Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзь з «Гавары праўду!» павіншавала менчукоў з днём народзінаў Рыгора Барадуліна


У дзень народзінаў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна моладзевае крыло кампаніі «Гавары праўду!» разам зь лідэрамі Тацянай Караткевіч і Андрэем Дзьмітрыевым зладзілі ў цэнтры Менску акцыю. Яны раздрукавалі «Наказы дзядзькі Рыгора» — цытаты зь вершаў слыннага паэта, клеілі плякаты ў відных месцах — на прыпынках грамадзкага транспарту, тумбах з афішамі, а таксама раздавалі ўлёткі з фрагмэнтамі з твораў Барадуліна мінакам.

«На жаль, такія сьвяты, як дні народзінаў нашых славутых землякоў, народных пісьменьнікаў Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, яшчэ ня сталі ў Беларусі нацыянальнымі сьвятамі, але павінны такімі стаць. Ідэя акцыі вельмі простая: данесьці да людзей самыя яскравыя выказваньні, самыя трапныя цытаты Рыгора Барадуліна, каб людзі ганарыліся сваім», — кажа Андрэй Дзьмітрыеў.

Людзі ў цэлым рэагавалі вельмі прыязна, дзякавалі. Адна жанчына з усьмешкай адказала: «Душой я з вамі».

Актывісты кампаніі «Гавары праўду!» наведалі міністэрства па надзвычайных сытуацыях і напісалі падзяку супрацоўнікам за тое, што ўвосень мінулага году тыя добраахвотна, бясплатна з дапамогай спэцтэхнікі, верталёта дапамаглі ўсталяваць вялізны валун на магілу паэта ў Вушачах.​

Падборку цытат рыхтаваў Зьміцер Валадзько:

«Я адбіраў тое, што мне падабаецца. Адмыслова стараўся выбіраць не палітычныя, ня вострыя выказваньні, якіх, дарэчы, у Рыгора Барадуліна шмат. У асноўным пра беларусаў, пра мову, пра каханьне, дзе ёсьць гумар. З таго, што я прапанаваў, мае калегі ўчынілі жорсткі адбор. Ну, а маё любімае выказваньне дзядзькі Рыгора такое: «Боязь паказацца правінцыйным паказвае вашу правінцыйнасьць».

Гэтым разам прыязна і ветліва паставіліся да актывістаў міліцыянты і АМАП: уважліва чыталі плякаты і, прынамсі адразу ж, не зрывалі. Але ўлёткі з цытатамі Барадуліна браць адмаўляліся.

Глядзець фотарэпартаж вялікім памерам

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG