Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Расея абмяжуецца тым, што будзе палохаць», — Фясенка пра танкі ў Клінцах


Ukraine -- Volodymyr Fesenko, a political scientist, Kyiv, 15Mar2016

Ukraine -- Volodymyr Fesenko, a political scientist, Kyiv, 15Mar2016

Ва Ўкраіне ўспрымаюць разьмяшчэньне ў горадзе Клінцы Бранскай вобласьці мотастралковай брыгады Ўзброеных сілаў Расеі як спробу ціску на афіцыйны Кіеў, але новага вітка агрэсіі пакуль не чакаюць.

Горад Клінцы недалёка ад мяжы ня толькі зь Беларусьсю, але і з Украінай (прыкладна 50 кілямэтраў). Украінскі тэлеканал ТСН у сюжэце, прысьвечаным гэтай тэме, адзначае, што ад Клінцоў да Менску і да Кіева — тыя самыя пяць гадзін язды. «Відавочна, у Маскве маюць намер гуляць мускуламі перад абедзьвюма сталіцамі», — мяркуюць украінскія журналісты.

Учора, 9 чэрвеня, амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў, што разьмяшчэньне ў Клінцах расейскіх войскаў скіраванае супраць Украіны — як прэвэнтыўны захад, бо ў Кіеве быццам бы «пачынае перамагаць пункт [гледжаньня] вайны».

Кіеўскі палітоляг Уладзімер Фясенка ў інтэрвію Свабодзе адзначыў, што насамрэч прыхільнікі вайны даўно перамаглі — але ня ў Кіеве, а ў Маскве, і цяпер яны палохаюць суседзяў Расеі.

«Калі казаць пра партыю вайны, то яна перамагла ў Маскве. Хто маецца на ўвазе пад партыяй вайны ва Ўкраіне? Што стала падставай для падобных дзеяньняў недалёка ад украінскай мяжы? Амбасадар павінен быў бы гэта расшыфраваць, але гэта не расшыфроўваецца. Украіна не праводзіць якіх-колечы ваенных вучэньняў на мяжы з Расеяй. Сытуацыя на Данбасе ўскладнілася пасьля травеньскіх сьвятаў, але ўскладнілася зь віны сэпаратыстаў ды ў выніку актывізацыі паставак ваенных рэсурсаў сэпаратыстам з боку Расеі. Так што і тут віна на баку Расеі. Таму заява амбасадара Сурыкава абсалютна спэкуляцыйная і ня мае ніякіх факталягічных падставаў», — кажа экспэрт.

«Ва Ўкраіне разгортваньне новых расейскіх ваенных базаў каля ўкраінскай мяжы ўспрымаецца як чарговая праява агрэсіўнай палітыкі Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны, як мэтад ваенна-палітычнага і псыхалягічнага ціску на Ўкраіну. Гэта ўжо адбываецца ня ў першы раз. За апошнія два гады, пасьля анэксіі Крыму і пачатку вайны на Данбасе, Расея неаднаразова, па некалькі разоў на год, праводзіць досыць маштабныя ваенныя вучэньні на мяжы з Украінай. Цяпер вось разгортвае ваенныя базы. Усё гэта сьведчыць пра тое, што ціск на Ўкраіну ня будзе спыняцца, і такога роду заявы амбасадара Сурыкава — гэта даўняя мэтодыка, калі „трымай злодзея“ крычыць сам злодзей. На жаль, Расея працягвае дэманстрацыю ваеннай моцы на межах са сваімі суседзямі», — кажа Фясенка.

Кіеўскі палітоляг, аднак, ня лічыць, што гэтая «дэманстрацыя ваеннай моцы» перарасьце ў новы віток ваеннай агрэсіі з боку Расеі — прынамсі, пакуль на Захадзе ня будзе вырашана пытаньне пра далейшы лёс санкцыяў.

«Расея робіць разнастайныя намаганьні, актывізавала сваё лобі ў шэрагу эўрапейскіх краін для таго, каб санкцыйны рэжым супраць Расеі быў аслаблены.

Таму пакуль ня будзе вырашана пытаньне пра санкцыі, я думаю, што якіх-небудзь маштабных агрэсіўных дзеяньняў зроблена ня будзе.

То бок Расея абмяжуецца тым, што будзе палохаць. Гэта тычыцца актыўнасьці ў выглядзе вучэньняў, разгортваньня ваенных базаў і г.д.

Што ж тычыцца вайны на Данбасе, то вайна працягваецца. Там пэрыядычна назіраецца эскаляцыя гвалту. Пэрыядычна Расея паказвае і сваю нібыта канструктыўнасьць: абвяшчаюцца замірэньні, як, напрыклад, на травеньскія сьвяты, аднак потым зноў ідзе эскаляцыя. Але гаворка ідзе ўсё-ткі пра лякальную актывізацыю ваенных дзеяньняў у той зоне канфлікту, якая, на жаль, захоўваецца ўжо каля 2 гадоў», — кажа Фясенка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG