Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі і за што беларусы палюбілі ровар?


Раварыст на велатрэку ў менскім Губэрнатарскім садзе
Раварыст на велатрэку ў менскім Губэрнатарскім садзе

Апошнімі гадамі эўрапейцы масава пераселі на ровары. Зразумелі, што гэта ва ўсіх сэнсах карысна — і для здароўя, і для экалёгіі, і для ўласнай кішэні. Хай і са спазьненьнем, але і беларусы-гараджане пачалі аддаваць перавагу ровару, цешачыся ім, але й пужаючы пешаходаў. А беларусы-вяскоўцы і ўвогуле з ровара ня злазілі. Дык мода на ровар — гэта вяртаньне ў мінулае ці крок у будучыню? Пра гісторыю і пэрспэктывы роварнага Менску мы гутарым з культуролягам, заснавальнікам майстэрні роварных экскурсіяў «Менскі велашпацыр» Раманам Абрамчуком.

— «Менскі велашпацыр» — адзіны турыстычны субʼект у Беларусі, які прапануе прафэсійныя роварныя экскурсіі па Менску і Беларусі. Раман, з чаго і дзеля чаго нарадзілася ідэя роварных экскурсіяў?

— Калі я вандраваў па Заходняй Эўропе, дык пабачыў у сталічных гарадох — Бэрліне, Парыжы, Амстэрдаме, — што гэта вельмі разьвіта. Я проста падгледзеў, як гэтая ідэя там рэалізуецца. А лунала яна ў паветры і ў нас.

— У беларускай мове транспартны сродак, пра які мы будзем гаварыць зараз, абазначаецца двума словамі — веласіпед і ровар. Якое слова вы ўжываеце звычайна? Якое зь іх, з вашага гледзішча, найбольш адпавядае гэтаму транспартнаму сродку?

— Ровар. Хаця і словам «веласіпед» я ня грэбую. Назоўнік «веласіпед» прыйшоў у беларускую мову з расейскай, а ў тую з францускай, ад лацінскага velox, velocis «хуткі» і pes, pedis «нага». Зь ім прасьцей утвараць складаныя словы накшталт «велашпацыр», «велаэкскурсія». Мова — жывы арганізм, яе нельга абмежаваць ідэалягічнымі рамкамі. Але ўсё-такі перавагу я аддаю слову «ровар» як больш самабытнаму для беларускай мовы. Спрабую яго папулярызаваць, бо «веласіпед» ужываецца часьцей як замацаваны ў афіцыйных наркамаўскіх слоўніках. І трэба сказаць, што пакрысе мы (я маю на ўвазе сьвядомых носьбітаў мовы, якія часьцей ужываюць слова «ровар», а не «веласіпед») выйграем гэтую бітву. «Ровар» — ужо цалкам прымальнае слова ў сучасным беларускім культурным кантэксьце, хоць афіцыйна, нагадаю яшчэ раз, такога слова няма ў нашых наркамаўскіх слоўніках.

Што датычыць паходжаньня, то слова «ровар» ужываецца ў шэрагу моваў і, верагодна, прыйшло да нас з блізкай польскай мовы. Напрыклад, на Піншчыне, якая была ў складзе Польшчы ў міжваенны час, казалі «ровар», дый багата яшчэ дзе. Паходжаньне гэтага слова — ад назвы брытанскай фірмы Rover​, якую заснаваў Джон Кэмп Старлі. Ён у 1883 годзе ўдасканаліў канструкцыю ровара, зрабіў яе падобнай да сучаснай, і назваў яе Rover, што ў ангельскай мове азначае «бадзяга», а потым так пераназваў і сваю кампанію, якая ўжо існавала. А яшчэ існавалі самакаты, адсюль — самакатчыкі, або цыклісты. У ангельскай мове на пачатку гісторыі ровара яго называлі і «дэндзі хорз» — «dandy horse» (модны конь). Адным словам, хто на чым, а я катаюся на ровары.

Раман Абрамчук праводзіць экскурсію
Раман Абрамчук праводзіць экскурсію

— Я — таксама. Тым болей што на маёй радзіме, на Глыбоччыне, былой Віленшчыне, ужывалі толькі слова «ровар», а слова «веласіпед» я ўпершыню ўбачыў толькі на цэтліку, калі ровары завезьлі ў наш Празароцкі сяльмаг... Калі ж былі вынайдзены ровары? З чаго пачынаецца іх гісторыя?

— Пытаньне ня з простых. Ёсьць шмат напаўлегендарных зьвестак пра вынаходжаньне ровара Леанардам Да Вінчы (быццам бы сярод яго эскізаў трапляецца штосьці падобнае да ровара), расейскім селянінам Яўфімам Артамонавым (быццам бы ён вынайшаў ровар у 1800 годзе і атрымаў за гэта вольную) і іншыя. Але гэтыя зьвесткі ставяцца пад вялікі сумнеў навукоўцамі-дасьледчыкамі.

А вось атрыманьне патэнту ў 1818 годзе на вынаходжаньне двухколавага самаката нямецкім баронам Карлам фон Дрэзам — гэта гістарычны факт. Толькі той ровар быў яшчэ без пэдаляў. Каб ехаць, трэба было бегчы нагамі па зямлі, аднак, дзякуючы колам, гэта атрымлівалася значна шпарчэй за проста бег. Дарэчы, сёньня тую канструкцыю ровара называюць «бегавел».

Цікава і тое, што ў той час за гэтай вынаходкай у некаторых мовах замацавалася слова «дрызіна» — ад прозьвішча вынаходніка. І гэтае ж слова, як ведаем, застаецца і па сёньня ў нашай мове для абазначэньня чыгуначнага транспартнага сродку, які рухаецца за кошт прымітыўнага мэханічнага ўзьдзеяньня.

Вядома ж, пасьля канструкцыя была шматразова перапрацаваная. Усе ведаюць ровар зь пярэднім вялікім колам — гэта адзін з этапаў эвалюцыі ровара ў ХІХ стагодзьдзі. У прынцыпе, за XIX стагодзьдзе ён і аброс тымі элемэнтамі, безь якіх мы сёньня не ўяўляем сучасны ровар — пэдалі, гумовыя шыны, колы са сьпіцамі, тормаз, у тым ліку ручны, і іншыя.

Пераважна гэтыя вынаходкі былі зробленыя ў краінах Заходняй Эўропы ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя. І, як мы ўжо ўзгадвалі, першая мадэль, якая найбольш адпавядае сучаснаму ровару (з ланцуговай перадачай на задняе кола) — гэта ангельскі «бадзяга», Rover Джона Кэмпа Старлі, сканструяваны на пачатку 1880-х гадоў.

— Калі ровар трапляе ў Беларусь? Калі ён заваёўвае сымпатыі беларусаў? Калі становіцца транспартным сродкам?

— Цяжка назваць дакладную дату, калі ровар трапіў у Беларусь. Найбольш верагодна, што першы ровар беларусы пабачылі ў прыежджых артыстаў, бо ровар становіцца элемэнтам шоў.

Ёсьць цікавыя напаўлегендарныя зьвесткі пра першы ровар менчука Міхаіла Дзевачкі, пазьней знакамітага спартоўца-раварыста. Ён яшчэ хлопчыкам хадзіў на ўсе прадстаўленьні з роварам, якія давалі прыежджыя артысты, і калі адзін з артыстаў захварэў, стаў яго наведваць у шпіталі. І ў адзін з такіх візытаў да юнага аматара выйшаў лекар, сказаў, што з хворым пабачыцца нельга, і перадаў малому цыдулку, дзе было напісана, што ў пэўным месцы хлопчыка чакае падарунак. І гэта быў ровар.

Цяжка сказаць, у якім годзе тое здарылася ці магло здарыцца. Але вядома, што ўжо ў 1883 годзе ў Маскве адбываюцца першыя роварныя гонкі, на якіх Міхаіл Дзявочка стаў адным зь пераможцаў (у некаторых крыніцах гаворыцца, што ён узяў першы прыз, у іншых — што другі).

Міхаіл Дзявочка — трэці зьлева
Міхаіл Дзявочка — трэці зьлева

Таму можна меркаваць, што ровар становіцца зьявай і паступова распаўсюджваецца па Беларусі, як і па ўсім абшары тагачаснай Расейскай імпэрыі, у 1880-х гадох, а мо нават і крыху раней.

А вось масавы распаўсюд — гэта ўжо 1890-я гады. Аднак гэта быў яшчэ прадмет статуснай забавы — дарагі і экзатычны.

А вось ужо ў 1920-я гады мы сустракаем першыя зробленыя майстрамі на вёсках ровары, а гэта сьведчыць, што ровар стаў глыбока «тутэйшым», успрымаўся як зручная і карысная рэч, якая прайшла «тэст» селяніна-прагматыка.

— Разумею, што тады не было аўтамагістраляў. Але былі пешыя людзі, езьдзілі коні, запрэжаныя ў фурманкі і конкі. Як раварысты ўпісваліся ў гэты рух, прыкладам, на вуліцах Менску? Яны маглі езьдзіць дзе заўгодна і без усялякіх правілаў?

— Не. Напрыклад, у парках увогуле было забаронена езьдзіць. А вось па дарогах — можна. Аднак з пэўнымі абмежаваньнямі, бо гужавы (конны) транспарт заставаўся ў прыярытэце. І ўсё ж больш дарэчным месцам у канцы ХІХ стагодзьдзя для язды на ровары былі спэцыяльныя велатрэкі. Магчыма, гэта было зьвязана і зь яшчэ недасканалай канструкцыяй ровара дый саміх дарог, якія не давалі магчымасьці для камфортнай язды.

Дык вось, у Менску велатрэк быў збудаваны ў Губэрнатарскім садзе (цяпер — парк імя Горкага, на месцы сёньняшняй спартовай пляцоўкі «Юнацтва») у 1897 годзе. Лічыцца, што з ініцыятывы нястомнага графа Караля Чапскага. Яшчэ адзін велатрэк быў у лошыцкім маёнтку графа Яўстафія Любанскага, актыўнага раварыста і патрона менскіх раварыстаў — ён ачольваў грамадзкую арганізацыю аматараў ровара.

Велатрэк у менскім Губэрнатарскім садзе
Велатрэк у менскім Губэрнатарскім садзе

— За грошы ці дарма людзі маглі карыстацца роварнымі сьцежкамі? А мо і пракат ровараў быў?

— Калі казаць пра велатрэкі, дык яны былі платныя. Пры велатрэку ў Губэрнатарскім садзе быў і пракат ровараў. Кошт пракату на 1 гадзіну складаў 25 капеек. Гэта прыкладна дзённы заробак за некваліфікаваную працу на той час.

— Існавала мода на катаньне на роварах? Была папулярнай гэтая забава?

— Так, напачатку гэта была менавіта модная рэч. Прычым яна ня надта лёгка прыжывалася ў грамадзтве. Гэтых фацэтаў не любілі. У газэце таго часу можна было сустрэць рубрыку «Ох уж эти самокатчики» або «Велосипедисты одолели». Была і такая прымаўка: «У бацькі было два сыны: адзін — разумны, другі — раварыст». І ў той жа час роварамі карысталіся ўсё больш.

— Сёньня, калі ровар стаў вельмі папулярны, здараюцца непаразуменьні паміж пешаходамі, аўтамабілістамі і раварыстамі. Здаецца, і правілы руху для раварыстаў дрэнна распрацаваныя. А агульных правілаў дарожнага руху людзі, якія садзяцца на ровар, могуць і ня ведаць. А ў тым жа ХІХ стагодзьдзі — як рэгуляваўся рух раварыстаў?

— Ужо ў 1897 годзе была выдадзена губэрнатарская пастанова «Аб язьдзе на роварах па горадзе Менску». Паводле гэтай пастановы нельга было езьдзіць без нумарнога знака, забаранялася езьдзіць па парках і ходніках, трымацца трэба было правага боку. Забаранялася езьдзіць і падчас пахавальных працэсіяў, хросных ходаў. З гэтага можна зразумець, што ровар успрымалі яшчэ як модную забаву, якой не было месца ў сурʼёзны момант. Апроч таго, гэтая пастанова рэглямэнтавала рух раварыстаў паблізу ад конных вазоў, гужавога транспарту: нельга было даваць гучныя сыгналы клаксонам, нельга было абганяць, нельга было ніяк трывожыць коней. Адным словам, раварыстаў у тым годзе, з аднаго боку, афіцыйна прызналі, а з другога — паказалі, дзе іхнае месца. І гэтае месца тады было яшчэ даволі «завужанае» і ня надта пачэснае.

Адносна нашага часу магу сказаць, што самі правілы руху на ровары — маглі б працаваць, якія б недасканалыя яны ні былі. Але ж іх ніхто ня ведае! А вось тая губэрнатарская пастанова 1897 году абавязвала раварыстаў мець пры сабе копію пастановы. Цяпер жа гэта ўсё даволі бескантрольна, і праз гэта маем шмат праблемаў.

Працяг размовы Вячаслава Ракіцкага з Раманам Абрамчуком чытайце і слухайце 2 лістапада 2016 году.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG