Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Купала ратаваў беларускае вымаўленьне і чаму трэба казаць „Зеленалуская лінія“


Нерухомы язык
Нерухомы язык

Сьцісла:

  • Бальшавіцкая „рэформа правапісу“ 1933 году закранула і граматыку, і лексыку беларускае мовы; большасьць зьменаў набліжала яе да расейскай. Праўда, фармальна не чапалі вымаўленьня ўласнабеларускіх словаў.
  • Але палітычна пільнае начальства Беларускага радыё загадала дыктарам чытаць як напісана — свята без памякчэньня і г.д.: „Паляцелі загады, вымовы і пагрозы аб зьняцьці з работы толькі за тое, што мы [дыктары] не маглі адмовіцца ад арганічнай для жывой беларускай мовы мяккасьці ў вымаўленьні зычных перад наступнымі мяккімі зычнымі“.
  • Тагачасны дыктар радыё Ўладзімер Юрэвіч у 1934 годзе папрасіў Янку Купалу абараніць жывое беларускае вымаўленьне.
  • Купала яшчэ да „рэформы“ не падтрымліваў зьменаў, якія яна ўвяла, аднак у атмасфэры палітычнага ціску і тэрору быў вымушаны яе ўхваліць.
  • Варта павагі, што ў такой атмасфэры паэт выступіў у абарону прынамсі вуснай мовы: „Рэформа беларускага правапісу ня можа закранаць асновы вымаўленьня, жывую гутарковую мову, якая толькі і павінна гучаць перад мікрафонам“.
  • На жаль, правапісны пераварот усё адно разбуральна паўплываў на беларускую артаэпію. Фёдар Янкоўскі казаў пра тых, хто не памякчае зычныя ў словах зьезд ці песьня, што ў іх „кончык языка патоўшчаны і ня мае неабходнай рухавасьці“ .
  • Як наступства той правапіснай „рэформы“ зьявілася і цяперашняе памылковае вымаўленьне накшталт „зеленалу[ЖС]кі“.

У сёлетнюю „Ноч музэяў“ я пайшоў у музэй Янкі Купалы — і ня схібіў.

У Купалавых рукапісах, пазьнейшых за 1933 год, заўважыў сьляды клясычнага Тарашкевічавага правапісу. Каля разьдзелу экспазыцыі дзяжурыў гісторык Павал Каралёў, вядомы адкрыўца і абаронца помнікаў Купалавай эпохі (і ня толькі).

Я і спытаў Паўла, ці часта „памыляўся“ Купала ў новаўведзенай наркамаўцы на карысьць палітычна падазронай тарашкевіцы. А ён прыпомніў куды больш красамоўную рэч: Купала абураўся моўнай палітыкай Беларускага радыё, дзе дыктараў прымушалі — насуперак народнаму вымаўленьню — літаральна (так, па літарах!) чытаць словы, напісаныя „зрэфармаваным“ правапісам.

І падказаў крыніцу: Жывое Купалава слова, успаміны Ўладзімера Юрэвіча пра Янку Купалу ў зборніку „Такі ён быў“ (1975).

Юрэвіч пра мову і Купалу

Пісьменьнік, радыёвядоўца Ўладзімер Юрэвіч. Фота: Беларуская энцыклапедыя
Пісьменьнік, радыёвядоўца Ўладзімер Юрэвіч. Фота: Беларуская энцыклапедыя

Уладзімер Юрэвіч нарадзіўся 105 гадоў таму, у ліпені, як і Купала. З 1932 году дыктар, потым рэдактар на Беларускім радыё, пісьменьнік. Заўсёды цікавіўся моўнымі пытаньнямі. Ажно сорак гадоў — з 1963 году і да канца жыцьця — вёў радыёпраграму для школьнікаў «Жывое слова», якую хоць раз ды чуў кожны беларус цяпер сярэдняга і старэйшага ўзросту. Яго папулярныя моўныя нарысы ўвайшлі ў кнігу «Слова жывое, роднае, гаваркое…».

Між іншага, прынцыпова ня вызваліў дачку ад вывучэньня беларускае мовы ў менскай школе (такіх было ў клясе двое). То ягоныя ўспаміны на моўныя тэмы годныя веры.

А пагатоў успаміны пра Янку Купалу. Юрэвіч пачуваўся па-сямейнаму блізкім да паэта: у Бялáруцкай народнай вучэльні ягоны дзед Мікалай Турчановіч вучыў Яна Луцэвіча.

Узорнае Купалава вымаўленьне

Для Юрэвіча Купала зь юнацтва быў узорам культуры беларускае мовы, у тым ліку вуснае:

„Я слухаў радыё з далёкага Менску, і... карцела думка пачуць голас Купалы, паслухаць, як ён чытае свае вершы, праверыць, ці так чытаю іх я...“

На жаль, засталося няшмат Купалавых аўдыязапісаў. Вось верш “Песьня будаўніцтву” (1931 год):

Дзіўны, зьнішчаючы, сьмела… Зьвернем увагу на „асабліва мяккія“ [дз”], [з”], [с”], у тым ліку ў пазыцыі перад зычнымі. Купала ж ня проста носьбіт віленска-маладачанскіх гаворак — асновы сучаснае літаратурнае мовы, але і адзін зь яе фактычных стваральнікаў, а таму ягонае вымаўленьне павінна лічыцца ўзорным.

Радыёстудыя. Апошняя лінія абароны мовы

І дыктарам радыё Юрэвіч стаў пад уплывам жывога Купалавага слова. Упершыню сустрэўся з клясыкам у 1934 годзе, у радыёстудыі:

„І зараз мне быццам чуецца мяккае Купалава вымаўленьне: «Я — калгасьніца маладая, жыву весела, ані дбаю».

(Тут ня месца разьбіраць тэматыку вершаў, бо толькі з такімі пускалі ў этэр, хоць зазначу, што вершык занадта дэманстратыўна бурыць вобраз жанчыны ў дагэтуляшняй Купалавай паэзіі, каб паверыць у ягоную шчырасьць. Але вернемся да артаэпіі.)

Паводле Юрэвіча, Купала выдатна арыентаваўся ў рэгіянальных асаблівасьцях вымаўленьня:

— Дык вы зь вёскі? А не сакрэт, зь якой мясьціны?
— Недалёка, з-пад Менску. За Астрашыцкім Гарадком мая радзіма.
— То-та ж у вас вымаўленьне наша, менскае.

Цытата з эсэ „Ці маем мы права выракацца роднай мовы?“ 1914
Цытата з эсэ „Ці маем мы права выракацца роднай мовы?“ 1914

Так паэт дазнаўся, што вядоўца яго радыёвыступу — унук ягонага любімага настаўніка. Завязалася сяброўства і супольныя клопаты. Купала запрасіў Юрэвіча дадому — і...

„...У старшага дыктара Антона Войны ўзьнікла адразу ідэя выкарыстаць гэты візыт для вырашэньня нашых творчых спрэчак. Справа ў тым, што рэформу беларускага правапісу, якая адбылася ў 1933 годзе, асобныя рэдакцыйныя і кіруючыя работнікі лічылі і рэформай артаэпічнай. Прасьцей кажучы, ад нас, дыктараў, пачалі патрабаваць, каб жывое вымаўленьне мы замянілі кніжным. Паляцелі загады, вымовы і пагрозы аб зьняцьці з работы толькі за тое, што мы не маглі адмовіцца ад арганічнай для жывой беларускай мовы мяккасьці ў вымаўленьні зычных перад наступнымі мяккімі зычнымі“.

Непісьменнасьць і залішняя гарлівасьць выканаўцаў? Ня толькі. „Рэформа“ была далёкай ад навукі, але татальнай палітычнай акцыяй, што тут жа адчулі флюгеры зь сярэдняга зьвяна бальшавіцкае сыстэмы.

„Кулацкія ўхілы“ чытай „беларускі характар“

Патэнцыял часовай „беларусізацыі“ для ўмацаваньня ўлады бальшавікі скарысталі, прыйшла пара асадзіць назад — мацаваць імпэрыю пад савецкай маскай. Узяліся і за мовазнаўства.

У Акадэміі навук зьявілася „Брыгада катэдры марксізму-ленінізму“, якая граміла беларускіх лінгвістаўза „кулацкія ўхілы“. Цягам 1930–1931 гадоў НКВД арыштаваў Сьцяпана Некрашэвіча і Язэпа Лёсіка, а таксама В. Ластоўскага, Я. Бялькевіча, М. Байкова, У. Дубоўку і многіх іншых.

У такой атмасфэры ў 1933 годзе зьнянацку, без грамадзкага абмеркаваньня (і ўжо практычна бяз мовазнаўцаў) была праведзеная адміністрацыйная „рэформа“, фармальна — беларускага правапісу (але насамрэч і граматыкі, і нават слоўніка). Без навуковай аргумэнтацыі ўвялі нормы, якія банальна набліжалі беларускую мову да расейскай.

Гэта скасаваньне на пісьме асыміляцыйных мяккіх знакаў (ня сьвята, а „свята“); напісаньні замест нясьвіскі — „нясвіжскі“; замест ня буду — „не буду“ і г. д. І неспэцыяліст убачыць, што новыя правілы аддалялі правапіс ад жывога вымаўленьня (памякчэньня зычных перад наступнымі мяккімі, прыпадабненьня шыпячых да сьвісьцячых, „яканьня“ ў часьціцах і прыназоўніках).

Заходнебеларускія навукоўцы аднадушна асудзілі „рэформу“ 1933 году як русыфікацыйную. А ў БССР публічна запярэчыць гвалту над мовай ужо не было каму...

Больш за тое, улады патрабавалі ад творцаў публічнага ўхваленьня „рэформы“. Якуб Колас асьмеліўся на прыхаваную іронію:

„...асноўных прынцыпаў (рэформы) тры: палітычны прынцып, навуковы і прынцып практычны (...) Палітычнае ўгрунтаванне не патрабуе каментарыяў — яно ясна і проста“.

Бальшыня пісьменьнікаў, якія пакуль заставаліся на свабодзе, мусіла выказацца больш пэўна. Так сказаць, пакаяцца на камэру на фоне правільнага сьцяга. Для гэтага быў выдадзены зборнік «Пісьменнікі БССР аб рэформе правапіса беларускай мовы» (1934 г.). Чытво для людзей з моцнымі нэрвамі, бо кожнае абвінаваўчае слова там азначала начны „варанок“, допыт у падвале, ссылку, сьмерць. Уражвае выказваньне за подпісам Iзі Харыка:

„...беларускія фашысты таксама „скорбят“ аб лёсе літары „мяккага знака“, прычым вельмі ясна выступае за гэтым плачам і брэхам другі знак, а іменна фашысцкі, і вышчараныя воўчыя зубы гэтых паноў“.

«За мяккім знакам выступае знак фашысцкі!»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:06:52 0:00
Наўпроставы лінк

Ёсьць і выказваньні, падпісаныя Янкам Купалам:

Стары правапіс, у якім нямала было засмечанасці, нацдэмаўскай «самабытнай» архаічнасці, трымаў беларускую мову ў палоне правінцыяналізма, у рамках нацыяналістычнай абмежаванасці. („Ліст народнага паэта Беларусі Янкі Купалы ў Беларускую Акадэмію Навук“, 4 студзеня 1934 г.).

Лішне казаць, што тут няма ніводнага ўласна Купалавага слова. Усе такія ідэалягічныя ярлыкі паўтараліся ў розных „аўтараў“.

Купала падымае пальчатку

Але ўжо ў пачатку верасьня таго ж 1934 году Юрэвіч хоча залучыць Купалу ў барацьбу за ратаваньне беларускага вымаўленьня ад русыфікацыі. Бо ад „рэформы“ прайшоў толькі год, але яна ўжо пачала шкодзіць.

Сустрэча Юрэвіча і Купалы пачалася зь бялáруцкіх успамінаў паэта. Урэшце

„...мы перайшлі на галоўную ў той час для мяне тэму — пра асаблівасьці беларускага літаратурнага вымаўленьня і ўплыў на яго нядаўніх зьмен правапісу (...) Дзядзька Купала абураўся тым, што на радыё трапляюць людзі, якія ня ведаюць жывога беларускага слова, і падтрымліваў бясспрэчнасьць адзіна правільнага прынцыпу: рэформа беларускага правапісу ня можа закранаць асновы вымаўленьня, жывую гутарковую мову, якая толькі і павінна гучаць перад мікрафонам“.

Сярод прыкладаў шкоды вымаўленьню, якія называў Купала, Юрэвіч узгадвае і напісаньне пазычаньняў бяз аканьня („рэволюцыя“, „пролетары“):

„— Што ж, калі мы зрабілі ўступку і пагадзіліся, пішучы інтэрнацыянальныя словы, не падпарадкоўваць іх аканьню, дык загадаеце нам і гаварыць не па-беларуску: рэволюцыя, пролетары[?] Народ гаворыць так, як яму зручней, і, зразумела ж, скажа: рэвалюцыя, пралетары. А вы ж перадачы ведзяце для народу, дык і размаўляйце зь ім па-народнаму, проста“.

Янка Купала тут яўна кідае выклік „мовазнаўцам у цывільным“: называе „ўступкай“ вымушаную згоду на валюнтарысцкае ўвядзеньне асобнай правапіснай катэгорыі — так званых „інтэрнацыянальна-рэвалюцыйных“ словаў з „оканьнем“ — каб бліжэй да расейскага напісаньня.

Відаць, практычныя вынікі размовы былі, да Купалы прыслухаліся. Юрэвіч піша, што паэт пасьля час ад часу званіў у дыктарскую:

„Рабіў заўвагі па вымаўленьні, раіў найбольш пажаданыя варыянты, хоць не настойваў на іх, бо не лічыў сябе заканадаўцам. Спасылаўся на неўнармаванасьць многіх пытаньняў мовы, у тым ліку і артаэпіі“.

Янка Купала. Віртуальнае інтэрвію Свабодзе
Янка Купала. Віртуальнае інтэрвію Свабодзе

Купала выказваўся і на іншыя моўныя тэмы: выступаў за націск бальнíца аналягічна з камянíца,навальнíца, стальнíца; злаваўся з прычыны захапленьня на радыё дзеепрыслоўнымі зваротамі і — шырэй — бараніў сынтаксычны лад беларускае мовы:

„Ды і наагул сынтакс беларускай мовы яшчэ ня створаны, — сьцьвярджаў Купала звычайна, калі спрабавалі яму пярэчыць, спасылаючыся на школьны падручнік. — Радыё ж павінна абапірацца не на кніжны, а на гутарковы лад нашай мовы. Як народ гаворыць, так і радыё павінна гаварыць. А пісаць — гэта ўжо іншая справа, іншы стыль...“

Так мудры Купала адваёўваў жывой мове прынамсі прастору вуснага маўленьня.

„Кожны раз, калі пачыналася гутарка з Купалам пра мову радыёперадач, — па тэлефоне ці з вока на вока пры сустрэчы, — ён выступаў заўзятым абаронцам культуры жывога беларускага слова. І сам паказваў узор высокай культуры абыходжаньня зь невычэрпнымі скарбамі роднай мовы“.

Успаміны У. Юрэвіча зьняпраўджваюць вобраз Янкі Купалы 1930-х гадоў як цалкам зломленага, пакорлівага ўсім прыхамацям улады беларускага адраджэнца.

Бяду прадбачылі раней

Адвакаты рэформы 1933 году кажуць: правапіс, нават зусім умоўны, не ўплывае на вымаўленьне — і ў прыклад прыводзяць ангельскую ці расейскую мовы. Але гэта мовы шматфункцыянальныя, падмацаваныя дзяржаўным статусам, яны ня зьведалі дыскрымінацыі і разрыву пакаленьняў носьбітаў.

А беларуская мова, на жаль, зьведала. Многім маладым беларусам няма дзе пачуць жывой мовы, яны вымушаныя засвойваць яе праз тэксты, праз палітарнае чытаньне, і адпаведна міжволі парушаюць вымаўленчыя нормы.

Яшчэ ў 1926 годзе, на Акадэмічнай канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі, завязалася спрэчка. Браты Лёсікі на хвалі нацыянальна-моўнага аптымізму прапанавалі не паказваць асыміляцыйную мяккасьць на пісьме і тым эканоміць месца. Маўляў, правільнае вымаўленьне нікуды не падзенецца, усе ж яго чуюць.

Але скасаваньню мяккіх знакаў у словах сьвет ці зьвер рашуча запярэчылі іншыя навукоўцы-пэдагогі. Супраць выказаліся і Янка Купала, і (яшчэ да канфэрэнцыі) Браніслаў Тарашкевіч. Варта прывесці аргумэнтацыю Сьцяпана Некрашэвіча:

„Асаблівасьць адменна мяккага, сьвісьцяча-сычачага вымаўленьня беларускіх сьвісьцячых „з, с, ц, дз“ перад мяккімі зычнымі і ётаванымі галоснымі катэгорычна вымагае, каб гэтыя гукі, як гукі асобныя, знайшлі на пісьме свой адбітак. Зусім-жа не азначаць іх на пісьме — гэта значыць сьцерці адну з характэрных асаблівасьцяй беларускае мовы“.

Навуковая палеміка, аднак, хутка скончылася, бо пачаліся рэпрэсіі супраць мовазнаўцаў. Рэформа 1933 году прайшла ўжо бязь іх.

Тым больш варта павагі тое, што ў 1934 годзе Янка Купала, Уладзімер Юрэвіч, Антон Война выступілі ў абарону артаэпічных нормаў — усуперак недавучаным моўным швондзерам.

Паляруш языка

Але новыя напісаньні пакрыёма несьлі разбуральны ўплыў далей.

Ужо пасьля вайны аўтарытэтны лінгвіст Фёдар Янкоўскі, наслухаўшыся тысячаў абітурыентаў, уклаў даведнік „Беларускае літаратурнае вымаўленьне“ (першае выданьне — у 1960-м, праз 27 гадоў пасьля „рэформы“):

„На ўступных экзамэнах у пэдагагічныя інстытуты была зьвернута ўвага на няправільнае вымаўленьне некаторымі абітурыентамі сьвісьцячых зычных з, с перад наступнымі мяккімі зычнымі. Гэтыя зычныя вымаўляліся цьвёрда ў словах тыпу з’ява, зняць, з’езд, збіць (…),спяваць, песня (…) Калі чуеш цьвёрдае вымаўленьне зычных з, с у словах тыпу з’ява, з’ехаць, сніць, песня, ствараецца непрыемнае ўражаньне, быццам бы ў таго, хто гаворыць, кончык языка патоўшчаны і ня мае неабходнай рухавасьці“.

Крытыкаваць наркамаўскі правапіс не было дазволена. Таму Янкоўскі перавёў стрэлкі на настаўнікаў. Але згаданы ім кончык языка за дзесяцігодзьдзі сапраўды быццам паралізаваўся шмат у каго.

Прайшло яшчэ 20 гадоў. У 1983 годзе Інстытут мовазнаўства выдаў калектыўную працу „Фанэтыка слова ў беларускай мове“. Аналізавалі вымаўленьне пісьменьнікаў, фальклярыстаў, дыктараў радыё. І выявілі, што людзі не памякчалі с, з у словах кшталту „свята“ ў публічных выступах часьцей, чым у прыватных размовах. Значыць, памякчэньне стала прыкметаю ледзьве не прастамоўя, яго саромеліся? Заўважылі, што памякчэньне зьнікала са зьменай пакаленьняў: у народжаных пасьля вайны яно адбывалася на 8–12% радзей, чым у старэйшых, якія засьпелі міжваенны час.

Выявілася, што правапіс узору 1933 году „разьядае“ і артыкуляцыю іншых спалучэньняў.

Трэцяя Зеленалуская

„Слоўнік беларускай мовы“ пад рэдакцыяй М. Бірылы (1987 год) патрабуе прыметнік „нясвіжскі“ вымаўляць адназначна — як [нясьвіскі].

Але прайшлі наступныя 30 гадоў — і ў артаэпічным слоўніку пад рэдакцыяй В. Русак 2017 году ужо дапускаецца і [нясьвішскі]. Што ж адбылося за гэты час? Мовазнаўца, фанэтыст Пётра Садоўскі лічыць: „Па-мойму, гэта набліжэньне да напісаньня — ці то ўплыў расейскай мовы“ (зь неапублікаванай пакуль гутаркі).

Кагадзе ўплыў „рэформы“ 1933 году на беларускае вымаўленьне пачулі менчукі ў мэтро.

Табло 3-й (Зеленалускай) лініі Менскага мэтро
Табло 3-й (Зеленалускай) лініі Менскага мэтро

Запушчана новая лінія — у пэрспэктыве да Зялёнага Лугу. Паводле правапісу Тарашкевіча яна Зеленалуская. Напісаньне адпавядае народнаму вымаўленьню: як у словах боскі ад бог, мноства ад многа, таварыскі ад таварыш. А таксама нясьвіскі ад Нясьвіж, старадароскі ад Старыя Дарогі, чэскі ад чэх/Чэхія. У тарашкевіцы тут як чуецца, так і пішацца.

Але зрусыфікаваны правапіс 1933 году разбурыў гэты празрысты падыход. Словы агульнай лексыкі (таварыскі, мноства, хараство) не зачапілі, але прыметнікі ад геаграфічных назваў загадалі пісаць адпаведна марфалягічнаму прынцыпу (на ім грунтуецца расейскі правапіс): „нясвіЖскі“, „чэШскі“, „рыЖскі“ і г.д. Адпаведна пішуць „ЗеленалуЖская“ лінія.

Здавалася б, няхай сабе: на вымаўленьне ж не ўплывае. Але мы ўжо пачулі на перасадачных станцыях старанны дыктарскі голас: „пераход на зеленалу[ЖС]кую лінію“. Дакладна так вымаўляюць і па-расейску.

І няма таго Купалы, які прыйшоў бы ў дыктарскі цэх мэтрапалітэну і навёў парадак...

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG