Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Рубцоў носіць майку нігерца і лекуецца ў шпіталі


Рубцоў: Са мною адбылося тое, што магло адбыцца зь любым
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:36 0:00
Наўпроставы лінк

Рубцоў: Са мною адбылося тое, што магло адбыцца зь любым

Пасьля падвойнага арышту ў Менску і Гомелі і 30 сутак галадоўкі гомельскі грамадзкі актывіст Юры Рубцоў, які перасьледуецца ўладамі за майку з надпісам «Лукашэнка, сыходзь», апынуўся ў гарадзкім герыятрычным шпіталі ў рабочым пасёлку Касьцюкоўка.

У палаце на шэсьць чалавек Юры Рубцоў ляжыць пры акне — зь лекамі і раманам Генрыха Сянкевіча «Крыжакі». Спрабуе чытаць, але кажа, што ўсё яшчэ кружыцца галава, баліць страўнік.

На досьвітку 22 траўня, вярнуўшыся ў Гомель цягніком зь Менску, дзе пасьля Чарнобыльскага шляху адбываў 25-суткавы арышт і трымаў галадоўку, Юры дадому так і ня трапіў:

«Са мною адбылося тое, што магло адбыцца зь любым грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, які не спадабаўся таму ці іншаму міліцэйскаму начальніку. Трапіўшы ў міліцыю, ён зьнікае — ні родным не паведамляюць, ні адвакату. Ёсьць парушэньне правоў чалавека ў поўным сэнсе гэтага слова. Ніводзін грамадзянін Беларусі ад гэтага не застрахаваны!»
Я ішоў пешшу, і мяне схапілі двое амапаўцаў. Яны гналіся за мною. Пачуўшы тупат, я спыніўся. Пытаюцца: «Вы Юры?» — «Я Юры». «Дзе вашы наркотыкі, дзе вашы наркотыкі?»
52-гадовы актывіст выглядае схуднелым. Яму ўжо ставілі кропельніцу, рабілі ўколы, прапісалі пігулкі. Разам выходзім на шпітальны падворак. Рубцоў рухаецца павольна, нешырокімі крокамі, заклаўшы па арыштанцкай звычцы рукі за сьпіну.

Чаму ж, адбыўшы суткі ў Менску і вярнуўшыся ў Гомель, Юры так і не даехаў дадому?

Рубцоў: «Што ў Гомелі адбылося. Наколькі я зразумеў, за мной ехалі ў Гомель два чалавекі ў цывільным. Яны суправаджалі і наводзілі амапаўцаў туды, куды я ішоў. Чацьвёртая гадзіна раніцы, транспарт грамадзкі ня ходзіць, а мне пешшу — сорак хвілінаў ходу. Мне лепей было празь пешаходны мост, па вуліцы Цыялкоўскага, Гомельскай — і ў 5 мікрараён. Я ішоў пешшу, і мяне схапілі двое амапаўцаў. Яны гналіся за мною. Пачуўшы тупат, я спыніўся. Пытаюцца: «Вы Юры?» — «Я Юры». «Дзе вашы наркотыкі, дзе вашы наркотыкі?» — пры гэтым абмацвалі валізу і зноў дапытваліся. Відаць, ім хацелася, каб я хоць раз мацюкнуўся. А калі не дачакаліся, прапаршчык кінуў: «Саджай яго ў машыну!»

Хоць затрымалі амапаўцы Юрыя ў Савецкім раёне на вуліцы Цыялкоўскага, блізу 28 школы, але напісалі, што на вуліцы Кісялёва. І прывезьлі ў Чыгуначны райаддзел міліцыі.

Супраць актывіста склалі пратакол за лаянку і непадпарадкаваньне і адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня:

«Уявіце сабе, у міліцыі да лейтэнанта, які складае пратакол, зьвяртаесься: „Мне патрэбны адвакат!“, а ён: „Ага, значыць, адмовіўся ад дачы тлумачэньняў“. Кажаш: „Патэлефануйце жонцы!“ Адказвае: „Патэлефаную“, а потым: „Я забыўся — і што тут такога?“ Нават хаваецца месца здарэньня. Практычна любы грамадзянін Беларусі, трапіўшы ў аддзел міліцыі, становіцца цалкам бяспраўным — у яго няма ніякіх правоў. Практычна любога чалавека ў міліцыі могуць зьнішчыць, менавіта ў аддзеле міліцыі, а ня дзе яшчэ. І гэта страшна».
Больш тут вінаватыя ўсё-ткі судзьдзі: у іх вышэйшая юрыдычная адукацыя, яны, як амапаўцы, цэглу на галаве ня б’юць, мазгі сабе не адбіваюць
А 15 гадзіне суд Чыгуначнага раёну на падставе міліцэйскага пратаколу пакараў Юрыя Рубцова за лаянку і непадпарадкаваньне 5 суткамі адміністрацыйнага арышту:

«Больш тут вінаватыя ўсё-ткі судзьдзі: у іх вышэйшая юрыдычная адукацыя, яны, як амапаўцы, цэглу на галаве ня б’юць, мазгі сабе не адбіваюць. Яны ж павінны разумець, што тыя паперы, якія ім даюць і ў якіх няма подпісаў абвінавачанага, дзе ёсьць яўныя хібы, калі не выклікаўся адвакат, не паведамлялася родным, парушаны асноўныя правы чалавека... і судзьдзі гэтаму спрыяюць. І такое ва ўсіх аддзелах міліцыі дзеецца. Выбачайце, панове: сёньня вы судзіце нас, а заўтра будзеце судзіць саміх сябе».

У Гомельскім ізалятары Рубцоў таксама галадаў — толькі піў ваду. Ратавала крыху тое, што сядзеў у адзіночнай камэры і што на вуліцы вясна. Мог адчыніць фортку, праветрыць. Камэра — савецкага кшталту. Юры апавядае, што ўнітаз у камэры не аддзелены ад жылой зоны, не прыстасаваны, каб змыць нечыстоты.

Галадаў актывіст зь дзьвюх прычынаў — на знак пратэсту супраць незаконных арыштаў і з-за нялюдзкага харчаваньня, асабліва ў Менскім цэнтры ізаляцыі парушальнікаў. І тое было няпростым рашэньнем:

«Для мяне галадаваньне — гэта няпростае рашэньне. Чаму? Калі жонка не прыгатуе раніцай паесьці, то я магу й на працу не пайсьці. А тут я вырашыў галадаць і нават сам не чакаў, што вытрымаю. Але, як бачыце, вытрымаў усе гэтыя дні. І яшчэ трэба разумець адну рэч: я паглядзеў на тую ежу ў Менскім цэнтры ізаляцыі — гэта жахліва. Распавяду — практычна анэкдот атрымаўся. Недзе 8 ці 9 траўня, калі я ляжаў на ложку, адзін з хлапцоў, які абедаў, кажа: „Во, сёньня бульбяны суп!“ — „Чаму так вырашыў?“ — „Ды два кавалачкі бульбіны трапіліся“. Другі яму пярэчыць: „Не, расольнік — мне папалася бульбіна і кавалачак гурка“. Таму лепш было галадаць, чым есьці тую страшэнную ежу».

Рубцоў паведаміў, што, хаця ўмовы ўтрыманьня арыштаваных у Гомелі горшыя за сталічныя, але ставіліся тут да яго лепей. У Менску крывяны ціск лекарка памерала актывісту на дзясяты дзень галадоўкі, заявіўшы, што нікому ён галадоўкаю горш ня зробіць, а толькі сабе. У гомельскім жа ізалятары кантралёры часьцяком пыталіся пра самаадчуваньне і нават выклікалі аднойчы карэту хуткай дапамогі.

27 траўня ўранку, пасьля пяці сутак арышту, зьнясіленага Рубцова адвезьлі не дадому, не ў лякарню, а зноў у Чыгуначны райаддзел міліцыі:
Улада зразумела ўсю небясьпеку гэтай майкі, то бок за гэта няма чалавека за што вінаваціць. Мне няма чаго паставіць у віну, бо гэта не забаронена нічым. Ніводзін закон не забараняе насіць такую майку
«Сын калі знайшоў мяне ўранку прыкладна а 7 гадзіне ў Чыгуначным райаддзеле, то запатрабаваў у капітана, каб неадкладна выклікалі хуткую дапамогу. Бо ўбачыў, што я ў пагрозьлівым стане. Атрымлівалася, што ёсьць сьведка — і яны пабаяліся ня выклікаць. Міліцыя сама выклікала хуткую дапамогу, і з аддзелу міліцыі мяне прывезьлі ў гэты шпіталь».

Актывіст лічыць, што яго, вядома ж, перасьледавалі за майку з надпісам «Лукашэнка, сыходзь» у зьвязку з чэмпіянатам сьвету па хакеі — такая хадзячая рэкляма кіраўніку дзяржавы не патрэбная. Але ня толькі:

«Улада зразумела ўсю небясьпеку гэтай майкі, то бок за гэта няма чалавека за што вінаваціць. Мне няма чаго паставіць у віну, бо гэта не забаронена нічым. Ніводзін закон не забараняе насіць такую майку. І ўсе разумеюць: нават калі прыняць закон і нейкія надпісы забараніць, то ўсё адно ўсяго не прадугледзіш. А забараніць наагул майкі з надпісамі будзе выглядаць ідыятызмам. Улада зразумела, што яны небясьпечныя. Таму мне і далі ўжо ня трое сутак арышту, як у мінулым лістападзе, а цэлых дваццаць пяць. Так, я сказаў пакуль адзін: „Лукашэнка, сыходзь“. Але калі такіх маек будзе мільён, два, я думаю, Лукашэнка будзе нядоўга трымацца пры ўладзе».

Дарэчы, майку з надпісам Юрыю Рубцову ў Менску аддалі, але потым, калі міліцыянты вадзілі актывіста ў мэдпункт па дапамогу, майка нейкім чынам зьнікла з валізы, якая заставалася ў іншым пакоі.

Цяпер Рубцоў носіць майку ад спагадлівага нігерца — белую ў дробныя ці то восы, ці то мушкі з залатым брушкам. Спагадлівым нігерцам у Менскім цэнтры ізаляцыі аказаўся, па словах Рубцова, футбаліст магілёўскага «Дняпра», які абураўся нявыплатай заробку камандзе, ці, можа, нейкімі яшчэ грахамі. У ізалятар жа з суду Юрыя прывялі па пояс голым, бо майку з надпісам «Лукашэнка, сыходзь» міліцыянты садралі з актывіста адразу пасьля затрыманьня. Вось нігерац і падарыў Рубцову сваю:

«Майка для мяне вельмі дарагая. Пасьля суду ў Менску, калі мяне прывялі ў камэру, усе былі ў шоку: на мне былі толькі штаны, я прыйшоў без футболкі, бяз майкі. Я таксама зьдзівіўся, убачыўшы чалавека зь цёмнай скураю. А ён, нядоўга думаючы, дастаў вось гэтую майку, каб я мог надзець. Я вельмі яму ўдзячны — гэта быў футбаліст магілёўскага футбольнага клюбу «Днепр». Ён праседзеў у гэтай камэры два месяцы без суду. І вельмі сорамна было і цяжка, калі на пытаньне сукамэрнікаў: «Ці прыедзеш ты яшчэ ў Беларусь?» ён станавіўся на лаўку і прамаўляў: «Людзі Афрыкі, nо Belarus! Nо Belarus!»
Нігерыйскі футбаліст на Акрэсьціна: «Людзі Афрыкі, nо Belarus! Nо Belarus!»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:14 0:00
Наўпроставы лінк


Юры Рубцоў дадае: шкада, што гэтага ня бачыў эўрапарлямэнтар ад Літвы Юстас Палецкіс, які цьвердзіць, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі паляпшаецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG