Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аўтар сабраў матэрыял у тэматычныя разьдзелы: артаэпія, будова фразы, будова слова, формы слова, націск, выбар слова, выразы, фраземы, прыказкі.

Сёньня мы друкуем тры прыклады з трох розных разьдзелаў.

Заяўку на кнігу можна прысылаць ужо зараз — паведамце ў ёй паштовы адрас, на які можна даслаць кнігу. Прысылайце заяўку на адрас паштовая скрынка 111 Менск 5, індэкс 220005 электронны адрас — svaboda@rferl.org.



ГУЧАНЬНЕ СЛОВА

Нясьві[с]кі, зьбірае[с’:]я, на рэ[ц:]ы, праба[ц’:]е / праба[чц’]е

Сярод адступленьняў ад артаэпічных нормаў ня рэдкія тыя, што вынікаюць з палітарнага трактаваньня спалучэньняў шыпячага гуку зь сьвісьцячым.

Згодна з нормамі літаратурнага вымаўленьня, папярэдні шыпячы мае прыпадабняцца да наступнага сьвісьцячага. Па-беларуску трэба гаварыць: латы[с]кі, нясьві[с]кі, чэ[с]кі, таксама, як гаворым, напрыклад, тавары[с]кі. Савецкая рэформа беларускай мовы ўвяла ў 1933 г. нефанэтычныя напісаньні геаграфічных і этнічных найменьняў. У выніку раз-пораз, ідучы за напісаньнямі паводле афіцыйнага правапісу (латышскі, нясвіжскі, чэшскі і г. д.), робяць у нас памылкі ў вымаўленьні. Вымаўляюць: ры[шс]кі або сура[шс]кі. Такога зьбегу зычных нельга дапускаць. Гэты зьбег павінен нэўтралізавацца, зьнікнуць, на стыку кораня і суфікса застаецца толькі адзін гук [c]: скажам, белаве[с]кі, вол[с]кі, пары[с]кі, пецярбур[с]кі, сура[с]кі.

Падоўжаны мяккі [с’:] абавязкова павінен выступаць пры вымаўленьні дзеясловаў у форме другой асобы адзіночнага ліку: ты зьбіраесься, пытаесься, рыхтуесься. Дарма што напісаньне -сся (-сься, -ssіa) у такіх словаформах практыкавалася ў беларускіх тэкстах яшчэ ў XІX стагодзьдзі, нарматыўным у пару кадыфікацыі новай беларускай артаграфіі яно ня стала. Да 1990-х дзеяслоўныя формы другой асобы амаль выключна пісаліся праз шс, не фанэтычна, ня так, як гучыць. Пісаць зьбіраесься і пытаесься фанэтычна прапаноўваў у сярэдзіне 1920-х Язэп Лёсік — прапановы не прынялі. Зь лёгкай рукі Вінцука Вячоркі згаданыя фанэтычныя напісаньні пашырыліся ў 1990-х у бальшыні выданьняў, якія прытрымліваюцца несавецкага беларускага правапісу. У кожным разе, як бы мы ні пісалі, заўжды вымаўляем мяккі падоўжаны [с’:]: вучы[с’:]я, гадуе[с’:]я, клапоці[с’:]я.

Далей — пра іншыя выпадкі прыпадабненьня шыпячага гуку да сьвісьцячага. Пісьмовае спалучэньне чц, у якім ц абазначае цьвёрды гук, вымаўляецца па-беларуску як падоўжаны зацьвярдзелы [ц:]: бавіліся на рэ[ц:]ы, езьдзілі там на лода[ц:]ы, хадзілі па клада[ц:]ы.

На месцы пісьмовых спалучэньняў жц і шц, дзе за літараю ц таксама стаіць цьвёрды гук, вымаўляем зычныя [сц]: спаткаліся на даро[сц]ы (дарожцы), рашчынілі муку ў дзе[сц]ы (дзежцы), узялі па пля[сц]ы (пляшцы). Трэба, праўда, дадаць, што ў гэтым выпадку акадэмічнае савецкае мовазнаўства санкцыянавала адступленьне ад асыміляцыі шыпячага — у сваіх публікацыях Аляксандар Падлужны і яго наступнікі рэкамэндавалі захоўваць гук [ш] у поўным стылі вымаўленьня, то бо пры выкарыстаньні мовы ў афіцыйных абставінах: напісалі на до[шц]ы, пакінулі ў лы[шц]ы.

У сучасным літаратурным маўленьні закон прыпадабненьня рэгулярна не рэалізуецца ў спалучэньнях чц, шц і жц, дзе літара ц перадае мяккі [ц’]: вы нам праба[чц’]е; нарэ[ш]це прыйшлі; хлеба, калі ласка, нарэ[ш]це. Тут маем дачыненьне з трывалаю традыцыяй палітарнага вымаўленьня. Пры гэтым паралельна ў моўнай прасторы назіраецца й тэндэнцыя на збольшага пасьлядоўную рэалізацыю закону прыпадабненьня ў памянёных спалучэньнях — гэты падыход абапіраецца на факты народна-дыялектнага маўленьня і, дарэчы, не супярэчыць нормам, устаноўленым акадэмічнымі мовазнаўцамі для размоўнага стылю вымаўленьня. У такой сытуацыі формы з падоўжаным [ц’:] і прыпадобненым [с’] трэба разглядаць як сыстэмна апраўданыя вымаўленчыя варыянты, прыдатныя для культываваньня ў літаратурным маўленьні: забясьпе[ц’:]е ўсім патрэбным; зазна[ц’:]е, што трэба прачытаць; нарэ[с’]це зрабіў; мяса ўзва[c’]це; шынкі адрэ[с’]це.



БУДОВА СЛОВА

Старшыня, старшыняваць, старшыняваньне, старшынёўства

Старшына і старшыня — два зусім блізкія з гучаньня словы. Носьбіты літаратурнае мовы адрозьніваюць іх паводле значэньня: добра ведаем, хто такі старшына і чым займаецца старшыня. Часам, аднак, узьнікаюць пытаньні, зьвязаныя з утварэньнем словаў ад згаданых назоўнікаў, у першую чаргу ад слова старшыня. Пытаюцца, да прыкладу, што робіць старшыня старшынствуе ці старшынюе, як называць выкананьне старшынём абавязкаў — старшынствам або старшынёўствам?

Для нашае мовы дзеясловы з суфіксальнай часткаю -ствава- ў цэлым не характэрныя. Як ад назоўніка пан маем дзеяслоў панаваць, ад цар цараваць, так і ад старшыня будзе старшыняваць. У слове старшыня мяккая аснова, таму й дзеяслоў канчаецца на -няваць. У сваю чаргу назоўнік зь цьвёрдай асноваю — старшына — дае дзеяслоў на -навацьстаршынаваць. Старшыня на судовым, напрыклад, паседжаньні старшынюе, а старшына ў вайсковым падразьдзяленьні старшынуе.

Зь дзеясловаў старшыняваць і старшынаваць вынікаюць заканамерныя назоўнікі старшыняваньне і старшынаваньне. Скажам па-беларуску: за часам яго старшыняваньня гаспадарка была адной з найлепшых, братава старшынаваньне ў войску працягвалася доўгі час. Гаворачы пра выкананьне старшынём сваіх абавязкаў, поруч з назоўнікам старшыняваньне ўжываюць і слова старшынёўства (да прыкладу: за гады старшынёўства ў выканкаме ён шмат чаго навучыўся).

Зыходзячы з формы старшынёўства ў дачыненьні да старшыні, можна вывесьці назоўнік старшыноўства як сынонім да слова старшынаваньне. Праўда, калі старшынёўства — жывое слова, факт сёньняшняга маўленьня, то памянёнае старшыноўства — аказіяналізм: так у нас не гавораць. Акадэмічныя слоўнікі беларускае мовы з значэньнем знаходжаньня ў годнасьці старшыны падаюць назоўнік старшынства (нельга, аднак, не заўважыць, што гэтае слова — крайне рэдкае ў літаратурным маўленьні).

Напомню яшчэ, што для беларускае мовы значна больш характэрныя назоўнікі з значэньнем дзеяньня на -ньне, чымся на -ства (іначай кажучы, назоўнікі накшталт старшыняваньня больш рэгулярныя ў мове за словы тыпу старшынёўства).



ВЫБАР СЛОВА

Работа й праца, рабіць і працаваць

Работа й праца, рабіць і працаваць — штодзённыя словы нашай мовы. Тым ня менш часам узьнікаюць пытаньні, зьвязаныя зь нюансамі іх ужываньня. Скажам, ці заўсёды на месцы слова работа можна скарыстаць сынонім праца? Ці выпадае ў літаратурным маўленьні ўжываць дзеяслоў рабіць у значэньні ‘працаваць’? Ліст з просьбаю разабраць значэньні памянёных словаў даслала нашая слухачка Натальля Пустаход-Завіла. «Мая плешчаніцкая бабуля, — піша Натальля, — казала: «Трэ работу рабіць»; «Ён рабіў недзе тут у Плешчаніцах»; «Працавалі самі».

Пры называньні дзейнасьці, актыўнасьці чалавека слова праца ўжываецца ў літаратурнай мове часьцей, чым работа: гаворым, напрыклад, разумовая праца, фізычная праца, хоць можна сказаць і разумовая работа, фізычная работа. Па-беларуску — узяцца за работу й узяцца за працу — у гэтым выпадку назоўнікі на роўных правох. Ходзім на службу — на працу або на работу — і тут назоўнікі таксама раўнапраўныя.

Калі ж характарызуем функцыянаваньне органа ў арганізьме ці якой прылады, машыны, карыстаемся, як правіла, словам работа: работа сэрца, работа рухавіка. У значэньні канкрэтнага людзкога клопату, заданьня часьцей выкарыстоўваецца слова работа (напрыклад, такой работы так проста ня зробіш).

Называючы вытворчую чыннасьць або прымусовую актыўнасьць, слова работа рэгулярна ўжываюць у форме множнага ліку: будаўнічыя работы, сельскагаспадарчыя работы, папраўчыя работы й г.д. Выкарыстаньне ў такім значэньні множналікавай формы працы (палявыя працы) для нашай мовы малахарактэрнае: па-беларуску зазвычай скажуць або гаспадарчая праца, або гаспадарчыя работы.

У сваю чаргу форма працы дарэчы пры размове пра творы, якія сталі вынікам мысьленчай, разумовай актыўнасьці чалавека (скажам, да прыкладу, што ў сьвет выйшлі навуковыя працы). Характарызуючы якасьць, а таксама спосаб выкананьня нечага, ужываем слова работа: рэч выдатнай работы, твор ручной работы, замок кавальскай работы й г. д.

У жывой народнай мове дзеяслоў рабіць традыцыйна выступае яшчэ і ў значэньні ‘працаваць’: цэлы дзень рабілі на лузе, дачка робіць у школе; рабі пільна — і тут будзе Вільня, рабі да поту — зьясі ў ахвоту. Вядома ж, такое словаўжываньне прымальнае й пры літаратурным маўленьні — у гутарковым стылі.
  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG