Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчая не змагла ўстанавіць супрацоўніка міліцыі, які зламаў сківіцу Вячаславу Касінераву


Вячаслаў Касінераў

Вячаслаў Касінераў

Крымінальная справа аб зьбіцьці падчас затрыманьня фігуранта «справы графіцістаў» Вячаслава Касінерава прыпыненая.

Пра гэта Вячаславу паведаміла сьледчая Маскоўскага райаддзелу Сьледчага камітэту Менску спадарыня Мельнікава.

У лісьце тлумачыцца, што гэта зроблена «ў сувязі з тым, што не ўстаноўлена асоба, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанай». Таксама прыпынена папярэдняе сьледзтва па справе, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Вячаслаў Касінераў дамагаўся, каб пакаралі супрацоўнікаў міліцыі, якія моцна зьбілі хлопца і зламалі яму сківіцу пры затрыманьні 11 жніўня мінулага году.

«Уся гэтая справа — яшчэ адзін паказчык хлусьлівай і бессэнсоўнай „праваахоўнай“ сыстэмы. У бінарнай пэрспэктыве „чалавек — дзяржава“ нам адведзена ў лепшым выпадку роля пасіўных няўдзельнікаў. Спроба падняць вочы і сказаць „не“ цемрашальству навокал жорстка караецца, і карнікі ніколі і ні за што не адкажуць. Пакуль мы будзем маўчаць, карнікі могуць нас зьбіваць, нявечыць беспакарана. І гэты факт сам па сабе палітызуе ўсю сыстэму сьледзтва», — сказаў Вячаслаў Касінераў.

11 жніўня пяцёра хлопцаў былі жорстка затрыманыя. Іх зьвінавацілі ў нанясеньні беларускамоўных графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе...», а таксама ў тым, што запэцкалі фарбай сацыяльны бігборд з выявамі супрацоўнікаў міліцыі. У выніку хлопцаў пакаралі штрафамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG