Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзі пагрукаюць у вашыя дзьверы па-іншаму», — Караткевіч і Дзьмітрыеў у Дарагічыне правялі сустрэчу ў бары


Тацьцяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў
Тацьцяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў

Усе дзяржаўныя арганізацыі Дарагічына (Берасьцейшчына) адмовіліся даць памяшканьне, каб правесьці сустрэчу з экс-кандыдаткай на прэзыдэнта Тацянай Караткевіч. Таму сустрэча адбылася ў прыватным бары «Кіно».

Ягор Юшкавец, гаспадар бара, расказаў, што пасьля таго як ён дазволіў сустрэчу з Караткевіч і Дзьмітрыевым, яму тэлефанавалі прадстаўнікі ўладаў і намякалі, што ён можа займець праблемы:

«Сказалі, падумайце, ці патрэбна вам гэта. Далі зразумець, што могуць быць праблемы зь бізнэсам. Але я не баюся, бо лічу, што чалавек мае права выказваць што думае і не павінен жыць так, як улады лічаць патрэбным».

Ягор Юшкавец
Ягор Юшкавец

На сустрэчу, прысьвечаную дэкрэту «аб дармаедзтве», лідэры «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў запрасілі прадстаўнікоў мясцовага райвыканкаму. Аднак чыноўнікі праігнаравалі запрашэньне «гаварыпраўдаўцаў».

«Сёньня зайшлі ў райвыканкам, а нам кажуць — што вы прыехалі людзей баламуціць? Мы кажам, што вы памыляецеся, гэта вы тут сваім кіраваньнем баламуціце людзей, а мы прыехалі ім дапамагаць. Бо калі вы, чыноўнікі, іх не пачуеце, то людзі пагрукаюць у вашыя дзьверы па-іншаму. Чыноўнік кажа — чаго вы там у кавярні сустракаецеся? Дык мы зьвярталіся, дайце нам памяшканьне, мы ж не на вуліцу людзей клічам. Не, нельга...» — сказаў Андрэй Дзьмітрыеў.

Падчас сустрэчы
Падчас сустрэчы

Як расказала Свабодзе Тацяна Караткевіч, яна разам з Андрэем Дзьмітрыевым ладзіць паездкі «ў рэгіёны, куды не даяжджаюць іншыя». Яна расказала, як іх сустрэлі ў Дарагічынскім райвыканкаме:

«Старшыня райвыканкаму не чакаў і быў не гатовы, хоць мы яго запрашалі на сустрэчу. Гэта быў шанец паказаць, што ўлада чуе людзей. Няхай бы прыйшлі і паслухалі, як людзі да іх ставяцца. Але мы пагутарылі з намесьнікам старшыні райвыканкаму, які ўзначальвае працоўную групу па вызваленьні ад падатку. І ён нам казаў, што ён за гэты дэкрэт. Горача абмяняліся сваімі аргумэнтамі. Я думаю, што такія сустрэчы павінны адбывацца, бо ўлады даўно ня чуюць праўды ў свой адрас».

На сустрэчу ў бары «Кіно» сабралася каля 30 жыхароў Дарагічына і раёну. Яна выказаліся пра дэкрэт «аб дармаедзтве».

Жыхар вёскі Галоўчыцы Міхаіл Астапук распавёў, што яго жонка апынулася ў сьпісах «дармаедаў»:

«Прыйшоў ліст жонцы, што яна „дармаед“. Але ў нас асабістая падсобная гаспадарка, куры, 45 гусей, перапёлкі. Усяго больш за 300 галоў птушкі. Але нам даказваюць, што ў нас няма зямлі, што зямля выдзеленая толькі пад хату. У нашай вёсцы працы няма, калгас наш банкрут. Таму мы і займаемся асабістай прыватнай гаспадаркай. Зьвярнуўся ў падатковую, сказалі зьбіраць даведкі, што ў мяне цяжкая жыцьцёвая сытуацыя, што мы не зарабляем, няма грошай. Але мы сябе маламаёмаснымі ня лічым. Мне гэта прыніжальна, што маю жонку лічаць гультаём. Калі б усе так рабілі ў вёсках, як яна, то мы б жылі ня горш, чым у Польшчы», — сказаў спадар Астапук.

У часе сустрэчы актывісты «Гавары праўду» раздалі прысутным дакумэнты з парадамі, як бараніцца ад «падатку на дармаедзтва».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG