Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Касацыйную скаргу палітвязьня Мікалая Дзядка разгледзяць 30 красавіка


Мікалай Дзядок

Мікалай Дзядок

30 красавіка ў Магілёўскім абласным судзе адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі палітвязьня Мікалая Дзядка, які адбывае пакараньне ў турме № 4 Магілёва.

Ён абскарджвае рашэньне Ленінскага суду Магілёва ад 26 лютага, які пакараў палітвязьня дадатковым зьняволеньнем на 1 год і тры дні. У лістападзе 2014 году на Мікалая Дзядка завялі новую крымінальную справу паводле 411 артыкула за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы».

Праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч сказаў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды, што «пэсымістычна настроены на заўтрашні судовы працэс».

«Я нічога не чакаю. Мяркуючы па апошніх тэндэнцыях, якія мы назіраем менавіта ў пытаньні палітвязьняў, я пэсымістычна настроены на заўтрашні судовы працэс. Я ня думаю, што касацыйная скарга Дзядка будзе задаволеная. Мы, дарэчы, атрымалі адказ на зварот у Палату прадстаўнікоў з патрабаваньнем дэкрыміналізаваць 411 артыкул. Яны ж адказалі, што ня бачаць такой неабходнасьці дэкрыміналізацыі, спаслаўшыся на тое, што такі артыкул ёсьць у заканадаўстве Ўзбэкістану і Казахстану. Гэта, канечне, для нас ня ёсьць нейкім прыкладам. Таму я не спадзяюся, што прысуд будзе адменены. Бо тое, што адбываецца са Статкевічам, новая крымінальная справа Рубцова, які ўжо скончыў знаёмства з матэрыяламі справы і чакае прызначэньня даты суду, адмова ў памілаваньні Пракапенкі — усё гэта сьведчыць пра тое, што нашы ўлады не жадаюць вызваляць палітвязьняў. І ісьці такім чынам на нейкія саступкі Эўразьвязу. Я думаю, што прынамсі да выбараў гэтая сытуацыя захаваецца. Як будзе далей — невядома».

У магілёўскай турме працягваюць трымаць актывіста анархісцкага руху, палітвязьня Мікалая Дзядка, які мог бы ўжо выйсьці на волю, але атрымаў яшчэ год зьняволеньня на дадатак да адбытых чатырох з паловай. Яго асудзілі ў тым ліку за тое, што ён не заўсёды насіў турэмную робу, як належыць вязьню.

Калі касацыйную скаргу Мікалая Дзядка не задаволяць і прысуд уступіць у сілу, яго перавядуць у адну з калёніяў строгага рэжыму.

Мікалай Дзядок павінен быў вызваліцца на пачатку сакавіка. Актывіст адбыў 4,5 года зьняволеньня за нібыта хуліганскія дзеяньні адносна афіцыйных будынкаў, чаго на судзе не прызнаў, а пазьней адмовіўся падаваць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі. Палову тэрміну Мікалая Дзядка трымалі ў «крытай» турме як злоснага парушальніка рэжыму.

XS
SM
MD
LG