Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 год таму ў Лёндане забілі Літвіненку. Падазраюць, што са згоды Пуціна


Аляксандар Літвіненка ў шпіталі пасьля атручаньня

Аляксандар Літвіненка ў шпіталі пасьля атручаньня

Аляксандар Літвіненка, былы супрацоўнік савецкага КДБ і расейскай ФСБ, які меў палітычны прытулак у Вялікай Брытаніі, памёр ва ўзросьце 43 год у лякарні Ўнівэрсытэцкага каледжу Лёндану 10 год таму, 23 лістапада 2006 году.

Ён быў атручаны радыеактыўным палёніем-210, які атрымаў у гарбаце ў бары лёнданскага гатэля «Міленіюм» 1 лістапада 2006 году.

Як заявіў 21 студзеня 2016 году былы судзьдзя Вярхоўнага суду Вялікай Брытаніі сэр Робэрт Оўэн, судом было выяўлена, што забойства зьдзейсьніў былы афіцэр ФСБ , а цяпер дэпутат расейскай Дзярждумы ад ЛДПР Андрэй Лугавы пры ўдзеле прадпрымальніка Дзьмітрыя Коўтуна. Расея адмовілася выдаваць Вялікай Брытаніі Лугавога, афіцыйнага абвінавачаньня Лугавому і Коўтуну не было выстаўлена, самі яны адкідаюць абвінавачаньні.

У выніковай справаздачы брытанскіх сьледчых гаворыцца, што апэрацыя па атручваньні Літвіненкі была асабіста санкцыянаваная дырэктарам ФСБ Мікалаем Патрушавым і прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным.

Літвіненка яшчэ ў час працы ў ФСБ у 1998 годзе публічна заяўляў, што начальства загадала групе супрацоўнікаў забіць бізнэсоўца і палітыка Барыса Беразоўскага. У 2000 годзе ён уцёк зь сям’ёй у Вялікую Брытанію пасьля таго, як у Расеі супраць яго распачалі крымінальныя справы. Там Літвіненка актыўна крытыкаваў палітыку Ўладзімера Пуціна, выдаў у суаўтарстве кнігу «ФСБ узрывае Расею», дзе наўпрост вінаваціў ФСБ у тэрактах у Расеі дзеля прывядзеньня да ўлады Ўладзімера Пуціна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG