Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Караткевіч у Горадні: Мы будзем рабіць усё, каб трапіць ў парлямэнт


Зьміцер Бандарчук, Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў

Зьміцер Бандарчук, Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў

«Гавары праўду» распачала чарговую кампанію ў Горадні: вядзе збор подпісаў за ўвядзеньне мараторыю ўладамі на падвышэньне камунальных тарыфаў. Такім чынам кампанія адзначае сваё шасьцігодзьдзе і рыхтуецца да будучых парлямэнцкіх выбараў.

У першы дзень збору подпісаў Горадню наведалі цяперашнія лідэры капаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў. На прэс-канфэрэнцыі для журналістаў Караткевіч адцеміла, што гарадзенцы яе пазнавалі, падпісваліся і задавалі шмат пытаньняў:

«Мы тлумачым людзям, што ўлады павінны зьвязваць падвышэньне тарыфаў са зьменамі ў эканоміцы, калі адчувальнымі стануць рост заробкаў і пэнсіяў і сацыяльная абароненасьць грамадзян. Подпісы плянуем зьбіраць па ўсёй краіне».

Паводле Андрэя Дьмітрыева, «Гавары праўду» лічыць, што перамены ў Беларусі пачнуцца тады, калі за іх будзе большасьць. Менавіта таму кампанія пасьля прыняцьця стратэгіі мірных пераменаў пасьлядоўна ўдзельнічае ва ўсіх выбарах і ўздымае тыя праблемы, якія найбольш хвалююць беларусаў. Кампанія возьме актыўны ўдзел і ў сёлетніх парлямэнцкіх выбарах:

«Мы зьбіраемся выставіць на парлямэнцкіх выбарах ад 30 да 50 чалавек, і амаль ўсе яны — новыя людзі, якія далучыліся да нас праз апошнія палітычныя і сацыяльныя кампаніі».

«Памылкай лічу тое, што „Гавары праўду“ шмат часу страціла на пабудову штучнай ідэі адзінства апазыцыі. Яна вельмі прыгожая, калі пра яе гавораць, але 20 гадоў запар мы бачым, што яна яшчэ болей дзеліць апазыцыю. Сёньня наш падыход іншы: працуем і, калі бачым, што нашы пазыцыі сыходзяцца, то працуем разам і нікому не перашкаджаем. Памылкай ёсьць яшчэ і тое, што мы запозна пачалі задавацца пытаньнямі нашай праграмы: за што мы так бы мовіць выступаем», — сказаў Дзьмітрыеў.

Шмат пытаньняў прагучала пра стаўленьне кампаніі да ўказу № 222 і стану індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ўжо два месяцы ня могуць працаваць.

«Мы прапануем аддаць права ўвядзеньня мараторыю на выкананьне ўказу № 222 мясцовым уладам, паколькі сёньня яны лепш і хутчэй разумеюць сытуацыю. Ёсьць малыя гарады, дзе напаўненьне бюджэту наўпрост залежыць ад працы індывідуальных прадпрымальнікаў».

Тацяна Караткевіч адзначыла, што «Гавары праўду» пачынае падрыхтоўку да будучых парлямэнцкіх выбараў:

«Мы будзем рабіць усё, каб правесьці годную перадвыбарчую кампанію і трапіць у парлямэнт».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG