Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька і Калякін заклікалі зьмяніць выбарчы закон. У БХД прапанавалі, якім чынам


Палітычную заяву адносна будучых прэзыдэнцкіх выбараў агучылі на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі старшыня АГП Анатоль Лябедзька і старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін.

Яны прапанавалі ўладам перад прэзыдэнцкімі выбарамі зьмяніць выбарчае заканадаўства, бо калі выбары будуць несумленныя, іх зноў не прызнаюць у сьвеце.

«Нават унутры краіны, ня толькі на Захадзе, легітымнасьць улады Лукашэнкі можна ставіць пад сумнеў, бо дзейныя выбарчыя законы не дазваляюць правесьці выбары празрыста і сумленна. Улада кажа пра 80% электаральнай падтрымкі, але пры гэтым не дазваляе назіральнікам сачыць за падлікам галасоў. Вось дзе прычына сумненьняў у легітымнасьці», — сказаў Анатоль Лябедзька.

Сяргей Калякін мяркуе, што «сумленныя і празрыстыя выбары больш умацуюць незалежнасьць Беларусі, чым захады бясьпекі».

Чым прынцыпова павінен адрозьнівацца новы выбарчы закон ад дзейнага? У сумеснай заяве апазыцыйныя палітыкі прапанавалі ўвесьці зьмены, якія б гарантавалі

  • рэальнае прадстаўніцтва палітычнай апазыцыі ў выбарчых камісіях усіх узроўняў,
  • адкрыты і празрысты падлік галасоў па кожным зь відаў галасаваньня,
  • права назіральнікаў атрымліваць любую інфармацыю, якая тычыцца выбараў, і фіксаваць працэс падліку галасоў, у тым ліку на відэа,
  • а таксама права судовага абскарджваньня любых рашэньняў выбарчых камісіяў.

Гэтыя прынцыпы рэалізаваныя ў прапановах, распрацаваных грамадзкай кампаніяй назіраньня «Права выбару», якую падтрымалі БХД, партыя БНФ, БСДП (Грамада), кампанія «Гавары праўду», рух «За свабоду» ды іншыя арганізацыі. Што пэўна прапануецца зьмяніць у заканадаўстве па пытаньнях правядзеньня выбараў і рэфэрэндумаў?

Празрыстая скрыня на выбарах ва Ўкраіне

Празрыстая скрыня на выбарах ва Ўкраіне

Выбарчыя скрыні прапануецца рабіць абавязкова з празрыстага матэрыялу.

Назіральнікам за выбарамі прапануецца гарантаваць назіраньне за падлікам галасоў непасрэдна каля сталоў зь бюлетэнямі, каб назіральнік мог бачыць зьмест выбарчага бюлетэня, а таксама весьці фота- і відэафіксацыю падліку галасоў. Паводле дзйнчага закону назіраньне вядзецца на адлегласьці, якую вызначае выбарчая камісія паводле прынцыпу «каб ёй не перашкаджалі». У выніку цяпер назіральнікі фактычна ня могуць бачыць зьмест бюлетэняў і кантраляваць іх разьмеркаваньне перад падлікам.

Фармаваць склад выбарчых камісіяў прапануецца такім чынам, каб у іх гарантавана маглі трапіць прадстаўнікі палітычных партыяў і арганізацыяў. Пры гэтым прапануецца зрабіць абмежаваньні для тых, хто з службовых прычын апынуўся ў залежнасьці ад кандыдата, і для ягоных давераных асобаў. Гэтак, прапанавана забараніць быць сябрам Цэнтральнай выбарчай камісіі асобам, якіх кандыдат на прэзыдэнта прызначыў на працу. Цяперашні закон гэта дазваляе, што робіць магчымай сытуацыю, калі старшыню Цэнтравыбаркаму Лідзію Ярмошыну прызначаў на працу Аляксандар Лукашэнка, які падчас выбараў быў кандыдатам на прэзыдэнта.

Асобныя захады прапануецца ўвесьці адносна датэрміновага галасаваньня, падчас якога, паводле апазыцыі, у Беларусі адбываецца асноўная маса выбарчых фальсыфікацыяў. Датэрміновае галасаваньне прапануецца скараціць да двух дзён і ўвесьці штодзённы кантроль за выбарчымі скрынямі, павялічыць справаздачнасьць расходу выбарчых бюлетэняў, у тым ліку абавязаць складаць пратаколы па выніках кожнага дня датэрміновага галасаваньня і копіі гэтых справаздач вывешваць на выбарчых участках. Таксама распрацаваныя захады, каб выключыць магчымасьці прымушаць да датэрміновага галасаваньня.

Каб пазьбегнуць маніпуляцыяў са сьпісамі выбарцаў, прапануецца распрацаваць рэспубліканскі рэестар выбарцаў.

9 красавіка прапановы па зьменах і дадатках да заканадаўства па пытаньнях выбараў і рэфэрэндумаў адасланыя ў Цэнтральную выбарчую камісію, паведамілі ў БХД.

З прапановамі, якія распрацаваныя ў межах кампаніі назіраньня «Права выбару», можна азнаёміцца тут.

XS
SM
MD
LG