Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 падазрэньняў на адрас Пуціна ў карупцыі і сувязях з мафіяй


Які кампрамат на Пуціна можа быць у Абамы?

«Чарговы інфармацыйны ўкід, прэтэндуючы на абʼектыўнасьць, рыхтуецца ў найбліжэйшыя дні. Мы атрымалі вельмі ялейна-ветлівыя запыты, складзеныя, па сутнасьці, у манеры допыту, ад арганізацыі, якая называе сябе Міжнародным кансорцыюмам журналісцкіх расьсьледаваньняў», — гэтак заявіў прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў пасьля прыезду ў Маскву дзяржсакратара ЗША Джона Керы з «чырвоным кейсам». Пакуль журналісты гадалі, што можа быць у валізцы Джона Керы, Дзьмітры Пяскоў паведаміў, што бліжэйшымі днямі ў Германіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Швайцарыі, а таксама ў самой Расеі рыхтуюцца публікацыі адносна Пуціна.

«Натуральна, як вы можаце здагадацца, гаворка ідзе пра Пуціна асабіста, гаворка ідзе пра спробы дабрацца да яго сямʼі інфармацыйна, гаворка ідзе пра сяброў дзяцінства Пуціна, пра бізнэсмэнаў, сярод якіх Кавальчук, Ротэнбэрг і іншыя, гаворка ідзе пра нейкія афшорныя кампаніі, пра вялікую колькасьць бізнэсмэнаў, якіх ён і ў вочы ня бачыў», — заявіў Пяскоў.

1. Сувязь з расейскай мафіяй

У 2015 годзе гішпанская прэса паведаміла пра справаздачу абʼёмам 488 старонак, падрыхтаваную гішпанскімі сьледчымі пракуратуры Хуанам Караў і Хасэ Грында адносна дзейнасьці на тэрыторыі краіны расейскай арганізаванай злачыннай групоўкі, якая была зьвязаная з вышэйшым кіраўніцтвам Расеі. Справаздача была вынікам дзесяцігадовага расьсьледаваньня, і ў траўні 2015 году яе перадалі ў суд Мадрыду.

Паводле сьледчых, чальцы «тамбоўскага» злачыннага сындыкату зь Пецярбургу перабраліся ў Гішпанію ў 1996 годзе, калі Пуцін быў намесьнікам мэра Санкт-Пецярбурга Анатоля Сабчака. У дакумэнце прасочаныя сувязі паміж злачыннай групоўкай і асобнымі ключавымі асобамі ў расейскіх праваахоўных структурах, а таксама палітыкамі.

Агулам сьледчыя абвінавацілі ў адмываньні грошай, махлярстве і іншых злачынствах 27 чалавек. Сярод іх — намесьніка старшыні думскага камітэту па фінансавым рынку Ўладзіслава Рэзьніка, з дапамогай якога лідэр злачыннай групоўкі Генадзь Пятроў дамагаўся прызначэньня сваіх паплечнікаў на ключавыя пасады ў Расеі ў абмен на актывы ў Гішпаніі.

Сярод іншых афіцыйных асобаў, зьвязаных з «групай Пятрова», называліся экс-прэмʼер Віктар Зубкоў, экс-міністар абароны Анатоль Сердзюкоў, віцэ-прэмʼер Дзьмітры Казак, кіраўнік Сьледчага камітэту Аляксандар Бастрыкін і кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер.

Хоць наўпрост Ўладзімера Пуціна ў сувязях з мафіяй сьледчыя не абвінавачвалі, ягонае імя ў справаздачы згадваецца тры разы. У тым ліку ў перадачы размовы двух тамбоўскіх апэратыўнікаў у 2007 годзе, якія кажуць пра дом Пуціна ў мясцовасьці Тарэўеха (Гішпанія).

Генадзь Пятроў, арыштаваны ў Гішпаніі, 2008 год

Генадзь Пятроў, арыштаваны ў Гішпаніі, 2008 год

Лідэра групоўкі Генадзя Пятрова затрымалі на Маёрцы ў 2008 годзе, але адпусьцілі адведаць радзіму. Назад ён не вярнуўся, а Расія не пагадзілася на яго экстрадыцыю.

Сьцьвярджаецца, што з Гішпаніі Пятроў кіраваў арганізацыяй забойстваў, правозам зброі, кантрабандай наркотыкаў, вымагальніцтвам і махлярствам, дамагаўся прызначэньня «сваіх людзей» на важныя пасады ў Расеі. Расейскія кіроўныя асобы, зь якімі Пятроў кантактаваў з Гішпаніі, кансультавалі яго па пытаньнях бясьпекі, давалі інсайдэрскую інфармацыю па бізнэсе і, сярод іншага, выдавалі пляны па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю.

Адметна, што пасьля зьяўленьня тэксту дакладу ў друку прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў у камэнтары назваў абвінавачваньні «абсалютнай лухтой». «Гэта па-за межамі разумнага», — сказаў Пяскоў.

2. Справа аб забойстве Аляксандра Літвіненкі

На пачатку 2016 году ў Вялікабрытаніі абнародавалі справаздачу грамадзкай камісіі, дзе была паказана сувязь прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна з забойствам у 2006 годзе ў Лёндане былога агента КДБ Аляксандра Літвіненкі.

Пуцін даў згоду на забойства Літвіненкі, прыйшлі да высновы аўтары справаздачы. Іхняе сьледзтва паказала, што апэрацыя па ліквідацыі агента, які ў 2000 годзе ўцёк у Вялікабрытанію, пачалася за два гады да яго сьмерці. Былі названыя прозьвішчы непасрэдных выканаўцаў прысуду — гэта былы супрацоўнік ФСБ Андрэй Лугавы, цяпер дэпутат Дзярждумы, і афіцэр расейскай арміі Дзьмітры Коўтун. Паводле справаздачы камісіі, яны сустрэліся ў лёнданскім гатэлі з Аляксандрам Літвіненкам і далі яму гарбату з радыеактыўным палёніем, сьляды якога знайшлі потым у гатэлі супрацоўнікі паліцыі. Лугавы і Коўтун дзейнічалі на загад ФСБ, які ўхвалілі кіраўнік службы Мікалай Патрушаў і сам Уладзімер Пуцін, мяркуе грамадзкая камісія.

Навошта было забіваць Аляксандра Літвіненку? Аўтары справаздачы матывуюць забойства былога супрацоўніка КДБ тым, што на Захадзе ён актыўна выкрываў сувязі расейскага злачыннага сьвету з прэзыдэнтам і людзьмі зь яго блізкага атачэньня. Літвіненка гатоў быў даць паказаньні ў мадрыдзкім судзе па справе сувязяў мафіі з высокапастаўленымі расейскімі палітыкамі.

Пракуратура Расеі адмовілася заводзіць крымінальную справу супроць Леаніда Лугавога і Дзьмітрыя Коўтуна, а самі гэтыя асобы адмовіліся прыехаць у Лёндан, каб даць паказаньні.

3. Палацы ў Геленджыку пад Сочы і ў гішпанскай Марбэльі

У 2014 годзе ў заходніх мэдыях зьявілася інфармацыя пра вілу Пуціна ў іспанскай Марбэльі агульным коштам 18 мільёнаў эўра. Тады ўжо па ўсім сьвеце ішло паляваньне на сакрэтную ўласнасьць расейскага прэзыдэнта, кошт якой некаторыя выданьні ацэньвалі прыблізна ў 40 мільярдаў даляраў.

Частка маёнтку ў Марбэльі

Частка маёнтку ў Марбэльі

«Безумоўна, усё недаказальна, але ў ангельскіх і іспанскіх таблоідах публікуецца фатаграфія „вілы Пуціна“ ў іспанскай Марбэльі: 4 тыс. кв.м, два басэйны, spa, спартовая пляцоўка і кінатэатар, агульным коштам 18 млн эўра. Суседзямі расейскага прэзыдэнта ў эксклюзіўным комплексе La Zagaleta будуць поп-ідалы, футбалісты, прадпрымальнікі 2.0 і арабскія шэйхі», — пісала гішпанская La Stampa.

«Крэмль усё адмаўляе, гэтаксама як адмаўляе паведамленьні пра палац у Геленджыку каля Сочы, у будоўлю якога, па словах былога дзелавога партнэра пуцінскага кола Сяргея Калеснікава (былы партнэр акцыянэраў банку „Россия“) укладзеныя $1 млрд.», — паведамляла выданьне. Дарэчы, Сяргей Калесьнікаў пазьней уцёк у Лёндан і, магчыма, стаў адной з крыніц пры расьсьледаваньні фінансавых спраў Уладзімера Пуціна.

Так званы «пуцінскі палац» каля Геленджыку.

Так званы «пуцінскі палац» каля Геленджыку.

А вось другі найбуйнейшы акцыянэр банку «Россия» і сябра Пуціна Юры Кавальчук, пра якога згадаў Дзьмітры Пяскоў, застаўся ў Расеі і ў 2014 годзе трапіў у сьпіс асобаў, супроць якіх ЗША ўвялі санкцыі. Міністэрства фінансаў ЗША назвала Юрыя Кавальчука «асабістым банкірам для вышэйшых службовых асобаў Расейскай Фэдэрацыі, уключна з Пуціным».

4. Адмываньне 6 мільярдаў з дапамогай братоў Ротэнбэргаў праз Deutsche Bank

Таксама прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў у сувязі з «кейсам» Джона Кэры згадаў пра братоў Ротэнбэргаў. Хто яны і чаму ўзгадваюцца ў размове пра магчымую карумпаванасьць Пуціна?

Аркадзь і Барыс Ратэнбэргі

Аркадзь і Барыс Ратэнбэргі

Паводле фінансавага агенцтва Bloomberg, сябры дзяцінства Пуціна браты Аркадзь і Барыс Ротэнбэргі могуць быць датычныя да вываду з Расеі 6 мільярдаў даляраў праз Deutsche Bank і яго маскоўскі офіс. Браты Ротэнбэргі сталі мільярдэрамі за час 15-гадовага праўленьня Пуціна, у тым ліку дзякуючы кантрактам з «Газпромам» ды іншымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі Расеі. Яны застаюцца сябрамі Ўладзімера Пуціна, у тым ліку гуляюць зь ім у хакей і ўдзельнічаюць у рознага кшталту агульных сустрэчах. У сакавіку 2014 году ЗША ўвялі санкцыі адносна братоў Ротэнбэргаў. Іх актывы ў ЗША былі замарожаныя, а Міністэрства юстыцыі распачало праверку апэрацыяў, якія праводзіў Deutsche Bank з валютай з Расеі. Паводле падазрэньняў, гэтыя апэрацыі маглі маскіраваць адмываньне грошай расейскай мафіі. Паведамлялася, што Ўладзімер Пуцін ведае пра расьсьледаваньне адносна Deutsche Bank і магчымую датычнасьць да гэтага братоў Ротэнбэргаў і выказвае занепакоенасьць вынікамі расьсьледаваньня. Прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў тады адмовіўся камэнтаваць пытаньні, зьвязаныя зь фінансавымі апэрацыямі Deutsche Bank, і магчымую сувязь гэтых апэрацыяў зь сябрамі або сваякамі Пуціна. «Пакуль ніхто ня бачыў нейкай сурʼёзнай інфармацыі пра гэта з сурʼёзных крыніц», — заўважыў Дзьмітры Пяскоў.

5. Махінацыі часоў працы ў мэрыі Санкт-Пецярбургу

У 1992 годзе ў Санкт-Пецярбургу дэпутатка гарсавету Марына Салье ўзначаліла адмысловую дэпутацкую камісію па расьсьледаваньні карупцыі ў мэрыі. У той час мэрыю ўзначальваў Анатоль Сабчак, тамсама працаваў Уладзімер Пуцін, які потым стаў намесьнікам Сабчака.

Марына Салье, 1993 год

Марына Салье, 1993 год

Сярод іншага, гэтая камісія расьсьледавала махінацыі з рэдказямельнымі мэталамі і нафтапрадуктамі, якія чыніў камітэт па зьнешніх сувязях пад кіраўніцтвам Уладзімера Пуціна.

Камісія сабрала шмат доказаў датычнасьці Пуціна да махінацыяў зь незаконнай выдачай ліцэнзіяў на вываз мэталаў і нафтапрадуктаў за мяжу, і перадала гэтыя дакумэнты ў пракуратуру. Але сьледзтва было згорнутае, а Пуцін, за якога, паводле Салье, заступіўся Сабчак, атрымаў падвышэньне па службе.

Калі ў 2000 годзе Ўладзімер Пуцін быў абраны прэзыдэнтам Расеі, Марына Салье зьехала ў вёску. Яна тлумачыла, што апасаецца за сваё жыцьцё, бо мае дакумэнты, якія могуць даказаць датычнасьць Пуціна да махінацыяў. У прыватнасьці, яна мела тыя самыя ліцэнзіі, пра якія Пуцін публічна казаў, што іх не было, бо ён ня меў паўнамоцтваў іх выдаваць. Таксама, паводле Марыны Салье, адной з прычын яе апасеньняў за сваё жыцьцё стала забойства вядомага палітыка Сяргея Юшанкова, які разам зь ёй змагаўся з карупцыяй ва ўладных колах Расеі.

Марына Салье памерла ў сакавіку 2012 году. За месяц да сьмерці яна выступіла на гарадзкім мітынгу, дзе заявіла: «Я не хачу, каб наш наступны прэзыдэнт вітаў нас словамі „мачыць у сарціры“. Я хачу, каб справа Пуціна, якой я займалася з 1992 году, была даведзеная да суду».

На пачатку 2016 году намесьнік міністра фінансаў ЗША Адам Шубін заявіў пра здагадкі амэрыканскіх уладаў, што Пуцін карумпаваны і старанна хавае сапраўдныя памеры сваёй маёмасьці. У Крамлі гэтыя падазрэньні зноў назвалі паклёпам.

XS
SM
MD
LG