Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Карагод вышыванак» прайшоў у Віцебску на Дзень горада. Фота


Мерапрыемства, заяўленае ў праграме сьвяткаваньня Дня горада, ня выклікала вялікай цікаўнасьці ў гараджан. Ці то вінаватая сьпёка, ад якой віцябляне хаваліся на прыродзе, ці то кепская арганізацыя і адсутнасьць рэклямы, але ў гістарычна-культурніцкім цэнтры «Золотое кольцо Витебска — Двина» гледачоў прыйшло надзвычай мала. Удзельнікаў было яшчэ менш. Апрача насельнікаў экалягічнай сядзібы «Звон-гара», якія ўдзельнічалі ў невялікім кірмашы на падворку, амаль ніхто й не прыйшоў у вышытых строях.

Але імпрэза «Карагод вышыванак», якая літаральна напярэдадні зьмяніла свой назоў, атрымалася нешматлюднай, ды даволі вясёлай. Да карагоду далучыліся і артысты мясцовай мастацкай самадзейнасьці, якія вучыліся народным танцам ад аматараў здаровага ладу жыцьця са «Звон-гары».

Тут жа, на падворку культурніцкага цэнтру ў Задзьвіньні сёньня прэзэнтавалі публіцы драўляную скульптуру княгіні Вольгі — заснавальніцы Віцебска, калі верыць не пацьверджанай навукоўцамі легендзе.

Аўтар, народны майстар Леанід Саўчанка, выразаў жаночую фігуру зь мячом з асіны, і гэта тут жа спарадзіла новую традыцыю. Паводле фальклёрных уяўленьняў, асіна мае здольнасьць супакойваць нэрвы. Таму варта абняць статую княгіні Вольгі і сказаць «асіна-асіна, забяры маю трасіну», каб супакоіцца пасьля нейкага ўзрушэньня і зноў набыць душэўную раўнавагу. Так, прынамсі, раяць у гістарычна-культурніцкім цэнтры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG