сваю палітыку зыходзячы з гэтага. Цяпер шмат пытаньняў наконт лёсу Беларусі — ці будзе яна эўрапейскай краінай, ці будзе заставацца ў саюзе. Некаторым не падабаецца шлях, якім ідзе Ўкраіна. Але шлях адзін — дабрабыт. Што тычыцца канфлікту на ўсходзе Ўкраіны, то тут я як прадстаўнік Беларусі магу сказаць толькі адно: з нашай краіны ніколі ня будзе агрэсіі ў дачыненьні да Ўкраіны, больш за тое, ня будзе дазволена ніякай трэцяй краіне праводзіць агрэсію з нашай тэрыторыі. Мы цалкам падтрымліваем цэласнасьць Украіны. Ніякай фэдэрацыі».

Жызьнеўскі аб’ядноўвае беларусаў і ўкраінцаў

На прэзэнтацыі, якая прайшла ў Інстытуце сусьветнай палітыкі ў Кіеве, Алена Бэтлій сказала: гаворачы пра дачыненьні паміж Украінай і Беларусьсю, нельга не ўзгадаць канкрэтных людзей — такіх, як, напрыклад, Міхал Жызьнеўскі:

«У гэтым кантэксьце нельга забываць пра Міхала Жызьнеўскага і іншых беларускіх грамадзянаў, якія бралі ці бяруць удзел у палітычных падзеях ва Ўкраіне. З аднаго боку, мы гаворым пра ўдзел беларусаў у падзеях ва Ўкраіне, зь іншага — пра ўдзел украінцаў у падзеях у Беларусі, як тое было ў 2005 годзе. Гэты аспэкт накладае свой адбітак на двухбаковую супрацу. Шырэйшы аспэкт — гэта вайна на Ўсходзе і беларускія грамадзяне, якія там удзельнічаюць з абодвух бакоў канфлікту. Справа ў тым, што абедзьвюма гэтымі катэгорыямі грамадзянаў Беларусі будзе займаецца беларускі КДБ. І гэта таксама чалавечы аспэкт дачыненьняў, пра які мы ня можам забывацца».

На каго скіраваныя танкі ў Клінцах?

Таксама Алена Бэтлій зьвярнула ўвагу на інфармацыю пра 28-ю мотастралковую брыгаду з Уралу, якая днямі перадысьлякавалася ў расейскі горад Клінцы — за 40 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю.

«Мы ўсе бачылі навіну пра 28-ю мотастралковую брыгаду ў Клінцах, на мяжы зь Беларусьсю. У нашых СМІ гэта трактуецца як тое, што Расея ўмацоўвае свае пазыцыі на заходніх межах. Але ў беларускіх СМІ можна пачытаць пра іншы кантэкст — што Расея намагаецца ціснуць на прэзыдэнта Лукашэнку і троху стрымаць яго ад празаходніх заяваў, якія ён робіць апошнім часам».

Алена Бэтлій падкрэсьліла, што Ўкраіна зацікаўленая ў тым, каб Беларусь разьвівала добрыя адносіны з Эўрапейскім Зьвязам, ЗША. Пацяпленьне, якое назіраецца ў гэтым рэчышчы апошнім часам, Украіна можа толькі вітаць, сказала дасьледчыца. Разам з тым яна сказала, што большасьць беларусаў глядзяць на Ўкраіну расейскімі вачыма і мяркуюць, што ва Ўкраіне ідзе грамадзянская вайна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG